Чацвер, 25.04.2024, 22:19

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Ганцавічы: калі мы сталі мястэчкам? (частка другая)
Пасля адмоўнага рашэння дакументы былі вернуты назад паверанаму графа Гутэн-Чапскага Тамашэўскаму. Ці можна лічыць падставы для адказу грунтоўнымі? Наўрад ці, хаця згодна спасылкаў на прыведзеныя дакументы ўсё правільна, аднак першапрычына мне падаецца ў іншым.

Аднак рушым далей знаёміцца з дакументамі па гэтай справе.

"30 красавіка 1903 года я, ніжэй падпісаны, даю гэтую распіску спадару прыставу 2 ст. Слуцкага павета ў тым, што ад 23 студзеня гэтага года за № 643 хадатайства маё аб заснаванні мястэчка на зямлі давярыцеля майго ва ўрочышчы Ельна, пры станцыі Ганцавічы Палескіх чыгунак, не падляжыць задавальненню – мне абвешчана, а таксама вернуты план на праектуемае мястэчка Ганцавічы атрымаў. Подпіс – павераны графа Станіслава Гутэн-Чапскага дваранін Іван Станіслававіч Тамашэўскі. Подпіс – прыстаў 2 стану Слуцкага павета Сарокін".

Дзіўны факт, але непасрэдна подпіс пад адмовай ад сваёй задумкі ўладальнік маёнтка Ганцавічы Станіслаў Адольфавіч Гутэн-Чапскі паставіў толькі ў 1908 годзе, пры тым, што павераны яго атрымаў гэтыя дакументы ў красавіку 1903 года. Фактычна толькі тады і была пастаўлена кропка ў спробе заснаваць мястэчка Ганцавічы на пачатку ХХ стагодззя.

"Яго Правасхадзіцельству спадару Мінскаму губернатару ад графа Станіслава Адольфавіча Гутэн-Чапскага пражываючага ў маёнтку Бер… Шавелькага павета Ковенскай губерні. Прашэнне: у 1902 годзе састаўлены мною план мяркуемага мястэчка Ганцавічы на зямлі маёй, ад маёнтка майго Ганцавічы, размешчанага ў Мінскай губерні 4-га стану Слуцкага павета пры станцыі Ганцавічы Палескай чыгункі. Гэты праект плану адобраны будаўнічым аддзяленнем Мінскага губернскага праўлення, па пратаколу ад 24 кастрычніка 1902 года за № 436 і я цераз паверанага свайго Шаю Натовіча Хігеровіча прасіў Мінскае губернскае праўленне хадатайстваваць ў сенат аб зацвярджэнні ўказаннага мястэчка Ганцавічы на маёй зямлі. Але сенат мне ў маёй просьбе адказаў.

А пагэтаму пакорна прашу Ваша Правасхадзіцельства мае падпіскі, якія б не былі, аб зацвярджэнні мяркуемага мястэчка Ганцавічы і план якога лічыць надалей для мяне не абавязковым. 10 сакавіка 1908 года. Подпіс – граф С.А. Гутэн-Чапскі".

"Рэзалюцыя губернскага праўлення ад 30 красавіка 1908 года.

Спраўка: уладальнік маёнтка "Ганцавічы Слуцкага павета, граф Гутэн-Чапскі, цераз свайго паверанага, у 1902 годзе хадатайстваваў аб утварэнні на зямлі азначанага маёнтка мястэчка пад назваю Ганцавічы. Пры прашэнні па гэтаму прадмету былі прадстаўлены: план праектуемага мястэчка і дзве падпіскі ад 24 ліпеня і 18 снежня 1902 года аб водпуску зямлі ў безплатнае карыстанне жыхарам пад вуліцы, плошчы, выганы і могілкі і аб прыняцці прасіцелем на сябе абавязкі утрымліваць паліцэйскага ўрадніка ў Ганцавічах, у выпадку калі праектуемае мястэчка будзе зацверджана. Хадатайства графа Гутэн-Чапскага астаўлена было міністрам унутраных спраў не зацверджаным. У сувязі з чым план, прапанаваўшагася к утварэнню мястэчка, вернуты быў 30 красавіка 1903 года паверанаму графа Гутэн-Чапскага – Тамашэўскаму. На сённяшні дзень граф Гутэн-Чапскі паданым прашэннем на імя губернатара просіць лічыць згаданыя подпісы і план не сапраўднымі.

Рэзалюцыя: у сувязі выкладзеным, вярнуць графу Гутэн-Чапскаму, цераз Шавельскае ўезднае паліцэйскае ўпраўленне, подпісы ад 24 ліпеня і 18 снежня 1902 года і аб’явіць, што план праектуемага мястэчка Ганцавічы атрыманы зноўку павераным яго Тамашэўскім 30 красавіка 1903 года; разам з тым паручыць паліцэйскаму ўпраўленню запатрабаваць ад графа Гутэн-Чапскага адну гербавую марку коштам 75 капеек на дадатковую плату яго прашэння".

Справа, да якога разраду аднесці пасяленне Ельна-Ганцавічы (менавіта так названы ў дакуменце – заўвага аўтара) ўсплывае яшчэ ў 1909 годзе. Але здзіўляе адказ будаўнічага аддзялення Мінскага губернскага праўлення: там нават "не ведалі” аб адказе з міністэрства ўнутраных спраў. Канчатковы адказ па гэтаму пытанню даў у сваім пісьме непасрэдна віцэ-губернатар.

"У Мінскае губернскае праўленне ад Слуцкага ўезднага павета ад 28 лістапада 1909 года за № 9485. Уездны з’езд адпаведна пастановы ад 24-га лістапада просіць губернскае праўленне паведаміць з’езду да якога разраду адносіцца пасяленне Ельна-Ганцавічы Слуцкага павета: гарадскому альбо сельскаму і ці зацверджаны план на азначанае пасяленне.

Гэтыя звесткі патрэбны да справы па абвінавачванню паліцыяй Івана Тамашэўскага і графа С.А. Гутэн-Чапскага па 65 і 66 артыкулах устава аб пакараннях. Подпіс – павятовы член суда…”

"Мінскае губернскае праўленне. Будаўнічае аддзяленне. 15 снежня 1909 года № 2109 у першае аддзяленне гэтага ж праўлення. Праправаджаючы пры тым атнашэнне Слуцкага павятовага з’езду ад 28 лістапада 1909 года за № 9485, аб тым да якога разраду адносіцца пасяленне Ельна-Ганцавічы Слуцкага павета: гарадскому альбо сельскаму і ці зацверджаны план на азначанае пасяленне. Будаўнічае аддзяленне апавяшчае першае аддзяленне, што план на гэта пасяленне адобраны будаўнічым аддзяленнем па пратаколу ад 24 кастрычніка 1902 года за № 436 і 30 кастрычніка за № 1998 праправоджаны ў першае аддзяленне для абмеркавання пытання аб адкрыцці гэтага мястэчка. Подпіс – губернскі інспектар".

"19 студзеня 1910 г. У Слуцкі з’езд. У выніку пісьма ад 28 лістапада 1909 года за № 9485 губернскае праўленне апавяшчае, што пасяленне Ельна-Ганцавічы Слуцкага павета к разраду гарадскіх не належыць. У 1902 годзе павераны уладальніка гэтага пасялення графа Гутэн-Чапскага Хігеровіч (прозвішча апошняга ў дакуменце закрэслена алоўкам – заўвага аўтара)… узбудзіў хадатайства аб пераўтварэнні яго ў мястэчка. У міністэрства ўнутраных спраў было прадстаўлена хадатайства паверанага графа Гутэн-Чапскага, а таксама план праектуемага мястэчка, зацверджанага будаўнічым аддзяленнем губернскага праўлення. Азначанае хадатайства прызнана не належачым задавальненню, у выніку чаго згаданы план вернуты паверанаму графа Гутэн-Чапскага Тамашэўскаму. Подпіс – Віцэ-Губернатар".

Паводле статыстычных дадзеных за 1909 год на чыгуначнай станцыі Ганцавічы разам з пасадам, тэрмін "пасёлак” відаць адпаў сам сабою, а – "пасад” фактычна азначае пасяленне пры станцыі, было 48 двароў і 376 жыхароў. У параўнанні з 1902 годам прырост склаў усяго 64 чалавекі(!), што для адрэзку ў сем год, пры адносна стабільным фінансавым становішчы краіны, ды актыўна развіваючайся мясцовай прамысловасці, вельмі малая лічба.

У 1919 годзе ў Варшаве на польскай мове была выдадзена кніга Эдварда Мелішэўскага "Даведнік па Мінскай губерніі". У ёй прыводзіцца апісанне на 1912 год Мінскай губерніі, уваходзячых у яе уездах, існуючых на той час мястэчках і найбольш буйнейшых вёсак. Па Слуцкаму павету ўпамінання пра мястэчка Ганцавічы няма. З чаго можна зрабіць выснову, што такога населенага пункта на 1912 год яшчэ не было.

У жніўні 1914 года пачалася Першая сусветная вайна і можна смела казаць, што пытанне аб утварэнні мястэчка Ганцавічы было адсунута яшчэ на неакрэслены срок.

Пазней тэрмін "мястэчка Ганцавічы" усплывае ў дакументах звязаных з падзеямі Савецка-Польскай вайны 1919-1921 гадоў. "З-за таго, што м. (мястэчка – заўвага аўтара) Ганцавічы, вызваленае ад польскіх банд, спустошана апошнімі і грамадзяне знаходзяцца ў надзвычай цяжкім становішчы, адпусціць Ганцавіцкаму кааператыву для размеркавання паміж бяднейшым насельніцтвам мястэчка наступныя прадукты: солі 50 пудоў, цукру 25 пудоў, запалак 2 тысячы каробак і адну бочку селядцу. 24 чэрвеня 1919 года, Слуцкая павятовая харчкамісія".

Аднак сур’ёзна ставіцца да гэтага дакументу, на мой погляд, няма прычыны. Улада ў тыя гады мянялася літаральна ці не кожны дзень. Хаця дэ факта – па колькасці, занятасці насельніцтва пасёлак відаць больш нагадваў сапраўднае мястэчка. На жаль няма ніякіх архіўных дакументаў па перыяду Першай сусветнай вайны, якія б маглі праліць святло на гісторыю пасялення пры станцыі Ганцавічы, якая ў той час стала чыгуначным вузлом, праз які адпраўлялася на фронт шмат воінскіх фарміраванняў.

Фактычна дэ юрэ тэрмін "мястэчка Ганцавічы" пачаў ужывацца, толькі пасля таго, як заходняя частка Беларусі ўвайшла ў склад Польшчы. Паводле перапісу за 1921 год у мястэчку(!) Ганцавічы, якое складалася з 193 дамоў, налічвалася 1015 жыхароў (496 мужчын і 519 жанчын). Колькасць яўрэяў складала 485 чалавек – амаль палова насельніцтва мястэчка.


Кавалак карты Польскага Геаграфічнага Інстытута, пачатку 1920-х гадоў.
На ёй бачна, як мястэчка Ганцавічы фактычна раздзелена на дзве часткі –
паселішчы пры чыгуначнай станцыі і вакол касцёла на цэнтральнай плошчы

Але ж давайце разгледзім мяркуемыя прычыны для адказу ў заснаванні мястэчка Ганцавічы на пачатку ХХ ст., на якія ўказваюць прама, ці ўскосна цытаваныя ў гэтым артыкуле архіўныя дакументы. На мой погляд прычына фактычна адна – так званая рыса аселасці.

Рыса аселасці (поўная назва – Рыса пастаяннай яўрэйскай аселасці) – ў Расійскай імперыі з 1791 па 1917 год – мяжа тэрыторыі за граніцамі якой забаранялася пастаяннае жыхарства яўрэям (іўдзеям), за выключэннем некалькіх катэгорый. Яўленне ўзнікла з прычыны ўказа Кацярыны ІІ 1791 года, пасля анексіі зямель Рэчы Паспалітай разам з яе яўрэйскім насельніцтвам, як тэрыторыя Расіі, дзе дазвалялася сяліцца і гандляваць яўрэям, якая ахоплівала спецыяльна абумоўленыя населенныя пункты гарадскога тыпу (мястэчкі) значнай часткі Царства Польскага, Літвы, Беларусі, Бесарабіі, а таксама частку тэрыторыі сучаснай Украіны, якая была размешчана ў былых паўднёвых губернях Расійскай імперыі. Канчатковае юрыдычнае афармленне рысы аселасці паведаміла "Палажэнне аб устройстве яўрэяў" 1804 года, якое пералічвала губерніі і тэрыторыі, дзе яўрэям дазвалася сяліцца і гандляваць. А сам тэрмін, першапачаткова "рыса пастаяннага жыхарства яўрэяў" упершыню з’явіўся ў "Палажэнні аб яўрэях" 1835 года.

Нават часовы выезд з рысы аседласці для яўрэяў быў ускладнёны. Пражыванне яўрэяў ў адпаведнасці з указам аб рысе аселасці дазвалялася ў спецыяльна абумоўленых гарадах і мястэчках, але не ў сельскай мясцовасці. Вынікам гэтых абмежаванняў, а таксама абмежаванняў у выбары прафесіі, з’яўлалася надзвычайная цесната яўрэйскіх рамеснікаў і іх сем’яў у мястэчках у межах рысы.

Забарона не распаўсюджвалася толькі на купцоў першай гільдыі, асоб з вышэйшай адукацыяй, сярэдні медыцынскі персанал, рамеснікаў асобай кваліфікацыі ў неабходных галінах, адстаўных ніжніх чыноў, паступіўшых на службу па рэкрутскаму набору.

У пераносным сэнсе паняцце "рыса аселасці" стала сінонімам палітыкі дзяржаўнага антысемітызма, у асаблівасці ў другой палове ХІХ стагоддзя. Антысемітызм гэты асноўваўся на рэлігійнай нецярпімасці, у большасці выпадкаў, не распаўсюджваўся на хрышчоных яўрэяў. Забарона на заняцце сельскай гаспадаркай, абмежаванні пры прыёме ў гімназіі і ўніверсітэты, паўафіцыйныя адносіны да яўрэяў як да абмежаваных ў правах грамадзянаў – ўсё гэта вяло, з аднаго боку, да росту міграцыі яўрэяў у ЗША, сельскагаспадарчай каланізацыі імі Аргенціны і Палесціны, з другой, – радыкалізацыі адукаванай яўрэйскай моладзі, падсілкоўваючай рэвалюцыйныя арганізацыі і партыі.

Рыса аселасці была адменена Часовым урадам пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, хаця фактычна пасля пачатку Першай сусветнай вайны каля 500 000 яўрэяў былі гвалтоўна выселены з прыфрантавых губерній і пераселены ў іншыя губерні Расіі.

Згодна з дадзенымі сайта Расійскай яўрэйскай энцыклапедыі ў 1915 годзе з-за прыбліжэння лініі фронту да чыгуначнай станцыі Ганцавічы: "ўсё мясцовае насельніцтва яўрэйскай нацыянальнасці было выселена".

Аб адносінах царскага ўраду да яўрэйскага насельніцтва ў нашай мясцовасці яскрава сведчыць дакумент датаваны 7 кастрычніка 1888 года: аб дазволе купцу Веніяміну Волу пабудаваць лесапільны завод ў маёнтку Ганцавічы Слуцкага павета, па праекту адобраным будаўнічым аддзяленнем. "…яўрэям не ўзбараняецца эксплуатацыя лясоў, а такім чынам і спосабы для яе аперацый… …забараніць Волу ўзводзіць паблізу завода жылыя пабудовы для пасялення ў іх яўрэяў".

Ці была на самой справе, ў першую чаргу, гуманітарная місія графа Станіслава Адольфавіча Чапскага па ўтварэнню мястэчка Ганцавічы бескарыснай? І ці не зацікаўлівала яго, напрыклад матэрыяльна, у гэтай на самой справе даволі благой справе мясцовае, ў першую чаргу, яўрэйскае насельніцтва. Пра гэта, на жаль можна толькі здагадвацца і будаваць меркаванні, якія вельмі б не хацелася рабіць не на голых, а на пацверджаных дакументамі, высновах. Але знікненне прозвішча мешчаніна Шая Хігеровіча, ў больш позніх дакументах па хадатайніцтву аб заснаванні мястэчка Ганцавічы, магчыма з-за боязі атрымання адмоўнага адказу ў больш вышэйшых інстанцыях чым губернскага ўзроўню, дае права меркаваць, што без уплыву прама, ці ўскосна на гэтую падзею яўрэйскага насельніцтва не абыйшлося.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (12.12.2010) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 2243 | Тэгі: Ганцевичи, Ганцавічы, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.