Субота, 27.04.2024, 13:58

ВЯСЕЛЬНАЕ ЗАСТОЛЛЕ

Галоўная »
ВЯСЕЛЬНАЕ ЗАСТОЛЛЕ — святочнае частаванне гасцей у час вяселля. Адбывалася некалькі разоў, пачынаючы з заручын і канчаючы «цыганамі» (глядзіце Вясельныя гульні). У застоллі прымалі ўдзел розныя групы вясельнікаў: род маладога разам з родам маладой на заручынах і на вясёлым піры; кожны род паасобку перад ад'ездам маладога да маладой у яго доме і перад прыездам маладога ў доме маладой; каравайніцы ў доме маладога і доме маладой у час выпякання каравая; прыданкі ў доме маладога; суседкі з яешняй у доме маладога ці маладой; дружкі маладой, калі іх частавалі пірагом маладога, які прывозіў сват, а таксама ў суборную суботу ў час развітання маладой са сваімі сяброўкамі і дружкі маладога на хлапечніку ў час развітання яго са сваімі сябрамі; маладыя, калі іх частавалі ў клеці або ў хаце перад шлюбнай ноччу і пасля яе. Самым урачыстым быў агульны, т.зв. вясёлы пір са шчодрым і багатым частаваннем, які меў рытуальны сэнс злучэння родаў маладых, а таксама замацаваныя пагадненні. У застоллі існаваў выпрацаваны стагоддзямі этыкет, згодна з якім кожны з вясельнікаў займаў належнае яму месца за сталом. Раней на вясельным застоллі ставілі тры сталы: галоўны, сярэдні і той, што стаяў у парозе. Самым ганаровым месцам за галоўным сталом была покуць, куды, абвёўшы тройчы вакол стала, садзілі на вывернуты кажух або падушку маладых, побач з маладой — яе радню па ступені блізкасці сваяцтва, а побач з маладым у такім жа парадку — яго радню (у некаторых мясцовасцях на куце сядзелі хросныя бацька і маці). У тым выпадку, калі маладую першы раз прывозілі да маладога, маладых саджалі не за першы, а за другі стол. Пазней ганаровае месца займалі таксама найбольш заможныя людзі. За апошні стол раней садзілася моладзь, надзеленая пэўнымі чынамі, а ў больш позні час яна займала месца бліжэй да маладых у залежнасці ад ступені сваяцтва і сяброўства.

Раней пітво ставілі ў гліняных місках, з якіх яго чэрпалі лыжкай, налівалі ў кілішак і пускалі ўкругавую па застоллю. Першы, каму налівалі чарку, не выпіваў, a са словамі «каб высока раслі, крута бегалі і здаровыя былі» або «каб бог даў шчасця» выплёскваў яе на столь. На працягу ўсяго вяселля закуску да маладога вазілі ад маладой і наадварот. Акрамя таго, усе ўдзельнікі вяселля (дружына) і ў маладога і ў маладой абавязкова ўносілі ў вясельнае застолле сваю долю закускі і выпіўкі ў залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў з кожнага боку. Гаспадары абавязаны былі частаваць і прымушаць гасцей есці і піць, нават насуперак іх жаданню, а госці павінны былі спачатку адмаўляцца і брацца за яду толькі пасля настойлівых угавораў. Калі ж гаспадар і гаспадыня не вельмі настойвалі, частуючы гасцей, гэта азначала, што яны скупяцца, шкадуюць (казалі: «Усяго было многа, только прынукі не было»), Маладыя ў час застолля не елі, іх частавалі асобна, не на людзях, каб, як лічылася ў народзе, хто-небудзь не сурочыў. Пазней пра гэту прыкмету забыліся, і асобнае частаванне маладых тлумачылася іх сарамлівасцю. У час застолля ў маладога маці маладой не ела, каб, згодна з павер'ем, «выпасціць» шчасце для сваёй дачкі. Акрамя вясельнага застолля ў хаце маладой яе бліжэйшыя сваякі запрашалі сваякоў маладога на частаванне ў свае хаты і наадварот (глядзіце Пярэзвы).

У наш час вясельнае застолле страціла строгую рэгламентацыю, аднак засталося адным з асноўных рытуалаў вяселля.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [144]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.