ДЗЯТЛАЎСКАЯ КАПЛІЦАГалоўная »
ДЗЯТЛАЎСКАЯ КАПЛІЦА размяшчаецца на старых каталіцкіх могілках на заходняй ускраіне горада Дзятлава Гродзенскай вобласці.
Пабудавана ў 1813 г. з цэглы. У 1906 г. ўладальнік маёнтка Накрышкі памешчык С. Стравінскі рэканструяваў яе паводле праекта віленскага архітэктара А.Клейна пад родавую пахавальню (зроблены склеп і ўваход у яго).
Помнік архітэктуры класіцызму. Уяўляе сабой закруглены ў алтарнай частцы прамавугольны аб'ём пад двухсхільным дахам, які на галоўным фасадзе выступае трохвугольным франтонам вынаснога чатырохкалоннага тасканскага порціка. Над франтонам пастаўлена невялікая чатырохгранная вежа-званіца, над апсідай — чатырохгранная сігнатурка. Уваход аформлены прамавугольным парталам з рамай-плакеткай наверсе.
Зала асветлена дзвумя высокімі арачнымі вокнамі, прарэзанымі ў сценах метровай таўшчыні. Ілюзорны архітэктанічны алтар выкананы фрэскавай размалёўкай у вохрыстай каляровай гаме. Пад капліцай сутарэнні, перакрытыя латковымі скляпеннямі па таўравых бэльках; у сценах нішы для пахаванняў.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|