Серада, 24.04.2024, 06:44

НАРОДНАЯ МАРАЛЬ

Галоўная »
НАРОДНАЯ МАРАЛЬ — форма грамадскай свядомасці і адносін, своеасаблівы неафіцыйны рэгулятар паводзін людзей ва ўсіх сферах грамадскага і асабістага жыцця; адна з асноўных форм культуры народа.

Узнікла ў глыбокай старажытнасці. Вытокі — спосаб вытворчасці і прынцыпы размеркавання, жыццё і працоўны вопыт народа ў розных сацыяльна-эканамічных фармацыях на пэўных ступенях развіцця чалавечага грамадства. У першапачатковым выглядзе праяўлялася ў звычаях, традыцыях і абрадах. 3 удасканаленнем сродкаў вытворчасці, узнікненнем прыватнай уласнасці і класаў, заменай кроўна-роднасных сувязей і адносін прыватнаўласніцкімі, фарміраваннем нацый народная мараль вылучаецца як адносна самастойны погляд на жыццё, супрацьлеглы афіцыйнай маралі пануючых класаў. Прынцыпы, нормы і ацэнкі народнай маралі ўвасоблены ў фальклоры: байках, чарадзейных і бытавых казках, казках пра жывёл, прыказках, прымаўках, песнях, легендах і інш. Усё маральна-ацэначнае разуменне жыцця, увасобленае ў фальклоры, людзі праносілі праз вякі, вусна перадавалі ад пакалення да пакалення, напаўнялі новым зместам у залежнасці ад змен гістарычных працэсаў. У фальклоры — як бы няпісаны маральны кодэкс народа, яго педагогіка, крытэрый паводзін і вызначэння мэты ў складаных умовах жыцця людзей класава-антаганістычнага грамадства.

Ha народную мараль уплывалі не толькі эканамічныя ўмовы жыцця, але і афіцыйная мараль пануючых класаў, іх палітыка. ідэалогія і мастацтва, рэлігія. Нягледзячы на тое, што вядзенне гаспадаркі на прыватнаўласніцкай аснове аб'ектыўна параджала індывідуалізм, a царква стварала міфы і легенды рэлігійнага зместу, імкнулася ўвесці людзей ад рэальнага жыцця, народная мараль захоўвала ў сабе стыхійна-матэрыялістычны погляд на з'явы рэчаіснасці, давала ацэнку несправядлівасці, эксплуатацыі і няроўнасці. Дарадчыкам працоўнаму чалавеку служыў не бог, а яго прыродная кемлівасць, знаходлівасць, практыка жыцця. Народная мараль услаўляе працавітасць, гаспадарлівасць, беражлівасць, калектывізм, узаемадапамогу, бескарыслівасць, добразычлівасць, памяркоўнасць, сціпласць, добрасумленнасць; ганьбіць гультайства, п'янства, зладзейства, несправядлівай лічыць працу на пана, ставіць пад сумненне наяўнасць бога. Праца паводле народнай маралі — галоўны крытэрый маральнай ацэнкі, неабходная ўмова жыцця, тварэц дабраты, выхавання ў чалавека чалавечнасці.

Разлажэнне феадальна-прыгонніцкай сістэмы і развіццё капіталістычных адносін, усведамленне беларусамі сваёй нацыянальнай годнасці ўзмацнялі ў народнай маралі ідэі свабоды, роўнасці і вялікага прызначэння чалавека працы, пратэст супраць прыгнятальнікаў. Народная мараль беларусаў не была адасобленай, яна папаўнялася маральнымі каштоўнасцямі іншых суседніх народаў, але мела свой нацыянальны змест.

Значнае месца ў народнай маралі займае сямейна-бытавая мараль. Да стварэння сям'і народ адносіўся з выключнай адказнасцю. Паводле звычаю яшчэ да вяселля жаніха і нявесту абмяркоўвала радня, знаёмыя, высвятлялі іх маральныя якасці, здароўе, рысы характару, здольнасці да працы, уменне весці гаспадарку. Згубленую дзяўчынай да шлюбу нявіннасць і нявернасць у шлюбе народная мараль асуджала, нават, калі дзяўчыну выдавалі замуж прымусова за нялюбага (багатага ці старога). Паводле народнай маралі сям'ю неабходна ствараць на аснове кахання і ўзаемнай вернасці. Народная мараль пе-расцерагала дзяўчат выходзіць замуж за намнога старэйшых або маладзейшых па ўзросту. Адносна аднолькавае матэрыяльнае становішча, роўнасць узростаў маладых пры шлюбе, іх працавітасць і ўзаемнае каханне, фізічнае здароўе, добрыя і спагадлівыя дзеці — маральны ідэал сям'і беларуса. Выхаваць дзяцей — значыць даць ім магчымасць пазнаць жыццё праз працу без апекі. Непавага да старэйшага, тым больш да бацькоў — маральны грэх.

Для народнай маралі характэрна вялікая любоў да Радзімы. Радзіма спачатку атаясамлівалася з месцам, дзе чалавек нарадзіўся, пазней пад уплывам сацыяльна-эканамічных змен гэта паняцце пашыраецца да межаў нацыі і ўсёй краіны. Разуменне народам Радзімы ў народнай маралі двухпланавае. Першае — гэта блізкія сэрцу хаты, родныя нівы, зялёныя дываны лугоў, шумлівыя лясы і рэкі, працавітыя добрыя людзі з іх спагадлівасцю і самаадданасцю ў барацьбе з агульным горам; але гэта і цяжкая праца на пана, здзекі над чалавекам і насілле, голад, галеча і несправядлівасць. Народ любіць не тую Радзіму, дзе пан пануе, а мужык гаруе, а тую, дзе бытуе праўда, знішчана зло, крыўда, дзе вольная праца і шчасце. Патрыёт — гэта магутны ўладар і абаронца сваёй зямлі, які нялёгкай працай упрыгожвае яе, даглядае і любіць. Народная мараль супраць захопніцкіх войнаў, але за гатоўнасць чалавека аддаць жыццё за лёс і шчасце сваёй Радзімы. Здрадніка, чужынца-захопніка народ пазбаўляе чалавечай годнасці, параўноўвае з самымі нізкімі і пачварнымі істотамі.

Народная мараль імкнулася да волі, свабоднай творчай працы, пазбаўленай эксплуатацыі прыгнёту. У ХХ ст. народаўладства стала той сілай, што ўсталёўвае паміж людзьмі і народамі сапраўды чалавечыя, гуманістычныя адносіны. Народная мараль — бескарысны дар мінулых пакаленняў.

Аўтар: Л.В. Шастаковіч
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.