Панядзелак, 06.05.2024, 22:34

ВЫПРАЎЛЕННЕ

Галоўная »
ВЫПРАЎЛЕННЕ — вясельны абрад адпраўлення маладога да маладой перад вянчаннем, маладых да вянца, маладога па маладую пасля вянчання і маладой у дом маладога. Пры ўсёй сваёй разнастайнасці абрад выпраўлення мае шмат агульных рытуалаў. Перад выпраўленнем маладога да маладой уся бяседа збіралася ў хаце маладога, бацькі якога частавалі дружыну. Выйшаўшы ў двор, дружына станавілася ў круг, а старшы дружок з сякерай у руках тройчы абходзіў усіх, шаптаў заклінанне, цюкаў сякерай у зямлю, а затым кідаў яе ўбок, аб'яўляючы, што па дарозе «воўк не нападзе і ў бяседзе маладой ніхто не прыробіць». Часам на панадворак выносілі самую вялікую патэльню, вакол якой станавілася ўся дружына: кожны ставіў на яе правую нагу і цалаваў абраз. Пры гэтым старшы дружок гаварыў: «Цалуйце божую міласэрнасць, каб стаяць адзін за аднаго, за адзіную кроплю крыві». Гэты рытуал захаваўся, відаць, з часоў родавага ладу, калі малады са сваёй дружынай адпраўляўся здабываць сабе жонку з другога роду.

У абрадзе больш позняга паходжання дружок выводзіў жаніха з хаты і ставіў яго перад акном, дзе віселі абразы; за жаніхом урачыста выходзіла бяседа і станавілася паўкругам, канцы якога былі завернуты да дзвярэй хаты. У сярэдзіну паўкруга ставілі стол з хлебам-соллю і гарэлкай. У гэты момант дружок стаяў каля жаніха з запаленымі свечкамі і сачыў, каб яны не патухлі (інакш гэта магло пашкодзіць жаніху). Бацька жаніха, паддружы (сярэдні дружок) і сусед бралі па бутэльцы гарэлкі і, наліваючы ў чаркі, тройчы частавалі кожнага ўдзельніка бяседы. У гэты час маці жаніха клала ў вярэньку каравай, надзявала вывернуты поўсцю наверх кажух і абходзіла дружыну, абсыпаючы яе жытам, аўсом, хмелем, што трымала ў фартуху або апырсквала вадой, а рэшту вылівала пад капыты каня ці калёсы воза, на якім ехаў малады. Бацька маладога, узяўшы крысом сваёй вопраткі каня за аброць, выводзіў яго з двара. На воз першым садзіўся жаніх (раней ён з дружком ехаў конна), побач з ім садзілася родная сястра з елкай, якую маладому дарылі вясковыя дзяўчаты, сюды ж клалі і каравай. На іншыя вазы рассаджваліся дружкі, сваякі і ганаровы поезд стрымгалоў імчаўся да маладой. У час язды дружкі гукалі так, каб іх было здалёк чуваць.

Перад выпраўленнем маладых да вянца бацька нявесты з пярвушкай (булачкай хлеба) тройчы абходзіў вакол вазоў для маладых, а сват бізуном крыж-накрыж біў па зямлі каля капытоў коней. Маладыя садзіліся кожны на сваім возе: нявеста ў кажусе (нават летам) або пакрытая вялікай чырвонай хусткай на першым возе з дружкай і сваццяй, а жаніх заўсёды ў шапцы на другім возе з дружком і сваёй сваццяй (раней ён ехаў конна). На асобным возе ехаў сват з музыкантамі. Маці абсыпала зернем вясельны поезд, які затым хутка імчаўся і нікому не саступаў дарогі. Жаніх і нявеста нярэдка ў час язды стаялі на вазах і кланяліся сустрэчным (маладому ў гэты час дружка здымаў шапку). Праязджаючы каля млына, маладая плаціла мельніку за тое, каб ён зняў застаўку з млына і пусціў ваду, каб у яе былі лёгкія роды.

Выпраўленне маладога па маладую пасля вянчання адбывалася прыблізна такім жа парадкам, як і выпраўленне маладога да маладой.

Самым урачыстым і хвалюючым было выпраўленне маладой да маладога, якое працягвалася гадзіну і болей (называлася таксама пераносіны). У гэты час збіралася шмат народу і выконваліся розныя рытуальныя дзеянні, якія суправаджаліся варажбой і песнямі. Пасля бацькоўскага благаславення маладую сяброўкі падводзілі да кожнага з прысутных у хаце сваякоў для развітання і атрымання слова ў дарогу, пажадання шчасця на новым месцы. Маладая кланялася і цалавалася з кожным. Пасля благаславенняў і развітанняў сват падаваў знак музыкантам выканаць развітальны марш і ўся дружына, наперадзе якой ішоў бацька з каравайчыкам, а сват з караваем, выходзіла з хаты і садзілася на вазы. Часам, выходзячы з хаты, маладая тройчы садзілася на парог, развітваючыся з ім, плакала, а потым сплёўвала ў печ (у ямку з жарам), каб злыдні не пайшлі за ёю. У некаторых мясцовасцях маладая не павінна была датыкацца да парога, таму дружкі або сам малады пераносілі яе на руках цераз парог. Затым дружко вёў маладых да першага воза. Малады садзіў маладую на воз так, каб яна не датыкалася нагамі да кола, калодкі, драбін (побач клалі і яе пасцель, перавязаную чырвоным поясам). Маладых звязвалі поясам і накрывалі адной або дзвюма наміткамі. Коньмі кіраваў звычайна старшы дружок (павознік). Акрамя маладых на гэтым возе ехала свяцілка (свяцільніца), якая трымала каравай маладога і патушаныя вясельныя свечкі, загорнутыя ў кавалак палатна. Маладая вязла абраз, якім яе благаслаўлялі бацькі, за пазухай — шышку або каравайчык, грэбень, міску і лыжку, а ў кішэні — авёс і жыта, якое ёй дала маці перад расставаннем для абсявання хаты маладога. У той час, як музыкі гучна выконвалі марш, дружына маладога выносіла з хаты «выкупленае» ў родзічаў маладой прыданае (глядзіце артыкул Выкуп) і ўсё, што трапляла ім пад рукі (часам яны намагаліся нават вывесці з хлява карову). Таварышкі маладой спрабавалі схаваць ад іх маладую, а малады павінен быў і яе выкупіць. Грывы коней і дугі вазоў, на якіх адпраўлялі маладых, упрыгожвалі кветкамі і разнаколернымі стужкамі, вышытымі ручнікамі. Выязджаючы з варот бацькоўскага дома, маладая кідала назад праз левае плячо пірог ля самых варот або ў канцы поля роднай вёскі, што сімвалізавала своеасаблівы выкуп. Маці маладой, як і ў папярэдніх выпраўленнях, абсыпала вясельны поезд зернем.

Выпраўленне да маладога заўсёды адбывалася позна вечарам з такім разлікам, каб прыехаць ноччу. Паязджанам пры выпраўленні давалі падарожную (пляшку з гарэлкай і чарку) на той выпадак, калі хто сустрэне і будзе патрабаваць выкуп за маладую. Каб заблытаць нячыстую сілу, часта ехалі ў аб'езд і не па той дарозе, якой ехалі да маладой. Хуткая язда тлумачылася тым, што нібыта ўсё ліхое павінна застацца ззаду (першапачаткова гэта было звязана, відаць, са звычаем выкрадання нявесты). Едучы праз вёску, нявеста або свацця кідалі дзецям гускі, а пры спатканні э папом з воза кідалі жменю саломы, шпільку, пояс і іншыя дробныя рэчы, каб адхіліць няшчасце. Самай непажаданай лічылася сустрэча з другім вясельным поездам. Пры сустрэчы з фурманкамі, нават нагружанымі, або панскімі карэтамі вясельны поезд з дарогі ніколі не з'язджаў. Калі ў дарозе што-небудзь здаралася з вупражжу ці з возам (ламалася вось або кола), у маладых, паводле павер'я, чакалася кароткае або нешчаслівае жыццё.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1395]
Здарэнні [467]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.