АНТОПАЛЬСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АНДРЭЯ БАБОЛІ размяшчаецца ў цэнтры гарадскога пасёлка
Антопаль Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Пабудаваны ў 1938 г. з цэглы. Пасля
Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўваецца пажарнай аховай.
Помнік архітэктуры канструктывізму. Прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам з вальмай над
алтарнай часткай і прагібам над
карнізам, што надае яму пластычную форму. Галоўны фасад вырашаны высокай двухяруснай чатырохграннай званіцай з вузкімі высокімі праёмамі яруса-звона. Над шырокім парталам навісае
балкон хораў, фланкіраваны па баках арачнымі нішамі. Бакавыя фасады плоскасныя з асіметрычна размешчанымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі першага і другога паверхаў (першапачаткова былі аб'яднаны ў адзіны высокі і вузкі праём). Архітэктура будынка заснавана на спалучэнні чыстых геаметрычных форм, пазбаўленых традыцыйнага пластычнага дэкору.