Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Субота, 03.06.2023, 00:33 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ДРЫГАВІЧЫГалоўная »ДРЫГАВІЧЫ – адно з племянных аб’яднанняў усходніх славян. Назва паходзіць, мабыць, ад слова "дрыгва". Паводле археалагічных даследаванняў усходняя мяжа рассялення праходзіла па Дняпры, паўночная па лініі Барысаў – Лагойск – Заслаўе, а таксама вярхоўе Нёмана, на поўдні мяжа пераходзіла за Прыпяць, на захадзе праходзіла па Выганашчанскім балоце (на поўнач ад Пінска; на думку У.З.Завітневіча, В.В.Сядова) або пераходзіла Заходні Буг (на думку А.У.Успенскай, Я.І.Цімафеева, К.Мусяновіч). ![]() Папярэднікамі дрыгавічоў у 6 – 8 стст. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны. Найбольш старажытныя археалагічныя помнікі дрыгавічоў – курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, пашыраны на Прыпяці, Бярэзіне, правабярэжжы Дняпра, у вярхоўях Случы, Арэсы з канца 10 ст. – могільнікі з трупапалажэннем на гарызонце або ў падкурганнай яме, зрэдку на попельна – вугальнай падсыпцы. Пахавальны інвентар бедны. Трапляюцца гліняныя гаршкі, нажы, спражкі, крэсівы, наканечнікі коп’яў, сякеры, зрэдку драўляныя зрубы з 2-схільным дахам, у жаночых пахаваннях – пацеркі з каляровага шкла, бронзавыя кольцы, пярсцёнкі і бранзалеты. Дрыгавічы ўпершыню ўпамінаюцца ў недататаванай частцы "Аповесці мінулых гадоў" у сувязі з падзеямі, што папярэднічаюць 9 ст., а таксама візантыйскім гісторыкам Канстанцінам Багранародным у 10 ст. (948), у старажытна-рускіх летапісах (1149). Належалі да больш развітых у сацыяльных адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё палітычнае аб’яднанне – "княжанне". Характэрная племянная адзнака – медныя або сярэбраныя пацеркі, упрыгожаныя напаянымі на іх паверхню сярэбранымі шарыкамі, т.зв. зярнёныя пацеркі. Такія пацеркі разам са шклянымі і каменнымі, а таксама металічныя манетападобныя прывескі, аздобленыя ўзорамі з напаяных або адлітых разам з асновай шарыкаў, насілі як маніста на шыі. Тры зярнёныя пацеркі меншых памераў замацоўваліся на скроневых кольцах. Дрыгавічы займаліся ворыўным земляробствам, агародніцтвам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, рамёствамі (жалезаапрацоўчае, ювелірнае, касцярэзнае, гарбарнае, ганчарнае, дрэваапрацоўчае), хатнімі промысламі (прадзенне, ткацтва). У 10 ст. іх землі ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі. На тэрыторыі дрыгавічоў узнікла Тураўскае княства, паўночна-ўсходняя частка трапіла ў Полацкае княства. Найбольшыя гарады: у 10 ст. Тураў, у 11 ст. Брэст, Пінск, у 12 ст. Слуцк, Клецк, Рагачоў, Мазыр, Драгічын, паводле археалагічных матэрыялаў – Давыд-Гарадок. Аўтар: Крыніца: Этнаграфія Беларусі |
|