ЛІДСКІ КАСЦЁЛ БЕЗЗАГАННАГА ЗАЧАЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІГалоўная »
ЛІДСКІ КАСЦЁЛ БЕЗЗАГАННАГА ЗАЧАЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ размяшчаецца ў жылым раёне «Слабада» горада Ліда Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 2002 г. з цэглы.
Вырашаны ў сучасных архітэктурных формах («хай-тэк»). У аснове кампазіцыі прамавугольны ў плане неф пад двухсхільным дахам. Фасады інтэнсіўна раскрапаваны вуглаватымі эркерамі, вышэйшы з якіх на франтальным фасадзе з'яўляецца званіцай. Архітэктурны эфект дасягаецца спалучэннем высакаякаснай цаглянай муроўкі і зашклення разнастайных «рубленых» па форме праёмаў. Двухгранны эркер, які навісае над цэнтральным уваходам, завершаны скульптурай Хрыста. Унутры зала перакрыта кесаніраванай столлю, расчлянёна гранёнымі слупамі на тры нефы.
Побач з касцёлам размешчана капліца, пабудаваная ў 1933 г. з дрэва.
Твор архітэктуры канструктывізму. Вырашаны прамавугольным у плане трохнефавым зрубам пад вальмавым дахам і бакавымі аднасхільнымі пакрыццямі. Шырокі фасад фланкіраваны прысадзістымі чатырох’яруснымі чатырохграннымі вежамі пад пакатымі шатровымі пакрыццямі. Вертыкальна ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|