Субота, 20.04.2024, 02:17

НАРЫС

Галоўная »
НАРЫС — эпічны жанр, што сінтэзуе заканамернасці навуковага і мастацкага спазнання. Рэальны факт і вобраз суіснуюць як цэласнае двухадзінства публіцыстычнага зместу і формы. Спецыфіка нарыса выяўляецца ў адкрытай тэндэнцыйнасці задумы, выразнасці пазіцыі аўтара, аператыўнасці асвятлення надзённых праблемаў сучаснасці. Для нарыса характэрныя свабода сюжэтна-кампазіцыйнай будовы, вялікая колькасць жанравых разнавіднасцяў (падарожны, партрэт, даследаванне, эсэ і інш.).

Элементы нарыса былі ў розных жанрах літаратуры Старажытнай Русі: летапісах, жыціях, хаджэннях, хроніках, словах («Слова аб палку Ігаравым»), пазней — у палемічнай літаратуры 2-й паловы XVI — 1-й паловы XVII ст.

Вытокі беларускага нарыса — у палемічнай літаратуры 2-й паловы XVI — 1-й паловы XVII ст. («Трэнас» М. Сматрыцкага, «Дыярыуш» А. Філіповіча і інш.). Зараджэнне нарыса як жанру ў беларускай літаратуры адносіцца да сярэдзіны XIX ст. (краязнаўчыя нататкі П. Шпілеўскага, У. Сыракомлі). Фрагменты нарыса ёсць у этнаграфічных працах П. Шэйна, Б. Раманава, М. Нікіфароўскага (2-я палова XIX — пачатак XX ст.). Зрух у развіцці нарыса абумоўлены ўзнікненнем першых легальных нацыянальных выданняў (газеты «Наша доля», «Наша Ніва», 1906).

Пачынальнікамі нарыса былі першапраходцы новай беларускай літаратуры: Ядвігін Ш. («Лісты з дарогі»), Янка Купала («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры»), Цётка («3 дарогі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю»), Максім Багдановіч («3 летніх уражанняў»), Якуб Колас («3 румынскага фронту»), Максім Гарэцкі («На імперыялістычнай вайне»).

Паскоранае развіццё нарыса адбывалася ў 1920-я — пачатку 1930-х гг. На старонках перыядычных выданняў і кніг адлюстраваныя рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў жыцці вёскі і горада: «1200 вёрст па Беларусі» Міхася Чарота, «Падарожжа на новую зямлю» Міхася Зарэцкага, «Па сонечным шляху» Bасіля Сташэўскага, «Наступ на горны» Цішкі Гартнага, «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» Платона Галавача і інш. 3 нарысамі выступалі Якуб Колас, Кузьма Чорны, Ян Скрыган, Міхась Лынькоў, Змітрок Бядуля, Эдуард Самуйлёнак, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Xвядос Шынклер, Cымон Баранавых, Уладзімір Мяжэвіч, Юрка Лявонны і інш.

У Вялікую Айчынную вайну публіцыстыка цэнтральнага і армейскага друку (творы Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Лынькова) адлюстроўвала характэрнае ў жыцці фронту, тылу, акупаванай тэрыторыі Беларусі. У пасляваенны час апублікаваны цыкл «Шляхамі вайны» Лынькова, «У родных лясах» Георгія Шчарбатава, «Пульс жыцця» і «Дзённік сувязіста» Шынклера і інш.

Набыткі 1950 — 1960-х гг., пераважна «вясковага» нарыса, вызначаныя арыентацыяй на праўдзівы паказ жыцця: «Светлы шлях» і «Зямныя вузлы» I. Дуброўскага, «Ключы ад Сезама» і «Дзівасіл» В. Палтаран. Урбаністычная тэма прадстаўленая ў У. Дадзіёмава, Л. Кулакоўскага, В. Мысліўда, Э. Ялугіна і інш. Нарыс пашырыў свае геаграфічныя абсягі: «Вачыма друга: Польскі дзённік» і «На другім баку планеты» Янкі Брыля, «Ліпень у дарозе» Iвана Мележа, «За акіянам» Міхася Лынькова, «Казкі янтарнай краіны» Уладзіміра Караткевіча, «Два месяцы ў Нью-Ёрку» Iвана Шамякіна, «Эль Махрыб» Віталя Вольскага і інш.

Атрымала развіццё тэндэнцыя паглыблення гістарызму ў нарысе: «Зямля маіх продкаў» Б. Сачанкі, «Акно, расчыненае ўзіму» і «Па зялёную маланку» Я. Сіпакова, «Зямля пад белымі крыламі» Уладзіміра Караткевіча, «Астравеччына, край дарагі» Адама Мальдзіса і інш. Аналітычны нарыс 1970 — 1980-х гг. азначыў непаўторнасць творчай індывідуальнасці публіцыстаў: «Гамоніць Палессе» і «Час сеяць і час жаць» Дуброўскага, «Дыханне», «Далёка наперадзе» і «На маёй далоні — лінія ракі» А. Казловіча, «Час гаспадароў» М. Герчыка, «Чорны хлеб» Васіля Праскурава, «Дайсці да ладу» і «Вясковыя дыспуты» В. Якавенкі, «Хлеб і мужнасць» Л. Левановіча і інш. Ідэйна-тэматычны змест у 1990-х гг. вызначаны працэсамі сацыяльна-эканамічнай і псіхалагічнай перабудовы, творчай пераарыентацыяй і адпаведна наяўнасцю альтэрнатыўных пазіцыяў, поглядаў, пераважна па праблемах тэмах дзяржаўнага будаўніцтва, нацыянальнага адраджэння — далейшага развіцця беларускай мовы і культуры.

Тэма першага плана ў нарысе — экалогія і дэмаграфія Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы: «Сталі воды горкімі» В. Гігевіча і А. Чарнова, «Калі б ды каб жа» Казловіча, «Чарнобыль. Дзесяць гадоў пасля» Якавенкі, «Вяртанне ў радыяцыю» Левановіча, зборнік «Лісты да жывых. Дайджэст газеты "Набат"» і інш. Тэма аховы духоўных скарбаў спадчыны, уздыму культуры, маральнага аздараўлення сучаснага грамадства ў кнізе нарысаў «Крыж на зямлі і поўня ў небе» В. Карамазава, «Расплата: Сямейная хроніка» У. Глушакова, «Зерне да зерня», «Хто мы, адкуль мы...» А. Марціновіча, «Гаснуць вулканы» Дуброўскага, «Палескія вандроўнікі» Г. Пашкова, у дзённіку «Бацькі і дзеці» і нарысе «Падранкі» У. Ліпскага і інш.

На матэрыяле мінулага ў нарысе розных формаў і памераў асэнсоўваюцца надзённыя праблемы дэмакратызацыі і гуманізацыі жыцця: «Без эпітафіі» Э. Ялугіна, «Такія сінія снягі» і «Зона маўчння» С. Грахоўскага і інш.

Крыніца: "Краязнаўчая газета”
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.