Субота, 27.07.2024, 06:44

НАЗЕМНАЕ ЖЫТЛО

Галоўная »
НАЗЕМНАЕ ЖЫТЛО — агульнапрынятая ў археалогіі назва старажытнай жылой пабудовы, што ставілася непасрэдна на паверхні зямлі.

Узніклі ў эпоху палеаліту і ўяўлялі сабой лёгкія часовыя жытлы, што засцерагалі ад непагадзі. У познім палеаліце і мезаліце побач з паўзямлянкавымі жытламі існавалі круглыя або авальныя ў плане наземныя жытлы тыпу чумаў з агнішчамі ўнутры.

У неаліце пашырыліся круглыя або авальныя (у канцы неаліту прамавугольныя) у плане жытлы слупавой канструкцыі плошчаю 12 — 15 м² з агменямі ў выглядзе каменнай вымасткі, часам абкладзенай па краях буйнымі камянямі або заглыбленай у зямлю на 0,1 — 0,2 м. Перакрыцце абапіралася на слуп, што размяшчаўся ў цэнтры жытла.

У бронзавым веку існавалі прамавугольныя ў плане наземныя жытлы слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі і 2-схільнымі перакрыццямі. У раннім жалезным веку пашырыліся больш складаныя і разнастайныя па архітэктурных асаблівасцях жытлы, што існавалі побач з паўзямлянкамі. Для плямёнаў мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры характэрныя аднакамерныя квадратныя або прамавугольныя ў плане будынкі слупавой канструкцыі плошчаю ад 10 да 20 — 24 м². Характэрная асаблівасць мілаградскіх жытлаў — наяўнасць выступу прамавугольнай, круглай ці авальнай формы ў адной са сценаў або вуглоў. Агнішчы часам заглыбляліся ў зямлю на 0,1 — 0,5 м. 2-схільныя стрэхі абапіраліся на цэнтральны і дадатковыя слупы, што размяшчаліся на адной лініі. Наземныя жытлы плямёнаў культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культуры былі аднолькавыя і ўяўлялі сабой доўгія дамы слупавой канструкцыі з бярвёнаў таўшчынёй 0,25 — 0,3 м, падзеленыя на некалькі (ад 2 да 5) жылых памяшканняў плошчаю ад 10 — 15 да 20 — 25 м². Унутры памяшканняў былі агнішчы круглай, авальнай або падковападобнай формы з пласта пяску 0,1 — 0,15 м, абкладзенага камянямі ці валікам гліны (дыяметр круглых агнішчаў 1,1 — 1,5 м, даўжыня авальных 1,5 — 1,8 м, шырыня 0,8 — 1,3 м).

У IV — V стст. з’явіліся аднакамерныя жытлы, разлічаныя на малую сям’ю. У плямёнаў культуры тыпу Банцараўшчыны існавалі наземныя і паўзямлянкавыя жытлы. Большасць наземных жытлаў плошчаю 10 — 15 м² мелі чатырохвугольную форму, слупавую і зрубную канструкцыю. Агмені ў выглядзе каменнай вымасткі, абмазанай глінай, таўшчынёй 0,1 — 0,12 м, круглай (дыяметрам 1,7 м) або авальнай (даўжыня2,4 м,шырыня2,1 м) формы размяшчаліся пасярэдзіне жытла, часам трапляліся печы-каменкі. Перакрыцці 2-схільныя.

Для эпохі Старажытнай Русі характэрныя надземныя жытлы з бярвёнаў, аднакаморныя з 2-схільнай страхой. Унутры, у адным з кутоў, на драўляных насцілах («апечках») размяшчаліся глінабітныя печы без комінаў. У жытлах сельскіх паселішчаў былі печы-каменкі. На аснове старажытнага надземнага жытла развіліся разнастайныя тыпы і формы беларускага народнага жылля.

Крыніца: Краязнаўчая газета
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.