Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Пятніца, 20.09.2024, 00:57 | ||||||||||||||||||||||||||||||||
МЛЫН ВАДЗЯНЫГалоўная »МЛЫН ВАДЗЯНЫ — збудаванне на беразе ракі ці праточнага возера для памолу зерня. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Будаваліся пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах. Асабліва пашырыліся ў 16 — 18 ст. Уладальнікамі іх былі таксама купцы і дзяржава На Беларусі вадзяныя млыны шырока бытавалі да пачатку 20 ст. У асноўным будавалі колавыя, турбінныя і наплаўныя млыны. Вадзяны млын у гарадскім пасёлку Рось Найбольш пашыраны быў колавы. Асноўная яго частка — вялікае (да 4 м у дыяметры) вертыкальна пастаўленае кола (радзей два), насаджанае на гарызантальную вось. Прыводзілася яно ў рух сілай вады, якая падала зверху на лапаткі кола і круціла яго. Радзей сустракаліся вадзяныя колы ніжняга бою, у якіх вада па нахіленым жолабе біла ў лапаткі кола знізу. Напор вады рэгуляваўся падыманнем і апусканнем засланкі. Пазней на гарызантальны вал сталі насаджваць яшчэ шківы. Апошнія з дапамогай пасаў прыводзілі ў рух шатроўку з вальцамі. Мука трапляла ў т.зв. бурат, дзе прасявалася праз палатняныя сіты. Вадзяны млын у горадзе Паставы У канцы 19 — пачатку 20 ст. замест кола на вадзяным млыне сталі выкарыстоўваць турбіны дыяметрам ад 1 да 4 м. Турбіна значна павышала энергетычную магутнасць млына і пры «добрай» вадзе круціла 3 — 4 каменныя паставы, 1 — 2 шківы з вальцамі і крупадзёрку. Млыны на 1 — 2 паставы былі невялікія, драўляныя. Млыны ў некалькі паставаў часцей былі 2-павярховыя, цагляныя. Над кожным з паставаў мацаваўся кош для зерня. Зерне з каша па жолабе паступала ў адтуліну верхняга каменя. Мука з ніжняга каменя ссыпалася ў вялікую скрыню — спод. Мяшкі з зернем падавалі на 2-і паверх лябёдкай. У невялікіх млынах іх насілі па лесвіцах-драбінках. На поўдні Беларусі (на рэках Гарыні, Стыры, Прыпяці і інш.) будавалі і наплаўныя (плывучыя) млыны, колы якіх прыводзіліся ў рух цячэннем вады. Іх будавалі на паўнаводных рэках з моцным і хуткім цячэннем. Асновай для такога млына служылі паром ці баржа. Упоперак парома клалі гарызантальную доўгую вось, на канцы якой мацавалі лопасці ў выглядзе 6 — 8-вугольнай зоркі. На другім канцы восі мацавалася кола, якое круціла гарызантальную шасцярню з вертыкальнай воссю, на якую быў насаджаны верхні камень пастава. Вадзяны млын у Оршы У канцы 19 — пачатку 20 ст. жорнавыя млыны перабудоўваліся на вальцовыя. Павялічвалася і колькасць крупадзёрак. У даваенны час малолі ў асноўным у млынах з электрычным рухавіком і вадзяных млынах. Пасля вайны млыны вадзяныя паступова замяняліся млынамі-вальцоўкамі з электрычным рухавіком, хаця доўгі час калгасы і саўгасы карысталіся (для кармакухань) вадзянымі млынамі, радзей ветракамі. У наш час яны дзе-нідзе захаваліся як помнікі народнай архітэктуры. Аўтар: Л.I. Мінько Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с. |
|