Пятніца, 26.04.2024, 01:57

НАРОДНАЯ МЕТЭАРАЛОГІЯ

Галоўная »
НАРОДНАЯ МЕТЭАРАЛОГІЯ — адна з важных старажытных галін народных ведаў пра магчымае надвор'е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану прыроды для аптымальнага вядзення гаспадаркі, асабліва земляробства. Народныя прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым сялянскім вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Пад увагу браліся ўзаемасувязі атмасферных з’яў, асаблівасці росту раслін, іх рэагаванне на змены метэаралагічных умоў, фізічны стан чалавека, паводзіны звяроў, птушак, рыб і г.д. Адначасова ў прадказаннях надвор'я мелі месца і прымхлівыя ўяўленні чалавека, што вынікалі з фантастычнага тлумачэнняў тых ці іншых прыродных фактараў.

Характэрныя асаблівасці кожнай пары года ці асобных каляндарных дзён замацаваны ў прыкметах, якія сталі прыказкамі: «Пытаецца люты, ці добра абуты», «Грамніцы (2 лютага старога стылю) — паўзіміцы, дзяржы ў запасе рукавіцы», «Марац кусае за палец», «На Аляксея (17 сакавіка) зіма пацее, рыба аб лёд, саначкі аб плот», «Прыйшоў Пятрок (29 чэрвеня) — апаў лісток, прыйшоў Ілья (20 ліпеня) — нарабіў гнілля, прыйшла прачыста (15 жніўня) — усё стала чыста».

Зыходнымі ў прадказанні будучага надвор'я былі канкрэтныя дні года (часцей у якасці апорных дат браліся значныя каляндарныя святы або перыяды). Паводле народных перакананняў, метэаралагічныя прагнозы можна рабіць не толькі на бліжэйшыя дні, але і на цэлыя поры года. Аднак дакладнасць гэтых прагнозаў была даволі невысокая. Адліга на каляды сведчыла, што санны шлях прадоўжыцца да сярэдзіны сакавіка, вясна будзе ранняя, а лета багатае; калі на каляды ішоў снег — вясна чакалася худая; на Новы год снег падаў з самага ранку — уся зіма павінна быць снежная, а лета пагоднае; у першы дзень года ці на пакровы (1 кастрычніка) вецер дзьме з усходу — знак на гарачае і сухое лета, з поўдня — на ўмераную тэмпературу, заходні — на мокрае лета, паўночны — на халоднае з градам. У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор'я між асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі: калі перад калядамі (25 снежня) мароз і завіруха, то перад вялікаднем будзе цёпла і ціха; якое надвор'е на благавешчанне (25 сакавіка), такое і на першы дзень вялікадня; калі на Міхайлаў дзень (8 лістапада) прыцісне мароз, то на Міколу (6 снежня) адпусціць; калі перад восеньскім Юр'ем (26 лістапада) многа снегу, то на веснавога Юр'я (23 красавіка) будзе трава. Нярэдка ў народзе год умоўна падзялялі на 2 роўныя часткі, пры гэтым лічылі, што надвор'е адпаведных дзён кожнай паловы года павінна быць прыблізна аднолькавым, напрыклад, снежны дзень 1 студзеня сведчыў, што 1 ліпеня будзе дажджлівым, непагодным, а ясны марозны пачатак каляд (25 снежня) абяцае цёплае, спакойнае купалле (24 чэрвеня). Стан надвор'я ў пэўныя дні года прадказваў таксама характар будучага ўраджаю і поспехі ў гаспадарчых занятках: снег на веснавога Юр'я падаваў надзею, што летам пабялеюць палі ад грэчкі; калі на восеньскага Юр'я мароз, то і на гары вырасце авёс; дождж на пакровы — прыкмета, што наступны год будзе добры для пчаляроў. Меркавалі пра будучае надвор'е на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на атмасферны ціск, набліжэнне ападкаў і г.д. (спіна баліць — дождж будзе).

Найбольшую колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць народныя павер'і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам. Паводзіны, стан амаль усіх прадстаўнікоў мясцовай фауны разглядаліся як прадказанне пэўных перамен надвор'я: калі ў каровы шэрсць вільготная, будзе дождж; свіння нясе салому з хлява — будзе сцюдзёна; мышы звілі гняздо ў лёне — у наступную зіму будзе вялікі снег і інш. Існавала шмат прыкмет надвор'я, прадказаных свойскімі і дзікімі птушкамі: певень увечары спявае — будзе дождж ці адліга; бусел шукае жаб на балоце — будзе пагода, на полі — будзе дождж; ластаўкі лятаюць высока — на пагоду, кружацца ля зямлі — на дождж. У прадказанні надворя чалавек арыентаваўся таксама на паводзіны рыб, земнаводных, паўзуноў і насякомых: на змярканні рыба плешчацца на паверхні вады — будзе добрае надвор'е, калі выскоквае і ловіць мошак — будзе дождж; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніках — будзе дождж. Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачыліся сялянамі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор'і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года: калі бяроза распусцілася раней за вольху — будзе сухое лета, у адваротным выпадку — непагадзь; калі надта многа баравікоў улетку, то зіма будзе вельмі снежная і г. д.

Прызнанымі арыенцірамі пры вызначэнні змен надвор'я лічыліся ў народзе нябесныя свяцілы. Сонца або месяц былі акружаны туманным колам, летам чакалі буры, а зімой — мяцеліцы; калі сонца заходзіла ў хмары ці бляднела пры заходзе — на дождж. Ад маладзікоў народ заўсёды чакаў атмасферных перамен. Ясны свет зорак прадказваў пагоду. цьмяны іх свет — непагадзь. Уважлівае ўзіранне ў самыя розныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычыннавыніковую ўзаемазалежнасць дазволілі чалавеку выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне метэаралогіі. Чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер. Заходні і паўднёвы вятры паказвалі летам на дождж і навальніцу, а зімою — на адлігу і снег. Першы гром на лёд значыў прыход халоднай вясны, а на зялёнае голле — абяцаў добрае лета. Калі раніцай туман падымаўся ўгару — вечарам чакалі дажджу, калі рассцілаўся па нізе — ясную пагоду. Калі не было з вечара ці ўначы расы, то ўдзень будзе дождж. Калі зімою лучына гарэла весела і вугалі закручваліся ў трубку — на мароз, а калі ўлетку лучына «прыскала» — на дождж. Прадказвалі надвор'е і па адгалоску: калі голас быў гучны, разлятаўся далёка — чакалі пагоду. Калі, наадварот, глухі — то непагадзь.

Многія з народных прыкмет знаходзяць у наш час навуковае абгрунтаванне і тым самым узбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў. Аднак шматлікія прагнозы надвор'я або парады, накіраваныя на яго перамену, абвяргаюцца вопытам, не нясуць практычнай карысці, уяўляюць толькі цікавасць пры вывучэнні народных вераванняў. Патрэба выклікаць тое ці іншае надвор'е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс забабонаў, магічных дзеянняў, пазбаўленых рацыянальнага пачатку. Каб выклікаць вецер, трэба свістаць або дражніць лысага дзеда. Каб пайшоў дождж у засушлівую пару, сыпалі мак у калодзеж, заворвалі плугам высахлае рэчышча. А каб спыніўся мароз, раілі налічыць 10 знаёмых лысых. Многія павер'і нараджаліся ў выніку асацыятыўна-вобразнага мыслення і неслі несапраўдную інфармацыю. Напрыклаж, калі пры вяртанні жывёлы з поля паперадзе ішла рыжая ці белая карова, на наступны дзень прадказвалі яснае надвор'е, а калі чорная ці рабая — наадварот: калі трашчаць свечкі напярэдадні каляд ці вялікадня, лета будзе з частымі перунамі і маланкамі. Існавала шмат іншых забабонаў.

Веданне народнай метэаралогіі, актыўнае выкарыстанне яе рацыянальных прыкмет, выпрацаваных на працягу стагоддзяў, робіць вялікую паслугу чалавеку, выклікае яго пашану да продкаў, ад якіх у спадчыну дайшлі мудрыя веды аб прыродзе, выхоўвае любоў да роднага краю.

Аўтар: У. Л. Васілевіч
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.