Пятніца, 19.04.2024, 06:10

НАРМАНЫ

Галоўная »
НАРМАНЫ (ад скандынаўскага northman паўночны чалавек) — скандынавы, удзельнікі гандлёва-грабежніцкіх і заваявальных паходаў у Еўропе ў канцы 8 — сярэдзіне 11 ст. Ва ўсходніх славян называліся варагамі, у самой Скандынавіі — вікінгамі. Атрады нарманаў складаліся пераважна са шведаў, нарвежцаў, данаў, уваходзілі таксама фіна-угры, балты, славяне і інш. У 9 ст. захапілі Паўночна-Усходнюю Англію, у 10 ст.— Паўночную Францыю. Дасягнулі Паўночнай Амерыкі.

У рускіх крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў», дзе змешчана легенда пра «запрашэнне варагаў». Легенда з’явілася асновай для ўзнікнення ў 18 ст. нарманскай тэорыі паходжання дзяржавы ва ўсходніх славян. Яе стваральнікі (нямецкія гісторыкі Г.3. Баер, Г.Ф. Мілер, А.Л. Шлёцэр) і прыхільнікі лічылі, што Старажытнаруская дзяржава была заснавана ці захоплена нарманамі (варагамі) у 9 ст., яны склалі кіруючы клас феадалаў, княжацкую дынастыю і прынеслі нават назву Русь. Супраць нарманскай тэорыі ў 18 — 19 ст. выступалі М.В. Ламаносаў, Дз.I. Ілавайскі, С.А. Гедэонаў, У.I. Ламанскі і інш. Яны даказвалі, што ўдзел нарманаў (варагаў) у гісторыі ўсходніх славян быў мінімальны. Савецкія (Б.Дз. Грэкаў, М.М. Ціхаміраў, Б.А. Рыбакоў, Т.Н. Аляксеева і інш.) і замежныя (Г. Лаўмянскі, К. Тымянецкі) даследчыкі на падставе летапісных, археалагічных, тапанімічных, антрапалагічных і іншых матэрыялаў даказалі, што ўзнікненне Старажытна-рускай дзяржавы абумоўлена працэсамі ўнутранага сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця славян. Паяўленне нарманаў адбылося, на іх думку, у час, калі групы ўсходніх славян — палачане, дрыгавічы, драўляне, паляне, ільменскія славяне і іншыя — мелі свае сацыяльна-палітычныя і тэрытарыяльныя аб’яднанні («княжанні»), класавае грамадства, гарады, рамёствы і іншае.

На землях Сярэдняга Падняпроўя, паводле візантыйскіх, арабскіх і іншых крыніц 8 — пачатку 9 ст., было пашырана тапанімічнае і этнічнае вызначэнне «Рось», «Рос», якое ў 9 — 11 ст. трансфармавалася ў палітонім і этнонім «Русь» (магчыма, пад уплывам паўночных груп усходне-славянскага насельніцтва, напрыклад Наўгародчыны, тапаніміка якой багата назвамі з коранем рус).

Адносіны паміж усходнімі славянамі і нарманамі былі складанымі і насілі неаднолькавы характар. У 9 — 10 ст. мела месца ваенная экспансія на ўсходне-славянскія землі. Летапісы паведамляюць, што некаторы час крывічы, славяне і іншыя плацілі дань варагам. У той жа час некаторыя ўсходне-славянскія землі запрашалі варажскіх князёў (конунгаў) да сябе на княжанне (напрыклад, у 10 ст., згодна летапісам, Рагвалода ў Полацк і Тура ў Тураў). У 10 — 11 ст. нарманы наймаліся на службу да рускіх князёў, удзельнічалі ў сумесных паходах на Візантыю, Хазарыю, выступалі ў ролі паслоў, займаліся гандлем на шляху «з варагаў у грэкі».

Цесныя сувязі беларускіх зямель з краінамі Скандынавіі і Паўночнай Еўропы былі абумоўлены іх геаграфічным становішчам. Ад Балтыйскага (Варажскага) мора па Заходняй Дзвіне праз паўночныя беларускія землі да Дняпра ішоў найбольш кароткі шлях ад скандынаўскіх гандлёвых цэнтраў ва Усходнюю і Паўднёвую Еўропу. У скандынаўскіх сагах 9 — 11 ст. адным з буйных усходне-славянскіх гандлёвых цэнтраў названы Полацк. Эканамічныя сувязі Полацка (таксама Віцебска, Смаленска) са Скандынавіяй і Прыбалтыкай існавалі і ў 12 — 15 ст., што абумовіла пранікненне на Беларусь скандынаўскіх мер вагі і аб’ёму (беркавец, барыл і іншыя), розных рэчаў ваеннага і гандлёвага прызначэння, некаторых элементаў матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Аўтар: I.У. Чаквін
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.