Чацвер, 09.05.2024, 02:55

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Ганцавічы: калі мы сталі мястэчкам? (частка першая)
Па гісторыі ўзнікнення горада Ганцавічы напісана ўжо шмат артыкулаў. На ўскідку, па меньшай меры, існуюць чатыры розныя погляды-падыходы на датаванне ўзнікнення гэтага палескага места. Пералічваць я іх не буду, дасціплы даследчык-краязнаўца, я думаю, ведае што да чаго, і пагэтаму пераліваць воду з пустога ў парожняе вельмі б не хацелася. Аднак для ачысткі сумлення: 1773 год – першае ўпамінанне фальварка Ганцавічы ў летапісах, 1884 год – адкрыццё чыгуначнай станцыі Ганцавічы, 1898 год – утварэнне пасёлка, пры чыгуначнай станцыі, 1902 год – зацверджанне плана пабудовы мястэчка Ганцавічы ў Мінскім губернскім праўленні.

Асобна сёння хацелася б разгледзець такое пытанне, як узнікненне прыстаўкі "мястэчка" да назвы Ганцавічы. Пры разглядзе маючыхся дакументаў у Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі адкрылася шмат цікавага.

Але спачатку звернемся да самога тэрміна мястэчка, яго вызначэння і гісторыі. Мястэчка (у афіцыйным ужытку Беларускай ССР і сучаснай Рэспублікі Беларусь – пасёлак гарадскога тыпу або гарадскі пасёлак) – тып паселішча, што займае пераходнае становішча паміж местам (горадам) і вёскай, якое мела меншую за горад колькасць і складанасць структуры насельніцтва, адсутнасць абарончых збудаванняў, аграрныя рысы вытворчасці, а ў адрозненне ад вёскі вылучалася гандлем і рамяством як асноўным заняткам большай часткі жыхароў, мела большую культурную і адміністрацыйную значнасць, большую складанасць планіроўкі і забудовы.

Узнікненне першых мястэчак звычайна звязваюць з XV-XVI стст. Спачатку з ім атаясамлівалі невялікі гарадок. I гэта ўвогуле заканамерна, бо "местам" раней называлі горад.

Аб прыналежнасці да мястэчка сведчыла планіроўка населенага пункта – там заўсёды была гандлёвая плошча, многія з якіх захаваліся дагэтуль. Цікавасць выклікае сацыяльны склад мястэчак. Гандляры і рамеснікі ўтваралі групу мяшчан; асобна вылучалася група рамеснікаў, карчмароў і гандляроў яўрэйскай нацыянальнасці; некаторую частку складалі местачковыя сяляне. З-за гэтага склаўся своеасаблівы местачковы побыт, развівалася адпаведная культура, структура гаспадаркі таксама была адметнай.

З развіццём капіталізму роля мястэчак як эканамічнага пасярэдніка паміж горадам і вёскай пачала змяншацца. Напрыканцы 30-х гг. XX ст. на Беларусі яны юрыдычна перасталі існаваць, хаця фактычна навакольным насельніцтвам успрымаліся і пазней. Тыя мястэчкі, якія не былі пераведзены ў ранг гарадскога паселішча, перайшлі афіцыйна ў разрад вёсак, што ў шэрагу выпадкаў прывяло да іх эканамічнага заняпаду.

Перыяд 1902-1903 гадоў для пасёлка, пры чыгуначнай станцыі Ганцавічы, мог стаць вырашальным. Менавіта ў 1902 годзе ўладальнік маёнтка Ганцавічы граф Станіслаў Адольфавіч Гутэн-Чапскі падаў у будаўнічае аддзяленне Мінскага губернскага праўлення прашэнне аб заснаванні на яго землях мястэчка, якое паспяхова вырашылася, але… Але аб ўсім па парадку. Каб не быць галаслоўным пабудаваў артыкул на цытаванні дакументаў з большага, ці з меньшага звязаных з гэтымі падзеямі.

Першым разгледзім ведамасць пасёлка пры станцыі Ганцавічы Палескіх чыгунак датаваны 1902 годам.

"Губернія, павет, пасёлак і месца, дзе ён размешчаны: пасёлак ва ўрочышчы Ельна пры станцыі Ганцавічы Палескіх чыгунак, Круговіцкай воласці.

Аб часе ўзнікнення пасёлка, хаця б прыблізна: 1898 год.

Аб прычынах узнікнення пасёлка: пабудова шклянога заводу Краеўскага і Столе, продаж лесу ў маёнтках Ганцавічы і Круговічы, таксама з маёнткаў князя Радзівіла, размешчаных паблізу ад станцыі Ганцавічы і ўрочышча Ельна.

На чыёй зямлі ўтвораны пасёлак: на зямлі графа Чапскага з маёнтку Ганцавічы.

Якая сядзібная плошча пасёлка, хаця б прыблізна: з зямлёй, якая знаходзіцца пад шкляным заводам гэта 79 дзесяцін 1707 сажняў (94,9 га).

Ці маюцца ў пасёлку землі агульнага карыстання (плошчы, вуліцы і др.): уладальнікам графам Чапскім узбуджана хадатайства аб уладкаванні ў гэтай мясцовасці мястэчка. Ім адведзены плошчы пад кірмаш, вуліцы, агульны выган і могілкі, план прадстаўлены ўладальнікам у Мінскае губернскае праўленне.

Колькасць яўрэяў, не яўрэяў у пасёлку (які сярэдні прырост насельніцтва за апошнія тры гады) абоіх палоў: яўрэяў – 96 (21), хрысціян – 216 (32).

Заняткі насельніцтва (заробкі і іншыя крыніцы пражытку): хрысціяне займаюцца рознага рода работамі на шкляным заводзе, а яўрэйскае – мелкім гандлем і гандлем ляснымі матэрыяламі, а таксама камісіянерствам па адпраўцы грузаў цераз станцыю Ганцавічы Палескіх чыгунак.

Колькі гандлёва-прамысловых устаноў; колькі каменных і драўляных пабудоў у пасёлку: шкляны завод – 1, мелкіх крам – 9, казённая вінная крама – 1; каменных пабудоў – 1, драўлянага жылля – 85, халодных памяшканняў – 62.

Якія памеры гандлёвых абаротаў за апошнія тры гады: шкляны завод – 110000 р., мелкі крамавы гандаль – 12000 р., лясныя аперацыі і камісіянерства – 120000 р., вінная крама – 15000 р.

Якія ў пасёлку ўрадавыя і таварыскія ўстановы (цэрквы, школы і др.): няма".

Для паўнаты хацелася б яшчэ пабачыць статыстыку і па чыгуначнай станцыі, можна меркаваць, што і там было пасяленне: трэба ж некаму абслугоўваць чыгунку, ды і на паравым лесапільным заводзе, збудаваным пінскім купцом Веаніямінам Волам ў 1888 годзе, нехта павінен працаваць. Можна пры гэтым меркаваць, што статыстыка па насельніцтву чыгуначнай станцыі ўвайшла ў пасялковую.


Кавалак карты Расійскай імперыі, канца ХІХ ст.
Добра бачна раздзяленне вёскі Ганцавічы і фальварка (маёнтка)
на карце абазначанага, як "Госп. д." (гаспадарчы двор) з аднайменнай чыгуначнай станцыяй

Верагодна, хадатайства на заснаванне мястэчка граф Станіслаў Адольфавіч Гутэн-Чапскі падаў на пачатку 1902 года. Адміністрацыйна-папяровая валакіта па гэтаму пытанню закруцілася вясною гэтага ж года. Для збору неабходных дакументаў 6 чэрвеня 1902 года на мясцовасць выехаў з Слуцка прыстаў 2 стану нейкі Сарокін. Па прыезду на месца ў вёсцы Ганцавічы было праведзена апытанне, а ў вёсцы Любашава гэтага ж 6 чэрвеня быў праведзены сход сялян Любашаўскага сельскага таварыства. Мерапрыемствы гэтыя праводзіліся для падцвярджэння, што зямля на якой плануецца заснаванне мястэчка належыць выключна графу Гутэн-Чапскаму.

"Пратакол 1902 года 6 чэрвеня прыстаў 2 стану Слуцкага павету з прычыны паручэння Слуцкага паліцэйскага ўпраўлення ад 6 мая гэтага года за № 1606 аснаванага на прадпісанні Мінскага губернскага праўлення будаўнічым аддзяленнем ад 3 мая за № 714. Прыбыўшы 6 чэрвеня ў вёску Ганцавічы Круговіцкай воласці, дзе пытаў ніжэй пералічаных сялян гэтай вёскі па абставінах указаных у вышэй прыведзеных прадпісаннях з мэтаю дакладнага высвятлення каму менавіта належыць на правах бяспрэчнай уласнасці зямля ва ўрочышчы Ельна бліз станцыі Ганцавічы Вільна-Ровенскай чыгункі на паказаным плане прадстаўленым ў Мінскае губернскае праўленне на мяркуемае мястэчка Ганцавічы. Запытаныя сяляне адзінагалосна паказалі, што зямля ва ўрочышчы Ельна, паказаная на плане праектуемага мястэчка ў агульным абшары каля 37 дзесяцін (40,7 га), належыць цалкам графу Станіславу Адольфавічу Гутэн-Чапскаму і іншых уладальнікаў там няма. Таксама на гэтай зямлі няма сервітутных пашаў, сялянскіх якіх-небудзь вёсак, а зямля прыналежыць графу Гутэн-Чапскаму на правах поўнай і бяспрэчнай уласнасці. Пастанавіў: запісаць аб гэтым у пратакол. Подпіс: прыстаў 2 стана Слуцкага ўезду Сарокін".

"1902 года 6 чэрвеня мы ніжэй падпісаўшыеся сяляне-гаспадары вёсак Ельна і Любашава Мінскай губерні Слуцкага ўезду Любашаўскага сельскага таварыства, які складаецца з 31 участковых двароў, былі сабраны гэтага чысла нашым сельскім старастаю Канстанцінам Навіцкім па распараджэнню прыстава 2 стану на сельскі сход. На сход явілія ў колькасці 32 сялян-гаспадароў, маючых права голасу, што складае больш за 2/3 ад агульнай колькасці. Станавым прыставам нам быў прадстаўлены план праектуемага мястэчка Ганцавічы ва ўрочышчы Ельна на зямлі графа Станіслава Адольфавіча Гутэн-Чапскага пры вёсцы Ельна нашага таварыства. Па разгледжанні гэтага плана зрабілі выснову, што ён састаўлены правільна і паказаная на ім мясцовасць адпавядае рэчаіснасці і прыналежыць графу Станіславу Адольфавічу Гутэн-Чапскаму, таксама ў межах гэтай мясцовасці няма зямель прыналежачых сялянам і другім прыватным уладальнікам акрамя названага памешчыка Гутэн-Чапскага, што падпісаннем падцвярджаем".

Пасля адпаведных працэдур на месцы, разгледжанне прапановы аб заснаванні мястэчка Ганцавічы было працягнута ва ўездным цэнтры Слуцку. Слуцкае ўяздное паліцэйскае ўпраўленне, якое разглядала гэтае пытанне, прыдало яго станоўчаму выніку статусы "пажаданага" і "неабходнага".

"У Мінскае губернскае праўленне рапарт Слуцкага павятовага паліцэйскага ўпраўлення (паступіла 5 кастрычніка 1902 года за № 1734). Пры выкананні прадпісання 3 мая гэтага года за № 714, паліцэйскае ўпраўленне прадстаўляючы пры гэтым план праектуемага мястэчка Ганцавічы, Слуцкага павета разам з прыгаворам сялян Круговіцкай воласці, падпіскаю Гутэн-Чапскага і пратаколам дазнання мае гонар данесці губернскаму праўленню, што мясцовасць на якой граф Гутэн-Чапскі, які замаўляе аб заснаванні мястэчка, знаходзіцца ў выключным карыстанні на правах уласнасці і мясцоваць гэтая на прадстаўленым плане паказана правільна: на мясцовасці паказанай на плане, акрамя ўладанняў, прыналежачых Гутэн-Чапскаму, ніякай другой зямельнай уласнасці не маецца. Распланіроўка на плане мяркуемага мястэчка цалкам адпавядае мясцовым умовам. Адкрыццё мястэчка пры станцыі Ганцавічы з-за аддаленасці гэтай мясцовасці ад гандлёвых цэнтраў для мясцовага насельніцтва неабходна, так як дасць магчымасць насельніцтву Круговіцкай воласці Слуцкага ўезду і Хатыніцкай воласці Пінскага павета без цяжкасцей чыніць збыт сваіх сельскагаспадарчых прадуктаў, скаціны і набываць патрэбныя ў іх гаспадарках прадметы крамнага гандлю і сельскагаспадарчых прылад, а ў сённяшні час з-за адсутнасці ў раёнах гэтых валасцей гандлёвага цэнтра іх жыхарам прыходзіцца ездзіць у бліжайшае мястэчка Ляхавічы, якое знаходзіцца на адлегласці звыш 40 вёрст ад станцыі Ганцавічы, а ад другіх населенных месцаў на значна большай адлегласці, што вясною і восенню абцяжарана з-за балоцістай глебы Круговіцкай і Хатыніцкай валасцей. Пагэтаму адкрыццё мястэчка Ганцавічы з’яўляецца пажаданым, але можа быць здзейснена толькі ў тым выпадку, калі ўладальнік прыме таксама на свой рахунак утрыманне ў праектуемым мястэчку хаця б аднаго пешага ўрадніка. Так як без такога нагляд за гэтым насельніцтвам (пасяленнем) будзе вельмі абцяжараны, па першае з-за таго, што адкрываецца права пасялення яўрэйскаму насельніцтву, а затым і пагэтаму, што мясцовасць гэта знаходзіцца на самой ускраіне павета і ўраднік, у раёне якога яна знаходзіцца, заведуе дзвумя валасцямі".

Як бачна з вышэй прыведзенага дакумента, адным з краевугольных момантаў становіцца дазвол свабодна сяліцца ў мястэчку яўрэйскаму насельніцтву. Дакументы, якія прыведзены ніжэй, не толькі з большага паўтараюць папярэднія, але і дапаўняюць яго.

"Пратакол будаўнічага аддзялення Мінскага губернскага праўлення за № 436 ад 24 кастрычніка 1902 года аб зацвярджэнні плана праектуемага мястэчка Ганцавічы. Павераны графа Станіслава Адольфавіча Гутэн-Чапскага мешчанін Шая Хігеровіч прадставіў у губернскае праўленне план праектуемага мястэчка Ганцавічы Слуцкага павета на зямлі вярыцеля яго.

З праправаджэннем азначанага плана губернскае праўленне паручыла Слуцкаму павятоваму паліцэйскаму ўпраўленню: 1) прадставіць, адпаведна 231 арт. Будаўнічага статута выд. 1900 года, гэты план мясцовым сялянскаму і мяшчанскаму таварыствам, а таксама тым землеўладальнікам, уласнаснасць якіх знаходзіцца ў межах сялення, выпатрабаваць пры гэтым ад таварыстваў прыгаворы, а ад землеўладальнікаў водгукі адносна адабрэння плана; 2) выпатрабаваць ад уладальнікаў мястэчка належным чынам засведчаныя подпісы аб саступе ці бязвыплатна для агульнага карыстання зямлі, прызначанай па плану пад вуліцы, плошчы, выганы і могілкі; 3) даць сваё заключэнне аб мэтазгоднасці з мясцовымі ўмовамі ўказанай ў праекце распланіроўкі і неабходнасці адкрыцця мястэчка.

У выкананне гэтага паліцэйскае ўпраўленне пры рапарце ад 30 верасня гэтага года за № 1606 прадставіла: а) прыгавор гаспадароў Любашаўскага сельскага таварыства ад 6 чэрвеня 1902 года, якім яны план адобрылі і падцвярджаюць, што зямля на якой мяркуецца адкрыццё мястэчка, належыць графу Гутэн-Чапскаму; б) засведчаную станавым прыставам падпіску графа Гутэн-Чапскага аб саступе ім безвыплатна для агульнага карыстання зямлі, прызначанай па плану пад вуліцы, плошчы, выганы і могілкі; в) пратакол ад 6 чэрвеня 1902 года, з якога бачна, што адыходзячая пад мястэчка Ганцавічы зямля належыць графу Гутэн-Чапскаму і не абцяжарана сервітутамі. Пры гэтым паліцэйскае ўпраўленне данесла, што мясцовасць на якой граф Гутэн-Чапскі хадатайствуе аб заснаванні мястэчка, знаходзіцца ў выключна яго карыстанні на правах уласнасці і на планах паказана правільна, у межах мясцовасці, адлюстраванай на плане, акрамя ўладанняў, прыналежных Гутэн-Чапскаму, ніякай другой зямельнай уласнасці не маецца. Распланіроўка на плане мяркуемага мястэчка цалкам адпавядае мясцовым умовам. Адкрыццё мястэчка пры станцыі Ганцавічы з-за аддаленасці гэтай мясцовасці ад гандлёвых цэнтраў для мясцовага навакольнага насельніцтва неабходна, так як дасць магчымасць насельніцтву Круговіцкай воласці Слуцкага павета і Хатыніцкай воласці Пінскага павета, без цяжкасцей чыніць збыт сваіх сельскагаспадарчых прадуктаў, скаціны і набываць патрэбныя ў іх гаспадарках прадметы крамнага гандлю і сельскагаспадарчых прылад, а ў сённяшні час з-за адсутнасці ў раёнах гэтых валасцей гандлёвага цэнтра іх жыхарам прыходзіцца ездзіць у бліжайшае мястэчка Ляхавічы, якое знаходзіцца на адлегласці звыш 40 вёрст ад станцыі Ганцавічы, а ад другіх населенных месцаў на значна большай адлегласці, што вясною і восенню абцяжарана з-за балоцістай глебы Круговіцкай і Хатыніцкай валасцей. Пагэтаму адкрыццё мястэчка Ганцавічы з’яўляецца пажаданым, але можа быць здзейснена толькі ў тым выпадку, калі ўладальнік прыме таксама на свой рахунак утрыманне ў праектуемым мястэчку хаця б аднаго пешага ўрадніка. Так як без такога нагляд за гэтым насельніцтвам (пасяленнем) будзе вельмі абцяжараны, па першае з-за таго, што адкрываецца права пасялення яўрэйскаму насельніцтву, а затым і пагэтаму, што мясцовасць гэта знаходзіцца на самой ускраіне павета і ўраднік, у раёне якога яна знаходзіцца, заведуе дзвумя валасцямі.

Меркаванне: пры разгледжанні прадстаўленага павераным уладальніка графа Гутэн-Чапскага, мешчанінам Хігеровічам плана мястэчка Ганцавічы ў тэхнічным дачыненні аказалася, што план гэты не супярэчыць патрабаванням будаўнічага ўставу. З прычыны гэтага і прымаючы ва ўвагу, што адзначаны план быў прад’яўлены мясцоваму сялянскаму таварыству і адобраны ім, будаўнічае аддзяленне губернскага праўлення мяркуе: план праетуемага мястэчка Ганцавічы зацердзіць, аб чым і зрабіць запіс на плане. Пытанне ж аб адкрыцці мястэчка Ганцавічы аддаць у першае аддзяленне губернскага праўлення, якому праправодзіць план гэтага мястэчка, прыгавор Любашаўскага схода, падпіску графа Гутэн-Чапскага, рапарт Слуцкага павятовага паліцэйскага ўпраўлення за № 1606 і пратакол ад 6 ліпеня (арыгінал дакумента на рускай мове, і як лёгка зрабілі памылку тагачасныя справаводцы, замяніўшы адну літару на другую ў назве месяца июНь-июЛь, пасля гэтага памылка пачала блукаць па ўсім далей пісаным дакументам – заўвага аўтара) 1902 года: копіі азначаных бумаг пакінуць пры справе будаўнічага аддзялення. Подпісы: губернскі інжынер, губернскі архітэктар".

"Мінскае губернскае праўленне. Будаўнічае аддзяленне. У першае аддзяленне гэтага ж праўлення (№ 1998 30 кастрычніка 1902 года г.Мінск). Павераны графа Станіслава Адольфавіча Гутэн-Чапскага, мешчанін Шая Хігеровіч прадставіў у Губернскае Праўленне на зацверджанне план праектуемага мястэчка Ганцавічы, Слуцкага павета, на зямлі вярыцеля.

Па разгледжанню адзначанага плана ў тэхнічным дачыненні аказалася, што ён не супярэчыць патрабаванням будаўнічага ўставу. У выніку чаго і прынімаючы ва увагу, што згаданы план быў прапанаваны мясцоваму сялянскаму таварыству і адобраны ім (арт. 231 Будаўнічага ўставу выд. 1900 г.) будаўнічае аддзяленне губернскага праўлення па пратаколу 24 кастрычніка гэтага года, зацверджанаму губернатарам, вызначыла: план праектуемага мястэчка Ганцавічы зацвердзіць, аб чым і зрабіць надпіс на плане; пытанні аб адкрыцці мястэчка Ганцавічы перадаць у першае аддзяленне гэтага ж праўлення, якому пераправадзіць план мястэчка, прыгавор Любашаўскага схода, падпіску графа Гутэн-Чапскага, рапарт Слуцкага павятовага паліцэйскага ўпраўлення за № 1606 і пратакол ад 6 ліпеня 1902 года.

Аб выказанным, з пераправаджэннем згаданых папер і плана, будаўнічае аддзяленне мае гонар апавясціць першае ўпраўленне губернскага праўлення".

Пасля абмеркавання і зацвярджэння праекту на павятовым і губернскім узроўнях, як "пажаданага" і "неабходнага" ён быў напраўлены ў міністэрства ўнутраных спраў у Санкт-Пецярбург. Але цікава іншае, прашэнне падавалася ад графа Станіслава Адольфавіча Гутэн-Чапскага цераз паверанага двараніна Івана Станіслававіча Тамашэўскага. А куды знікла з дакументаў прозвішча мешчаніна Шая Натовіча Хігеровіча? Можа справа ў яўрэйскай нацыянальнасці апошняга? Але аб гэтым у канцы артыкула.

Прашэнне аб заснаванні мястэчка Ганцавічы гаспадарчым аддзелам міністэрства ўнутраных спраў было вернута, як "не належачае задавальненню".

"Міністэрства ўнутраных спраў. Гаспадарчы дэпартамент. Адказ на № 229-1903 г. з вяртаннем чатырох прылажэнняў ад 23.01.1903 года за № 643. Аб пераўтварэнні маёнтка графа Чапскага "Ганцавічы" ў мястэчка. Спадару Мінскаму губернатару. Па хадатайству паверанага графа Гутэн-Чапскага, Тамашэўскага, аб утварэнні на зямлі маёнтка "Ганцавічы” ва ўрочышчы Ельна пры станцыі Ганцавічы Палескіх чыгунак мястэчка, маю гонар апавясціць Вашу Яснавяльможнасць, што ў цяперашні час новых мястэчак з уласцівым ім месцячковым мяшчанскім упраўленнем не засноўваецца. Азначаныя прылажэнні, прадугледжаныя ў дапаўненні к арт. 582 (заўв.) Т. IX Збору законаў выд. 1899 г. маглі быць заснаваны толькі ў такіх пасяленнях, якія ўжо значыліся мястэчкамі, пры ўвядзенні ў гарадах Гарадавога палажэння 1870 года, і былі раней прыпісаны да гарадоў.

Да таго ж названыя выключна саслоўныя ўпраўленні не адказваюць патрабаванням належнага парадку і добраўпарадкаванню ў пасяленні, так як на іх ніякіх абавязкаў асабіста па грамадскай гаспадарцы і добраўпарадкаванню пасяленнём не ўскладаецца.

Па гэтаму, я знаходжу хадатайства Тамашэўскага не падлежачым задавальненню. Подпіс: за міністра ўнутраных спраў…"

Пасля адмоўнага рашэння дакументы былі вернуты назад паверанаму графа Гутэн-Чапскага Тамашэўскаму. Ці можна лічыць падставы для адказу грунтоўнымі? Наўрад ці, хаця згодна спасылкаў на прыведзеныя дакументы ўсё правільна, аднак першапрычына мне падаецца ў іншым.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (04.12.2010) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 2497 | Тэгі: Ганцавічы, Віталь Герасіменя, Ганцевичи | Рэйтынг: 4.3/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.