Чацвер, 25.04.2024, 16:23

ВУПРАЖ

Галоўная »
ВУПРАЖ — збруя для коннай або валовай запрэжкі. Паводле прызначэння падзяляецца на транспартную (для перавозкі пасажыраў і грузаў), сярод якой вылучаецца выязная, і рабочую (для работ з земляробчымі прыладамі — сахой, бараной, плугам і інш.). Да вупражы не адносіцца амуніцыя для верхавой язды.

вупраж
Вупраж

Паводле канструкцыйных асаблівасцей вылучаюць тры тыпы (сістэмы) вупражы: хамутовую, шлейную і ярэмную. Хамутовая была пашырана на ўсёй Беларусі, але найбольш у паўночна-ўсходняй яе частцы, на тэрыторыі Паазер'я (Падзвіння) і Падняпроўя, дзе здаўна асноўнай цяглавай сілай быў конь. Асноўная частка гэтай вупражы — хамут у комплексе з іншымі элементамі. Пры запраганні ў аглоблі выкарыстоўваюцца дуга, падсядзёлак, папруга, церассядзёлак, набадры; пры запраганні ў пастронкі ў пасажырскіх, часцей мнагаконных экіпажах замест хамута персі і карак коней аблягае спецыяльна сшытая шляя ў выглядзе шырокага рэменя. Ва ўсіх тыпах вупражы неабходны аброць і лейцы. Кожны з састаўных элементаў вупражы мог адрознівацца вонкавай формай, матэрыялам (скура, пянька, валокны ліпавай кары і інш.), канструкцыйным спалучэннем асобных дэталяў і спосабамі ўпрыгожвання.

Упрыгожвалі пераважна выязную вупраж, якая заўсёды мела адзнакі саслоўнай прыналежнасці і індывідуальнага мастацкага густу. Беларускія майстры-рымары валодалі рознымі спосабамі і навыкамі апрацоўкі элементаў вупражы з улікам іх узаемнага дапасавання і гармоніі, анатоміі і нораву жывёліны. Сродкі эстэтычнага выяўлення — колер, узорыстае шытво, шво, цісненне, дадатковыя дэкаратыўныя дэталі. Дугу маляўніча расфарбоўвалі, шляю аздаблялі ціснёным арнаментальным узорам, аброць, набадры — бліскучымі металічнымі накладкамі, некаторыя ўчасткі — махрамі і кутасамі. Часам мастацкі акцэнт пераносіўся на наспінную шляю з шырокай дэкарыраванай палоскі скуры з бліскаўкамі або аплікацыяй. У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі або чаплялі бразготкі ці званочкі пад размаляванай дугой, аздобленай кветкамі і каляровымі стужкамі. Выязная вупраж выконвала важную ролю ў беларускіх абрадах вяселля, масленіцы, у кірмашовых святах, гасцінах і інш.

У сялянскіх гаспадарках Паўднёва-Заходняй Беларусі, дзе асноўнай рабочай жывёлай былі валы, амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышальнай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або пастронкавай запрэжцы. Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядома з часоў неаліту. Узоры яе сустракаюцца на антычных гравюрах і мініяцюрах. Вынаходства шляі (прататып хамута) адкрыла новы этап у развіцці гужавога транспарту, дало пачатак шырокаму выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы на ўзор сучасных праніклі ў Еўропу з усходу праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі, паводле археалагічных крыніц, вядомы з 11 ст., а дуга, падсядзёлак, папруга, набадры, лейцы — з больш позняй пары. На сярэдневяковых мініяцюрах конныя экіпажы паказаны найчасцей у пастронкавай запрэжцы з фурманам, які сядзіць верхам на кані.

Вытворчасць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчым рамёствамі. Эвалюцыя вупражы адлюстроўвала ўзровень грамадскай вытворчасці, гістарычныя ўзаемасувязі і пераемнасць этнакультурных традыцый. Вынаходства машын паклала пачатак новым сучасным відам транспартных сродкаў. У наш час традыцыйная вупраж ужываецца пераважна ў асабістых гаспадарках.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.