ГОЖАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛАГалоўная »
ГОЖАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА размяшчаецца ў цэнтры вёскіі Гожа Гродзенскага раёна. Пабудаваны ў 1862—65 гг. з бутавага каменю. Асвячоны ў 1927 г. архібіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. У Вялікую Айчынную вайну спалены. Адрэстаўрыраваны. Абкружаны нізкай мураванай агароджай з брамай.
Галоўны фасад вырашаны цэнтральным двухсхільным шчыпцом і шатрамі бакавых (васьмярык на чацверыку) вежаў. Іх гатычныя спічастыя завяршэнні надаюць яму дынамічны сілуэт, вертыкальную кампазіцыйную скіраванасць. Вось сіметрыі фасада выразна падкрэслена высокім і вузкім стральчатым перспектыўным парталам, які аб'ядноўвае сваёй прафіляванай і пабеленай аркай прамавугольны ўваходны праём і акно хораў. Над парталам размешчана ляпная і пабеленая выява «Усёбачнае Вока». Стральчатыя нішы са спічастым абрамленнем і аркатурны фрыз выклікаюць асацыяцыі са старажытнай саборнай готыкай. Спалучэннем адкрытай ружовай бутавай муроўкі і белых атынкаваных элементаў дэкору дасягнута каларыстычная выразнасць.
Шэсць квадратных у сячэнні слупоў дзеляць залу храма на тры нефы, цэнтральны з якіх павялічаны і падоўжаны ў вылучаную бакавымі сакрысціямі апсіду. Сцены крапаваны пілястрамі.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|