ГРОДЗЕНСКІ КАСЦЁЛ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІГалоўная »
ГРОДЗЕНСКІ КАСЦЁЛ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ размяшчаецца ў горадзе Гродна ў мікрараёне Вішнявец, на вуліцы Кабяка. Пабудаваны ў 1999—2002 гг. з цэглы (парафія існуе з 1995 г.) паводле праекта архітэктараў А.А.Штэна і З.В.Казакевіча. Тэрыторыя храма ў 2006 г. акаймавана металічнай агароджай на мураваных слупах. Парафія налічвае звыш сямі тысяч прыхаджан.
Твор архітэктуры неаканструктывізму. Асіметрычна-дынамічную пірамідальную кампазіцыю фарміруюць ромбападобны ў плане аб'ём малітоўнай залы і чатырохгранная вежа-званіца. Да алтарнай часткі далучаны двухпавярховае крыло плябаніі і парафіяльнага цэнтра.
Унутры зала перакрыта сістэмай маналітных бетонных плоскіх і рабрыстых скляпенняў. Цэнтральны алтар з абразом «Божая Міласэрнасць» напісаны гродзенскім мастаком В.Этолем. Справа ў прэсбітэрыі пастаўлена скульптура святога Пія, у нішах бакавых сцен — Маці Божай і святога Юзафа. На алтарнай сцяне разьбяное ўкрыжаванне на фоне стукавых праменняў. У сутарэннях храма створана капліца.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|