Пятніца, 19.04.2024, 13:59

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна

Як усё пачыналася
Да 85-годдзя са дня заснавання
пажарнай службы на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна

Першая спроба арганізаваць у населеных пунктах сённяшняга Ганцавіцкага раёна службу пастаяннай гатоўнасці па барацьбе з пажарамі, абсталяваўшы яе неабходным узбраеннем, а гэтак жа з вылучэннем хоць нейкіх фінансавых сродкаў на падтрыманне яе боегатоўнасці была зроблена Польскім урадам у пачатку 20-х гадоў ХХ ст. Паколькі з сакавіка 1921 па верасень 1939 гадоў ўсе цяперашнія населеныя пункты раёна ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы, то такія службы пачалі стварацца і на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна.


З'яўленне першай пажарнай каманды на тэрыторыі Ганцаўшчыны датуецца 1923 годам, калі ў мястэчку Ганцавічы была арганізавана дружына Добраахвотнай Пажарнай Аховы. Затым у перыяд з 1925 па 1938 гг. дружыны Добраахвотнай пажарнай аховы былі арганізаваны яшчэ ў 16 населеных пунктах раёна.

ДАТЫ
арганізацыі (легалізавання) Добраахвотнай Пажарнай Аховы (ДПА) ў населеных пунктах, размешчаных цяпер на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна,
ў 1920-30-х гг., атрыманыя на падставе архіўных матэрыялаў.

null

Стварэнне сеткі ўстаноў Добраахвотнай Пажарнай Аховы ў населеных пунктах Польскай дзяржавай праводзілася з захаваннем усіх юрыдычных патрабаванняў. Спачатку склікаўся сход жыхароў, які разглядаў пытанне аб стварэнні ў сваім населеным пункце Таварыства Добраахвотнай Пажарнай Аховы, далей вылучаліся кандыдаты ў склад Кіравання Прэзідыўма, складаўся пратакол збору, які запэўніваўся Войтам Гміны і накіроўваўся для разгляду і рэгістрацыі ў цэнтр павета (Лунінец), а далей у цэнтр ваяводства (Брэст).

Старшыня ваяводства разглядаў акт Павятовага Стараствы па арганізацыі (легалізаванні) Добраахвотнай Пажарнай Аховы ў населеным пункце і выдаваў сведчанне аб рэгістрацыі. У Брэсцкім абласным архіве маюцца сведчанні аб рэгістрацыі Добраахвотнай Пажарнай Аховы на ўсе вышэйпералічаныя населеныя пункты нашага раёна, з дакладным указаннем дат іх рэгістрацыі. Гэтыя даты на сённяшні момант можна лічыць афіцыйнымі датамі ўзнікнення першых падраздзяленняў пажарнай службы Ганцавіцкага раёна.

Аднак, калі звярнуць увагу на слова "легалізаванне”, якое часта прысутнае ў рэгістрацыйных дакументах, то можна выказаць здагадку, што нейкія пажарныя структуры існавалі і раней, у перыяд калі тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Так, у пратаколе арганізацыйнага збору ДПА вёскі Лактышы ад 20 лістапада 1929 гада гаворыцца: "…адначасова прапанаваў жыхарам асэнсаваць і адобрыць збор сродкаў на рамонт старой помпы, якая знаходзіцца ў дрэнным стане, рамонт будынка аховы і куплі новай помпы, каб было дзве, для большай надзейнасці ў выпадку пажару, у сувязі з тым, што ў паселішчы каля 200 хат”. З дадзенай фразы можна зрабіць выснову, што на момант афармлення дакументаў па стварэнні Добраахвотнай Пажарнай Аховы ў вёсцы Лактышы, ўжо меліся і стары будынак пажарнай аховы, і старая помпа. Аднак якіх-небудзь дакументаў, якія б пацвярджалі існаванне пажарных структур у населеных пунктах Ганцавіцкага раёна ў перыяд да 1923 гада, не выяўлена.

У структуру Добраахвотнай Пажарнай Аховы населенага пункта ўваходзілі штатныя і пазаштатныя члены Аховы. Так, у склад Пажарнай Аховы ў вёсцы Хатынічы ў 1932 годзе ўваходзіла 25 штатных і 15 пазаштатных членаў. Кіраўніцтва дзейнасцю Аховы ажыццяўлялі члены Прэзідыўма, якія з'яўляліся пазаштатнымі членамі і сумяшчалі дзейнасць у пажарнай ахове са сваёй асноўнай працай. Штатныя члены займаліся ліквідацыяй пажараў і правядзеннем прафілактычнай працы сярод насельніцтва. Аднак вывучэнне архіўных матэрыялаў дакладнага адказу на пытанне: штатныя члены аховы неслі службу кругласутачна і за гэта атрымлівалі заработны поплатак, або яны прыбывалі толькі на заняткі і пажары і рабілі гэта на добраахвотнай аснове, не дало. Хутчэй за ўсё, пераважаў добраахвотніцкі прынцып працы аховы, аднак у некаторых выпадках магчыма прадугледжвалася аплата за ўдзел у тушэнні пажараў.

У склад Кіравання Прэзідыўма ўваходзілі такія пасады, як: прэзідэнт, віцэ-прэзідэнт, сакратар, касір, начальнік аховы, намеснік начальніка, загадчык гаспадаркі, рэферэнт асветы, член прэзідыўма. Напрыклад, у 1932 годзе ў Хатынічах, членамі Кіравання былі: прэзідэнт -- Генрых Гайдэровіч, 27 гадоў, сакратар Гміны; віцэ-прэзідэнт -- Уладзіслаў Паўлік, 25 гадоў, кіраўнік школы; сакратар -- Еранім Буйкевич, 38 гадоў, памагаты сакратара Гміны; скарбнік -- Томаш Жуба, 32 гады, практыкант; загадчык гаспадаркі -- Аляксей Канановіч, 35 гадоў, земляроб; начальнік аховы -- Аляксандр Мінько, земляроб, 33 гады; намеснік начальніка -- Францішак Дамброўскі, 25 гадоў. У вёсцы Вялікія Круговічы пасаду прэзідэнта ў 1932 годдзе займаў Віктаровіч Мікалай -- земляроб, а пасаду начальніка аховы выконваў Хаменка Мар'ян -- службовец Гміны.

Фінансаванне Таварыстваў ДПА ажыццяўлялася з некалькіх крыніц. Асноўнымі з іх з'яўляліся членскія ўзносы штатных і пазаштатных членаў Аховы, субсідый Гміны і добраахвотных ахвяраванняў. Так, бюджэт Вялікакруговіцкага ДПА у 1932 годзе складаў 997 злотых 5 грошаў. З якіх 875 злотых 90 грошаў складала субсідыя ад Круговіцкай гміны; 81 злоты 15 грошаў было атрымана ад відовішчных мерапрыемстваў, арганізаваных Прэзідыўмам Аховы; дабраахвотныя ахвяраванні на Ахову склалі 40 злотых.

Асноўная частка сумы -- 961 злоты 25 грошаў было выдаткавана на завяршэнне будаўніцтва пажарнага дэпо. За лік субсідый Гміны будаўніцтва пажарнага дэпо ў 1928 годзе было завершана ў Хатынічах. "…Месцам, дзе адбываюцца ўсе зборы і практычныя заняткі з'яўляецца ўласнае дэпо, пабудаванае ў 1928 годзе праз Кіраванне Гміны ў Хатынічах”. Акрамя таго, сродкі Аховы расходаваліся на яе ўтрыманне, адлічэнне ў вышэйстаячыя структуры і на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Артыкулы выдаткаў мы бачым у тым жа дакуменце: "Купля тканіны і пашыў 9 мундзіраў для ахоўнікаў -- 100 злотых 65 грошаў; паштовыя выдаткі -- 1 злоты 20 грошаў; утрыманне ў чысціні ўзбраення (купля салідолу) -- 4 злотых 50 грошаў; унёскі ў ДПА Лунінца -- 5 злотых 20 грошаў”.

nullnullnull
Мал.1. Пячаткі Добраахвотнай пажарнай аховы
ў вёсках Хатынічы, Нач і Лактышы.


У перыяд з 1923 па 1939 гады у Воласці (і на цяперашняй тэрыторыі Ганцавіцкага раёна ў тым ліку) было створана і дзейнічала досыць разгалінаваная структура Пажарнай Аховы з рознаўзроўневым кіраваннем, выразным вядзеннем арганізацыйных, фінансавых і адміністрацыйных дакументаў, якая магла аказваць дапамогу насельніцтву ў выпадку ўзнікнення пажараў. Тое, што органы ўлады Польшчы надавалі належную ўвагу структуры ДПА, абвяшчае наступная фраза: "Назва і статут пацверджаныя праз улады ваяводскія і павятовыя і завецца "Арганізацыя Вышэйшай Патрэбы” Добраахвотная Пажарная Ахова ў Хатынічах. Мясцовая Пажарная Ахова на зборы пацвердзіла статут, зацверджаны ўладамі ваяводскімі і павятовымі”.

Добраахвотная Пажарная Ахова ў мястэчку Ганцавічы была арганізаваная ў 1923 годзе. Адным з першых яе старшыняў быў нехта Шпаковіч (імя і імя па бацьку не ўстаноўлены).


Мал.2. Кіраўніцтва і члены Добраахвотнай Пажарнай Аховы
мястэчка Ганцавічы. 1929 год.



У 1932 годзе ў Вялікакруговіцкай пажарнай камандзе было 19 ахоўнікаў і 10 членаў Кіравання Прэзідыўма аховы.

Ахоўнікі насілі форму салдатаў польскага войска і пажарныя каскі. Адным з абавязкаў ахоўнікаў было абследаванне жылых хат. Гаспадару хаты рэкамендавалі ўхіляць недахопы. На кожнай хаце віселі таблічкі белага колеру, на якіх чорным быў намаляваны інвентар: вядро, лесвіца, лапата, бусак, сякера. Падчас пажару гаспадар хаты павінен быў бегчы з тым інвентаром, які быў намаляваны на таблічцы. Пажарнай дружыне дапамагаць тушыць пажар было абавязана ўсё насельніцтва. У дзяржаўных установах абавязкова павінны былі быць бочкі з вадой і пяском.

Члены Добраахвотнай Пажарнай Аховы ў той час прымалі ўдзел ў масавых мерапрыемствах па выпадку дзяржаўных свят, пра што сведчаць дакументы і нешматлікія фотаздымкі.


Мал.3. Праходжанне ўрачыстым маршам
пажарнай аховы вёскі Вялікія Круговічы. 1928 год.



Мал.4. Удзел Добраахвотнай Пажарнай Аховы ў складзе ўрачыстай калоны
пры правядзенні дзяржаўнага свята. Мястэчка Ганцавічы. Вясна, 1934 год.


Аднак не ўсё ішло гладка. Вось што можна прачытаць з наяўных дакументаў: "….Найважнейшая праблема Аховы -- недахоп баявой падрыхтоўкі, калі для пасадкі ахова мае толькі адзін бочкавоз і, у выпадку пажару, дастаўка вады абцяжараная. Таксама адчувальны недахоп другой помпы, што абцяжарвае аказанне дапамогі, а таксама бусакоў і іншае.” "…. у адсутнасці добрай дысцыпліны ў ахове, а таксама з-за нявыплат узнагароды, з-за недастаўленых да выезду на пажар канёў, агонь ахапіў дах хаты і сцены, частка якіх расцягнулі бусакамі”.

Тэхнічнае абсталяванне пажарных каманд у той час складалася з некалькіх конных хадоў. На воз ўсталёўвалі бочкі з вадой і ручныя пажарныя помпы, што было недастатковым для змагання з сур'ёзнымі пажарамі. Адна з такіх помпаў была усталявана на пастамент каля будынка Ганцавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Пажар, які ўвайшоў у гісторыю горада Ганцавічы адбыўся ў траўні 1934 года. Вось што распавяла відавочнік, Бондар Алена Эдмундаўна, 1922 года нараджэння жыхарка горада: "...загарэлася прыватная пякарня, размешчаная на Першай вуліцы (сучасная 17 Верасня). Хаты стаялі вельмі цесна адна побач з адной. Было ветранае надвор'е, а падчас пажару вецер яшчэ больш узмацніўся, ды так, што ў паветры лёталі падпаленыя крэслы, дошкі. Вельмі добра спрацаваў польскі эскадрон, які размяшчаўся ў мястэчку. Коннікі ў літаральным сэнсе выхоплівалі жанчын і дзяцей з агню. Цэнтр мястэчка выгарэў поўнасцю. Мястэчка выгарэла вельмі хутка, аднак абыйшлося без ахвяр. На дапамогу прыбылі пажарныя каманды з Баранавіч, Лунінца, Тэлехан”.


Мал.5. Помнік ручной пажарнай помпе.
Фасад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

З 12 лістапада 1939 года Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. На тэрыторыі БССР, як і на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза, дзейнічаў Дэкрэт СНК ад 17 красавіка 1918 года "Аб арганізацыі дзяржаўных мер барацьбы з агнём" -- якім і была закладзена аснова ўсёй працы Савецкай пажарнай аховы. На падставе дадзенага Дэкрэту ў 1940 годзе была арганізавана пажарная каманда і тады ўжо ў гарадскім пасёлку Ганцавічы. Праўда, аб яе дзейнасці, якіх-небудзь дакументаў знайсці не атрымалася.

А 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна...
Катэгорыя: Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна | Дабавіў: admin (25.09.2008) | Аўтар: Валерый ГАРДЗЕЙ, Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 3549 | Тэгі: Віталь Герасіменя, Валерый Гардзей, Ганцевичский РОЧС | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.