Чацвер, 25.04.2024, 11:52

МЯСТЭЧКА

Галоўная »
МЯСТЭЧКА (агульнаслав. места — горад), своеасаблівая форма паселішча, прамежкавая паміж горадам і вялікім сялом, вёскай. Сфарміравалася ў 15 — 16 ст. у Вялікім Княстве Літоўскім.

Спачатку мястэчкам называлі невялікі гарадок. Слова мястэчка паходзіць ад агульнаславянскага «места» — так называлі на Беларусі ў 15 — 18 ст. гарады. Узнікненне мястэчка звязана з таргамі, што ў 1-й палове 15 ст. існавалі каля велікакняжацкіх і прыватнаўласніцкіх маёнткаў. Наяўнасць на землях Беларусі грашовай рэнты і паступовы яе рост у даходах казны і феадалаў вымушаў сялян абменьваць частку сваёй прадукцыі на грошы. Паселішчы, што ўзніклі пры таргах, развіліся з цягам часу ў своеасаблівыя міжгарадскія гандлёва-рамесніцкія цэнтры. Местачковыя кірмашы ў агульным таваразвароце ўнутранага рынку краю адыгрывалі значную ролю. У актах на заснаванне новых мястэчак у якасці асноўнай матывіроўкі звычайна выступала імкненне павялічыць даходы казны. Таму феадалам забаранялася засноўваць прыватныя мятэчкі. Нават на гаспадарскіх землях яны маглі засноўвацца толькі з дазволу велікакняжацкай адміністрацыі. Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. і 1566 г. пад пагрозай секвестрацыі, а ў асобных выпадках і канфіскацыі маёнткаў забаранялі ўстанаўліваць, новыя пошліны на таргі, a «Устава на валокі» 1557 г. — засноўваць прыватныя таргі бліжэй чым за тры мілі ад велікакняжацкіх мястэчкаў. Шляхта, зацікаўленая ў стварэнні мястэчак, настойліва дамагалася адмены абмежаванняў і хадайнічала перад вялікім князем аб дазволе засноўваць іх без прывілеяў. Толькі Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. скасаваў існуючыя абмежаванні.

Большасць мястэчак узнікла ў перыяд з 1588 г. да пачатку 17 ст., хаця буйныя магнаты і раней атрымлівалі велікакняжацкія прывілеі або стваралі іх на сваіх землях самастойна (напрыклад, Уладава, каля 1525 г.). Каб заахвоціць жыхароў перасяляцца ў новыя мястэчкі, феадалы вызвалялі навасёлаў на пэўны тэрмін ад усіх падаткаў. Так, у Баркалабаве, заснаваным В.Корсакам у 1567 г. ва ўрочышчы Бурсы, «прыхожыя людзі» вызваляліся на 12 гадоў ад натуральных і грашовых павіннасцей. Так, мястэчка Лагішын, створанае каля 1569 г. на «сырым карню», сярод пушчы, атрымала «вольнасць» на 8 гадоў, а Воля Радзівілаўская (цяпер в.Нача), заснаваная кн.Радзівілам у 1568 г. у пушчы на гасцінцы з Барысава ў Оршу, — на 20 гадоў.

Найбольш старажытную групу складалі мястэчкі, што ўзнікалі адначасова з будаўніцтвам замкаў (Іказнь, 1504 г., Машчаніца, 1546 г.) або пры замках, пабудаваных раней (Дзісна, каля 1566 г., Варонічы, 1563-75 гг., Сураж, 1564-65 гг., і інш.). Шэраг узнікла на царкоўных землях, каля манастыроў (Жыровічы, 1643 г., Пабойск, 1558 г., і інш.). Некаторыя мястэчкі ўзнікалі на месцы былых вёсак (Моталь, 1554 г.) або сярод глухіх лясоў на «сырым карню» (Дзівін, 1566 г, Васількава, 1566 г., Ліпск, 1580 г., Смаляны, 1568 г., Станькава, каля 1588 г., і інш.) пры правядзенні валочнай рэформы.

З пашырэннем гандлю развівалася сетка дарог, для абслугоўвання якіх і забеспячэння абозаў з таварамі (харчаванне, начлег, рамонт вазоў, збруі і г. д.) таксама закладваліся мястэчкі (Мілейчыцы, 1516 г, Барань, 1598 г., Старобін, 1618 г., і інш.). Пры ўтварэнні мястэчка гэтай групы ў прывілеях выразна акрэсліваліся абавязкі жыхароў. У рэвізорскім лісце на заснаванне мястэчка Саколка на месцы аднайменнай вёскі, якая стаяла на шляху Гродна — Кнышын, акрамя арганізацыі гандлю жыхарам загадвалася будаваць заезныя дамы.

Пэўная колькасць мястэчак узнікла ў сувязі з адкрыццём новых промыслаў. Так, у Полацкім ваяводстве каля 1620 г. заснаваны адначасова рудня і мястэчка Слабада. Асобным мястэчкам былі ўласцівы адмысловыя віды эканамічнай дзейнасці. У Вежыцах, напрыклад, былі сканцэнтраваны складскія памяшканні. Тут на пачатку 17 ст. на 55 складах зберагаўся і падрыхтоўваўся тавар для адпраўкі ў Рыгу. У Свержані, Дзераўной, Бешанковічах — цэнтрах рачнога суднабудаўніцтва — будавалі стругі і віціны. Развіццё мястэчак на Беларусі працягвалася з рознай інтэнсіўнасцю да сярэдзіны 17 ст. У 16 — 18 ст. на Беларусі было больш за 300 мястэчак.

Тэрытарыяльнае размяшчэнне мястэчак было нераўнамерным. У 15 і 1-й палове 16 ст. большасць іх прыпадала на заходнія землі Беларусі (Навагрудчына, Брэстчына). Ва ўсходніх раёнах (Мінскае, Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае ваяводствы), дзе эканоміка была развіта слабей, мястэчкі пачалі ўзнікаць пазней. У розныя перыяды свайго існавання некаторыя мястэчкі занепадалі і пераходзілі ў разрад сёл ці вёсак або ўздымаліся і атрымлівалі статут гарадоў. Але ў асноўнай сваёй масе яны аставаліся той прамежкавай паміж горадам і вёскай формай паселішча, якая амаль нязменнай датрывала да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Найбольш буйныя мястэчкі мелі самакіраванне паводле магдэбургскага права (Высокае, Крычаў і інш.). Узначальваў адміністрацыю мястэчка войт. Жыхары падзяляліся на мяшчан (пераважна гандляры і рамеснікі; плацілі чынш і выконвалі феадальныя павіннасці), гандляроў, карчмароў і рамеснікаў яўрэйскай нацыянальнасці (плацілі чынш), сялян местачковых (адбывалі паншчыну). Яўрэі складалі значны працэнт насельніцтва мястэчак. Пасля далучэння Беларусі да Расіі кіравалі мястэчкамі мяшчанскія ўправы; многія мястэчкі былі цэнтрамі валасцей. Характэрная асаблівасць планіроўкі мястэчак — наяўнасць гандлёвай плошчы. У 1-й чвэрці 20 ст. мястэчкі пачалі траціць ролю эканамічнага пасрэдніка паміж горадам і вёскай.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 27.09.1938 г. «Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР» да катэгорыі гарадоў абласнога падпарадкавання, рабочых і гарадскіх пасёлкаў аднесена 101 паселішча гарадскога тыпу. Мястэчкі, якія засталіся па-за сеткай населеных пунктаў гарадскога тыпу, перайшлі афіцыйна ў разрад вёсак. У Заходняй Беларусі мястэчкі існавалі да 1939 г.

Аўтар: У.С. Гуркоў
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.