Субота, 27.07.2024, 06:28

ПРЫГОЖАЕ

Галоўная »
ПРЫГОЖАЕ — асноўная катэгорыя эстэтыкі для вызначэння станоўчых паводле зместу і дасканалых паводле формы з'яваў прыроды, грамадскага быцця і мастацтва, што адпавядаюць сацыяльна абумоўленым эстэтычным ідэалам народа, нацыі, грамадства і яго асобных класаў. У якасці эстэтычнай каштоўнасці ўключае ў аб'ект станоўчай ацэнкі, апрача эстэтычных аб'ектаў рэальнасці і мастацтва, таксама ісціну і дабро, але адрозніваецца ад тэарэтычных і маральных каштоўнасцяў пачуццёвай выяўленасцю, злучанасцю з вобразнай формай. Суадносіцца з узнёслым і трагічным, камічным, процілеглае агіднаму, нізкаму. У рэалістычным мастацтве прыгожае з'яўляецца ідэалам, з якім суадносіцца і мерай якога ацэньваецца адлюстраваная ў вобразах рэальнасць.

Аб'ектыўная аснова прыгожага — самакаштоўнасць, унутраная мэтазгоднасць прадметаў і з'яваў рэчаіснасці, іх дасканаласць і сувымернасць; суб'ектыўнай жа ўмовай узнікнення пачуцця прыгожага з'яўляецца іх успрыманне як каштоўнасцяў, што прыносяць духоўную асалоду і радасць не толькі ў якасці сродкаў узнікнення гэтых пазітыўных эмоцыяў, але і самім фактам свайго існавання. Адрозніваюць тры аспекты прыгожага — псіхалагічны (успрыманне прыгожага), творча-пераўтваральны (стварэнне прыгожага, або мастацтва) і навукова-тэарэтычны. Першыя два характэрныя ўсім этапам развіцця чалавецтва, пачынаючы ад першабытнаабшчыннага грамадства.

У гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі першае паняцце аб прыгожым як духоўнай каштоўнасці ўзнікла ў сінкрэтычнай культуры сярэднявечча, заснаванай на непадзельнасці красы з ісцінай і дабром, аб'яднаных універсальнай катэгорыяй праўды. Цэнтральнай праблемай эстэтыкі сярэднявечча было пытанне пра яе крыніцу; у царкоўна-хрысціянскай літаратуры (Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, зборнікі «Пчала», «Дыоптра, або Люстэрка жыцця» і іншыя) яе вытокі шукалі ў Богу — духоўнай аснове і сэнсе жыцця; выяўленая ў фальклоры і іншых формах народнага мастацтва стыхійна-матэрыялістычная эстэтыка бачыла яе ў прыродных пачатках (у сонцы, святле, вадзе, зямлі, у іх увасабленнях і сімвалах). Традыцыйныя народныя ўяўленні аб прыгожым, адлюстраваныя ў вуснапаэтычнай творчасці, прайшлі праз вякі і захаваліся ў сучасным нацыянальным фальклоры. Ва ўзаемадзеянні з імі развіваліся прафесійныя формы літаратуры, выяўленчага мастацтва і эстэтычнай думкі. У творчасці дзеячаў беларускага Адраджэння XVI стагоддзя (Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны і іншыя) яно выявілася ў асветніцкіх уяўленнях пра грамадскі ідэал, гармонію асабістых, народных і агульначалавечых інтарэсаў, адзінстве ісціны, дабра і красы. Для беларускай літаратуры і мастацтва барока (другая палова XVII — пачатак XVIII стагоддзяў) характэрная трактоўка прыгожага як выніку творчай фантазіі, што мыслілася па аналогіі з боскай стваральнай патэнцыяй. У эстэтыцы класіцызму адраджаецца антычны погляд на прыгожае як гармонію, меру і дасканаласць, вечны ўзор для наследавання.

У мастацтве беларускія нацыянальна спецыфічныя ідэалы красы ўпершыню адкрылі пісьменнікі і фалькларысты Ян Баршчэўскі, Барыс Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Iгнат Храпавіцкі, Ян Чачот і іншыя, a ўсебакова распрацавалі Францішак Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч і іх паслядоўнікі.

У Беларусі вызначыліся тры кірункі даследавання катэгорыі прыгожага: узнаўленне яго разнастайных формаў выяўлення ў гісторыі беларускай эстэтычнай думкі і мастацкай культуры (Уладзімір Конан, Альфрэд Майхровіч і іншыя), аналіз яе логіка-дыялектычнага зместу і структуры (Мікалай Крукоўскі), даследаванне канкрэтна-гістарычнага выяўлення прыгожага ў літаратуры і іншых відах мастацтва (крытыка, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства).

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 42-43 (815-816) лістапад 2020 года
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.