Пятніца, 26.04.2024, 03:37

ЛІДА

Галоўная »
ЛІДАгорад, цэнтр Лідскага раёна, на р.Лідзея. За 110 км ад Гродна. Вузел чыгунак і аўтамабільных дарог на Гродна, Вільню, Маладзечна, Баранавічы.

Ліда
Ліда
Герб і сцяг Ліды

Упамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў...», складзеным паміж 1387 і 1406 гг. у першапачатковай, найбольш старажытнай частцы «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», напісанай у 1390-х г. У ВКЛ старажытны горад складаўся з замка, княжацкага двара або замкавага фальварка (размяшчаўся на р.Каменка на паўднёвы захад ад замка, пры ім былі млыны, вінакурня і іншыя гаспадарчыя пабудовы), уласна горада (на поўнач ад замка, ад яго гістарычнага цэнтра — рынка адыходзілі 4 вуліцы: Віленская, Замкавая, Каменская і Крывая) і Зарэчча (некалькі дзясяткаў хат). З 1560-х гг. цэнтр павета Віленскага ваяводства. У 1587 г. Ліда атрымала магдэбургскае права, мела герб (выява льва на чырвоным фоне і 2 ключоў — на блакітным).

У XVII ст. пабудаваны кляштар кармелітаў (не збярогся). У руска-польскую вайну 1654 — 1667 гг. і ў Паўночную вайну 1700 – 1721 гг. разрабавана і спустошана. У ХVIII ст. на рыначнай плошчы пабудаваная ратуша (не збераглася). У 2-й палове XVIII ст. каля 1,5 тыс. жыхароў.

Ліда
Ліда на літаграфіі з малюнку Наполеона Орда

З 1795 г. у складзе Расіі, цэнтр павета. У 1797 – 1825 гг. пабудаваны Іосіфаўскі касцёл піяраў. З сярэдзіны XIX ст. будуюцца 1-2-павярховыя мураваныя дамы, арнаментаваныя фігурнай муроўкай. У канцы XIX ст. у сувязі з будаўніцтвам Палескіх чыгунак пачаўся хуткі рост горада. У 1897 г. ужо 8626 жыхароў (з іх 47,2 % непісьменных); працавалі піва-мёдаварнае, тытунёвае, цагельнае і іншыя прадпрыемствы, 3 пачатковыя навучальныя ўстановы, 2 бальніцы, аптэка.

Ліда
Сінагога Галоўная

У пачатку XX ст. каля 1000 жылых дамоў (з іх каля 270 мураваных). У 1912 – 1913 гг. выдавалася газета «Лидское слово»).

З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр павета. З 1939 г. у БССР, горад абласнога падпарадкавання, 33,4 тыс. жыхароў. З 15 студзеня 1940 г. цэнтр раёна.

У Вялікую Айчынную вайну з 27 чэрвеня 1941 па 9 ліпеня 1944 г. акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі; 8 мая 1942 г. яны расстралялі 5670 савецкіх грамадзянаў.

У новым парку на ўскраіне горада знаходзіцца помнік чырвонаармейцам і Курган Бессмяротнасці. У горадзе ўсталяваныя помнікі Ф.Скарыну, А.Міцкевічу, землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, савецкім воінам, воінам-вызваліцелям, партызанам і падпольшчыкам, рабочым і служачым Лідскай абутковай фабрыкі, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, ахвярам фашызму.

Ліда здаўна з'яўлялася цэнтрам керамічнай і шкляной вытворчасці. Лідскай керамікай называюць традыцыйныя ганчарныя вырабы XIV – 1-й паловы XVII стст. У XIV – XV стст. з глінянай масы з дамешкамі жарствы налепам фармавалі тэракотавы кухонны посуд (гаршкі, патэльні, цёрлы, формы для выпечкі і інш.). У XVI ст. гартаваны, чорна-задымлены і глазураваны посуд фармавалі з аднаго кавалка больш тонкай глінянай масы. Пазней асартымент пашырыўся (біклагі, талеркі і інш.). Посуд 1-й паловы XVII ст. аздаблялі белым ангобным пакрыццём, палівай зялёнага, рудога, карычневага колераў.

Ліда
Лідскі замак

Помнік абарончага дойлідства XIV – XV стст. Лідскі замак пабудаваны ў 1330-я гг. Уваходзіў у лінію крапасных умацаванняў Навагародак – Крэва – Меднікі (Мядзінінкай) — Трокі (Тракай). У збудаваннях спалучаюцца рысы раманскай архітэктуры і готыкі. Пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку (вышыня 5 – 6 м), быў абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка і ровам з поўначы (шырыня каля 20 м), які злучаў рэкі і аддзяляў замак ад горада. У плане замак няправільны чатырохвугольнік (бакі каля 80 м) з 2 вуглавымі вежамі.

Асноўнае абарончае значэнне мелі сцены (таўшчынёю ўнізе 2 м, зверху – 1,5, вышынёю да 15 м). Верхняя частка сценаў з баявой галерэяй і байніцамі вымураваная з цэглы. Вежы накрытыя шатровымі дахамі і не выступаюць за перыметр сценаў. У замак вялі 3 уваходы: 2 ва ўсходняй і 1 у паўднёвай сценах. Ахоўваецца дзяржавай.

Ліда
Былы Іосіфаўскі касцёл,
зараз царква Святога Міхаіла Архангела


Помнік архітэктуры канца XVIII – 1-й паловы XIX ст. Іосіфаўскі касцёл піяраў пабудаваны ў 1797 – 1825 гг. у стылі класіцызму. Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаным 8-гранным ліхтаром. Да асноўнага круглага ў плане аб'ёму прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб'ёмы: па восі ўсход-захад – прытвор з 1-калонным порцікам на галоўным фасадзе і 2-павярховая сакрысція, з поўдня і поўначы – невялікія рызаліты. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордэр. Порцік і рызаліты ўвенчаныя трохвугольнымі франтонамі. У другой палове XX ст. у храме размяшчаўся планетарый; цяпер – царква Святога Міхала Архангела (Міхайлаўскі храм).

Ліда
Крыжаўзвіжанскі касцёл

Захаваліся таксама Крыжаўзвіжанскі касцёл (XVIII ст.), пабудаваны паводле праекта архітэктара I.Глаўбіца, капліца Святой Барбары (1930 г.), адметныя будынкі канца ХІХ – пачатак XX ст., старыя каталіцкія могілкі, закладзеныя ў пачатку XIX ст., старыя праваслаўныя могілкі.

Ліда
Капліца Святой Барбары

У горадзе нарадзіліся акадэмікі Аркадзь Мігдал і Пётр Коган, кампазітар Канстанцін Горскі, кінаактрыса Поля Ракса, спартсмен Валерый Цыленць.

Лідскі гісторыка-мастацкі музей адкрыты 24 красавіка 1959 г. Мае больш за 14 тысяч музейных прадметаў асноўнага фонду. Экспануюцца тут і творы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва (разьба па дрэве, чаканка і інш.), узоры вырабаў шклозавода «Нёман».

Паводле перапісу 2009 г. у горадзе 97 629 чалавек. Працуюць 16 сярэдніх і няпоўная сярэдняя школы, гімназія, ліцэй, 33 дашкольныя і 10 пазашкольных установаў, Лідскі каледж, а таксама музычны каледж, 2 прафесійна-тэхнічныя вучэльні, прафесійны ліцэй, дзіцячы дом творчасці, школа мастацтваў і музычная школа.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.