Нядзеля, 05.05.2024, 03:31

МУЗЕЙ ПРЫРОДЫ «БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА»

Галоўная »
МУЗЕЙ ПРЫРОДЫ «БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА» заснаваны ў 1919 г. у в.Камянюкі (Камянецкага раёна) па ініцыятыве мясцовых лесаводаў як Музей прыроды. Да 1930 г. ён разгарнуў актыўную дзейнасць, у 1936 г. атрымаў асобны будынак. Першымі кіраўнікамі музея былі Ю.Пачоскі, Я.Карпінскі. Звестак пра фонды і наведвальнікаў музея ў перыяд 1919-39 гг. не захавалася. Новы этап у яго развіцці пачаўся пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, калі 25.12.1939 г. быў заснаваны Беларускі дзяржаўны запаведнік Белавежская пушча. Музей прыроды быў пераўтвораны ў музей Белавежскай пушчы. У 1940 г. ён з’яўляўся адной з буйнейшых навукова-даследчых і культурна-асветных устаноў у рэспубліцы, меў багатыя калекцыі флоры (3775 відаў раслін) і фауны пушчы. У час Вялікай Айчыннай вайны амаль усе каштоўнасці музея і заказніка былі разрабаваны ці знішчаны, акупанты спалілі будынак музея. Пасля вызвалення тэрыторыі Белавежскай пушчы былі прыняты меры па захаванні ўцалелых экспанатаў. Савет Народных Камісараў (СНК) БССР 09.10.1944 г. прыняў пастанову, паводле якой аднаўлялася дзейнасць запаведніка на ўсёй тэрыторыі Белавежскай пушчы, размешчанай у межах БССР, на плошчы 73,5 тыс. км². СНК БССР таксама абавязваў упраўленне запаведніка прадугледзець у перспектыўным плане 1945-46 гг. узвядзенне тут будынкаў для лабараторый і заалагічнага музея. У лютым 1945 г. узнавіла работу таксідэрмічная майстэрня. Пачаўся збор экспанатаў для музея. з 1948 г. аднавілася работа па фатаграфаванні звяроў, птушак, асобных лясных аб’ектаў. У 1949 г. пачалося будаўніцтва заалагічнага музея, 01.05.1952 г. прыняў першых наведвальнікаў. У 1960 г. музей атрымаў новы будынак, адначасова распрацоўвалася новая канцэпцыя музея і яго экспазіцыі. Адкрыўся Музей прыроды «Белавежская пушча» 13.08.1963 г.

МУЗЕЙ ПРЫРОДЫ «БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА»

Фонды музея (2008) налічваюць звыш 1 тыс. адзінак захоўвання. Экспазіцыя агульнай плошчаю 750 м² размешчана ў 7 залах. Пры ўваходзе турыстаў «сустракае» зубр — сімвал Белавежскай пушчы, самая буйная жывёліна Еўропы. У 1-й зале прадстаўлены зубр Пугінал, пры жыцці меў рэкордную вагу — 1200 кг, пражыў у вальерах каля 20 гадоў у пасляваенны перыяд. Побач знаходзіцца гістарычная экспазіцыя. У ёй дэманструюцца: перададзены з музея «Эрмітаж» макет помніка «Зубр» (выкананы з бронзы і пакрыты пазалотай), вырабленага ў памяць пра царскае паляванне ў пушчы ў 1860 г.; макет Паляўнічага палана, пабудаванага ў пас.Белавежа ў 1894 г.; выстаўка фотаздымкаў «Царскае паляванне ў Белавежскай пушчы», якая распавядае пра візіт у пушчу апошняга расійскага цара Мікалая II. У наступнай зале экспануюцца 2 дыярамы з выявамі групы аленяў і зуброў. У 3-й зале прадстаўлены кабан, лось, касуля, тарпанападобны конь, а таксама драпежнікі — куніца, лісіца, барсук, янотападобны сабака, ласка, гарнастай, норка, тхор, воўк, рысь. На 1-м паверсе размешчана і выстаўка рагоў, дэманструюцца макеты вышак, кармушак і пастак. На 2-м знаходзяцца 4 залы, прысвечаныя птушкам, вадаплаўным птушкам і рыбам, грызунам і насякомым, што водзяцца ў пушчы, грыбам і глебавым маналітам, а таксама паўводным жывёлам, сярод якіх андатра, выдра, бабёр. На абодвух паверхах размешчаны гербарыі рэдкіх лекавых і ядавітых раслін. Экспануюцца таксама калекцыі кніг пра Белавежскую пушчу і паштовых марак прыроднай тэматыкі.

Музей мае вальеры з дзікімі жывёламі (плошча 20 га). Першыя былі пабудаваны ў 1960 г., сучасныя — у 1979 г. У іх утрымліваюцца зубры, алені, касулі, ласі, кабаны, тарпанападобныя коні, бурыя мядзведзі.

Музей выконвае функцыі інфармацыйнага цэнтра, праводзіць аглядныя экскурсіі па Белавежскай пушчы, да вальераў з дзікімі жывёламі, арганізуе паездкі ў маёнтак беларускага Дзеда Мароза (знаходзіцца ў пушчы за 13 км ад музея).

Аўтар: Л.Ф. Грачанік
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа,
М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.

Адрас: 225063, Камянецкі раён, в.Камянюкі
Тэлефон: +375-1631-56-398
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1394]
Здарэнні [466]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.