Чацвер, 23.02.2012, 14:15

«ВОПЫТ АПІСАННЯ МАГІЛЁЎСКАЙ ГУБЕРНІ...»


«ВОПЫТ АПІСАННЯ МАГІЛЁЎСКАЙ ГУБЕРНІ ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, навучальных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» выдадзены на рускай мове ў 1882-84 гг. у Магілёве губернскім статыстычным камітэтам. Складаецца з трох кніг. Ініцыятар выдання і рэдактар калектыўнай працы A.С.Дамбавецкі, старшыня статыстычнага камітэта, магілёўскі губернатар. У падрыхтоўцы і напісанні прымалі ўдзел 19 спецыялістаў розных галін. У зборы матэрыялаў паводле праграмы, складзенай Дамбавецкім, удзельнічалі розныя слаі насельніцтва.

У працы дадзена характарыстыка асноўных заняткаў насельніцтва, матэрыяльнай і духоўнай культуры жыхароў Магілёўшчыны. У прадмове прыводзяцца кароткія звесткі пра гаспадарчае і культурнае жыццё губерні да і пасля далучэння да Расіі (1772). У якасці дадатку змешчаны спісы беларускіх намеснікаў, магілёўскіх губернатараў за 1772 — 1872 гг., пералік гандлёвых мер і манет, што былі ў абароне ў губерні ў 15 — 17 ст., цэн на прадукты і на працу па найму ў 1679-89 гг.

У 1-й кнізе змешчаны гістарычныя, фізіка-геаграфічныя і этнаграфічныя нарысы губерні. Апісаны рэкі, азёры, балоты, клімат, раслінны і жывёльны свет. Прыведзены назвы лекавых раслін, карысных і шкодных грыбоў, фруктовых дрэў і кустоў. Значнае месца адведзена побыту насельніцтва губерні. Паведамляецца пра спосаб жыцця, заняткі і промыслы, звычаі і абрады сялян, былой шляхты, мяшчан, старавераў, цыган. Шырока прадстаўлены сялянскі каляндар народных звычаяў і абрадаў: даецца апісанне вяселля і хрысцін, талакі, дажынак, гульняў, павер'яў. Змешчана каля 500 беларускіх народных песень каляндарнага цыкла, вясельных, рэлігійнага зместу. У 1884 г. Дамбавецкім выдадзены ў якасці дадатку да 1-й кнігі «Вясельныя песні беларускія». Змешчаны матэрыял пра народныя тэатральныя калядныя гульні «Каза», «Кабыла», «Мядзведзь», шэсці з зоркай, хаджэнні з батлейкай. Апісана прадстаўленне народнага лялечнага тэатра батлейкі «Цар Ірад».

У 2-й кнізе — гістарычнае апісанне гарадоў і мястэчак губерні. Найбольш падрабязныя звесткі прыведзены пра Магілёў: тапаграфічнае месцазнаходжанне, герб, галоўныя вуліцы і плошчы, гістарычныя звесткі, апісаны архітэктурныя помнікі. Асобныя раздзелы прысвечаны прамысловасці (фабрыкі і заводы, рамёствы, саматужная прамысловасць) і сельскай гаспадарцы, шляхам зносін і тэлеграфнай сетцы ў губерні, гандлю, лясам і лясной гаспадарцы. Надрукаваны матэрыял пра становішча народнай адукацыі і аховы здароўя.

У 3-й кнізе змешчаны статыстычныя звесткі па губерні і асобных яе паветах. Прыведзсны табліцы пра насельніцтва (шлюбы, нараджэнні, смяротнасць), размеркаванне зямлі па ўгоддзях, лік прыватных землеўладальнікаў і прыватных уладанняў; змешчаны пералік валасцей па паветах; названы судовыя і адміністрацыйныя ўстановы, цэрквы, школы, бальніцы, чыгуначныя станцыі, узаемная адлегласць гарадоў. Надрукаваны звесткі пра колькасць каменных і драўляных пабудоў па гарадах і валасцях, коней і рагатай жывёлы (на кожнае сяло і на кожнага чалавека) і інш. Выданне ілюстравана. Змешчаны фотаздымкі Магілёва, іншых гарадоў і некаторых мястэчак, адміністрацыйная карта губерні, карта глеб і лясоў.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход
E-mail:
Пароль:
Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [179]
Каталог файлаў [58]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [73]
Культура [79]
Адукацыя [3]
Спорт [12]
Здарэнні [6]
Грамадства [55]
Эканоміка [2]
Транспарт [27]
Блог [6]
Каляндар
«  Люты 2012  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Rating All.BY Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.