МАГІЛЁЎСКАЯ ШКОЛА ДОЙЛІДСТВА склалася ў 17 — 18 стст. у грамадскім і культавым дойлідстве Магілёва. Ландшафтныя ўмовы забудовы
горада абумовілі перавагу вышынных ярусных кампазіцый (вежы
Магілёўскага замка,
Магілёўскай ратушы і інш.).
У 17 ст. на творчасць майстроў школы ўплываў стыль рэнесанс, у 18 ст. —
барока, які павысіў ролю дэкору ў аздабленні фасадаў і інтэр'ераў будынкаў. Найбольш значныя дасягненні школы ў мураваным культавым дойлідстве. Храмы звычайна будавалі крыжова-цэнтрычныя, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Успенская цэрквы). Для іх характэрны сінтэз структур старажытна-рускіх 3-апсідных крыжова-купальных храмаў і заходне-еўрапейскіх 3-нефавых базілік.
Найбольш выразна традыцыі школы ўвасоблены ў цэрквах Богаяўленскай, Мікалаеўскай і Спаса-Праабражэнскай. Асноўную мастацкую ролю ў інтэр'ерах адыгрывалі разныя іканастасы,
алтары,
ківоты і іншыя элементы ў традыцыях беларускай рэзі. У 2-й палове 18 ст. школа заняпала.
Магілёў. Мікалаеўская царква Захаваўся помнік
Магілёўскай школы дойлідства — Мікалаеўская царква.