БАБЫЛІ — катэгорыя збяднелых беззямельных сялян у 16 — 19 ст. Назва перайшла з Рускай дзяржавы. Большасць бабылёў жылі ў
вёсках, некаторыя — у
гарадах і мястэчках, займаліся рамяством, дробнымі промысламі, наймаліся на розныя работы. Многія (напрыклад, халупнікі) мелі ўласную хату (халупу), невялікую колькасць жывёлы. Іншыя займалі
камору або кут у чужых дамах і называліся
каморнікамі,
кутнікамі.
Тэрміны «бабылі», «кутнікі» найбольш пашыраны на ўсходзе Беларусі, тэрмін «каморнікі» — на захадзе. Асноўнай павіннасцю бабылей была бабыльшчына — грашовы
аброк (чынш) ад 1 да 4 злотых у год. У асобных уладаннях у 2-й палове 18 ст. выконвалі і іншыя павіннасці (ездзілі з «лістамі», адбывалі варту ў фальварках, памагалі
агароднікам і садоўнікам, плацілі падымнае і інш.). Пасля далучэння Беларусі да Расіі абкладаліся падушным падаткам. У 19 ст. зліліся з іншымі катэгорыямі сялян.
Тэрмін «бабыль» захаваўся, але набыў іншы сэнс: адзінокі, бессямейны чалавек.