Субота, 27.07.2024, 03:39

ПЛОШЧА

Галоўная »
ПЛОШЧА — архітэктурна арганізаваная незабудаваная прастора, уключаная ў вулічную сетку населенага пункта і абмежаваная будынкамі, скверамі, паркамі або натуральным рэльефам (бераг ракі, яр, гара). Бываюць плошчы галоўныя, тэатральныя, прывакзальныя, мемарыяльныя (ствараюцца ў гонар вялікіх гістарычных падзеяў, выдатных дзяржаўных дзеячаў, вучоных, майстроў мастацтва), плошчы перад паркам, стадыёнам, заводам і іншае.

Галоўная плошча або сістэма галоўных плошчаў з'яўляюцца ядром цэнтра горада, звычайна маюць вялікія памеры, значныя прылеглыя пабудовы (адміністрацыйна-грамадскія будынкі); служаць месцам масавых дэманстрацыяў, мітынгаў, парадаў і іншага. Плошчы, у кампазіцыю якіх уключаюцца творы архітэктуры, манументальнай скульптуры і жывапісу, часам з'яўляюцца выдатнымі архітэктурнымі ансамблямі і вызначаюць аблічча населеных месцаў.

У сучасным горадабудаўніцтве непадалёк парадных, галоўных плошчаў размяшчаюць спецыяльныя пляцоўкі для часовай стаянкі аўтамабіляў. Плошчы рознага прызначэння могуць мець азеляненне па перыметры, у цэнтральнай частцы (партэр) або мяшанае. Партэрная частка плошчаў у парках звычайна спалучаецца з дрэва-куставымі насаджэннямі, кронам якіх надаюць геаметрычную форму, або з курцінамі зялёных масіваў, што абрамляюць плошчу.

Правобразам гарадской плошчы былі парадныя прамавугольныя ў плане двары палацавых і храмавых комплексаў Крыта, Егіпта, Вавілоніі, Асірыі. У Старажытнай Грэцыі прамавугольныя ў плане плошчы — агоры, а ў Старажытным Рыме — форумы. У сярэднявечных гарадах плошча мела нерэгулярны план, у перыяд барока і класіцызму — 4-вугольныя, круглыя, складаных абрысаў, шматвугольныя і іншыя формы, часта сіметрычныя.

На тэрыторыі Беларусі плошчы вядомыя са старажытнасці. У эпоху Кіеўскай Русі, з развіццём гарадскіх паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю, галоўную ролю ў структуры гарадоў адыгрывалі гандлёвыя плошчы. У XV — XVI стагоддзях яны вядомыя і ў мястэчках. У XVIII стагоддзі ў гарадах на галоўных плошчах будавалі адміністрацыйныя, гандлёвыя і культавыя будынкі, стваралася ансамблевая забудова (Варнянскі архітэктурньі ансамбль, Гарадніца, Пастаўскі архітэктурны ансамбль, Полацкая парадная плошча). У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя многія беларускія гарады (Барысаў, Бабруйск, Віцебск, Мінск і іншыя) былі распланаваныя паводле рэгулярнай схемы, кампазіцыйнымі восямі іх служылі галоўныя вуліцы, на перасячэнні якіх ствараліся цэнтральныя плошчы.

У савецкім горадабудаўніцтве плошчы пачалі выконваць ролю грамадскіх цэнтраў, займелі значныя памеры, вылучаюцца ансамблевасцю забудовы. У асноўным яны сфармаваныя пасля Вялікай Айчыннай вайны ў выніку аднаўлення населеных пунктаў Беларусі. На іх узведзеныя адміністрацыйна-грамадскія будынкі, палацы культуры, тэатры, універмагі ды іншае. Пабудаваныя мемарыяльныя плошчы (Перамогі плошча ў Мінску, Перамогі плошча ў Віцебску, плошча Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі), выразныя ансамблі прывакзальных плошчаў (Прывакзальная плошча ў Мінску, прывакзальныя плошчы ў Баранавічах, Віцебску, Гомелі і іншых), перадзаводскія (перад адміністрацыйным будынкам трактарнага завода ў Мінску і іншыя). Важнымі горадабудаўнічымі ансамблямі сталі плошча Якуба Коласа ў Мінску, Савецкая плошча ў Гродне, Тэатральная плошча ў Магілёве, плошча Будаўнікоў у Наваполацку і іншыя.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 26 (763) кастрычнік 2019 года;
«Краязнаўчая газета» № 27 (764) кастрычнік 2019 года
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 44
Гасцей: 44
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.