Субота, 27.04.2024, 06:59

НЁМАНСКАЕ ШKЛO

Галоўная »
НЁМАНСКАЕ ШKЛO мастацкае – вырабы з шкла (посуд, вазы, скульптура, творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва) шклозавода «Нёман».

Традыцыі закладзеныя ў 2-й палове XIX ст. майстрамі гутаў хутара Устрынь-Боркі (1875), урочышча Маладзіна (цяпер хутар Новая Гута) Навагрудскага раёна і г. Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.

Посуд і прадметы раскошы (мастацкае шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў рухомыя і нерухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкараванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці. У 1880 – 1914 гг. прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрываліся нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканту, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзінаў і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкараваліся гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёлаў, птушак, каляровымі ніцямі).

Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890 – 1920-я гг. ствараліся ў стылі мадэрн, пазней пад уплывам чэшскага шкла і школы «Баўхаўза» – функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, што стылістычна набліжаюцца да размалёвак на беларускіх дыванах пачатку XX ст. У 1940 – сярэдзіне 1950-х гг. пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога(2 – 3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геаметрычным і зрэдку раслінным арнаментам. У канцы 1950-х гг. частку масавага посуду выраблялі па ўзорах мастакоў Маскоўскага камбіната прыкладнога мастацтва.

3 1956 г. на заводзе працуюць прафесійныя мастакі, творы якіх сталі значным укладам у распрацоўку мастацкага шкла. Серыйным і дэкаратыўным вырабам уласцівае скульптурна-вобразнае вырашэнне (бутлі «Гута» У. Мурахвера, дэкаратыўны посуд «Чабан» і «Бухара» Л. Мягковай). 3 1969 г. майстар А. Федаркоў распрацаваў і ўкараніў у масавую вытворчасць новы метад дэкаравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я гг. мастакі К. Вакс, В. Дзівінская, Жохаў распрацавалі новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры шкляных вырабаў спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстаць разнастайныя сродкі пры стварэнні мастацкага вобраза ў шкле (прыборы для віна «Народны» і «Вечаровы» К. Вакс, блюды «Леў» В. Дзівінскай і «Карабель» У. Жохава). У 1980-я гг. створаная брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання.

Сучаснае нёманскае шкло характарызуецца разнастайнасцю мастацкай стылістыкі (спалучэннем выяўленчай і асацыятыўнай вобразнасці ў творчасці розных мастакоў, дызайнерскімі распрацоўкамі эталонаў для механізаванай аўтаматычнай лініі па вырабе выдзіманага посуду, а таксама прасаванага) і разнастайнасцю тэхнікаў формаўтварэння(гута, прэс, рухомае і ціхае выдзіманне, рыфленне, пракатнае маліраванне), шырокім ужываннем розных тэхнікаў дэкаравання – халоднага (алмазная грань, шліфоўка, пескаструменная тэхніка, фотадрук, размалёўка) і гутнага (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя, крыялітавыя, каляровыя, бясколерныя).

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 42 (587), лістапад 2015 г.;
«Краязнаўчая газета» № 43 (588), лістапад 2015 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.