Серада, 24.04.2024, 04:22

НOPMA ЛITAPАТУРНАЯ

Галоўная »
НOPMA ЛITAPАТУРНАЯ — прынятыя ў грамадска-маўленчай практыцы адукаваных людзей правілы ўзорнага вымаўлення, адпаведнага словаўжывання, выкарыстання граматычных і іншых моўных сродкаў. Гэта галоўнае паняцце літаратурнай мовы і культуры мовы, адна з найважнейшых умоваў стабільнасці, адзінства літаратурнай нацыянальнай мовы — асновы шматвекавой нацыянальнай літаратуры. Яна складаецца ў выніку сацыяльна-гістарычнага адбору моўных элементаў, што існуюць, ствараюцца або бяруцца з пасіўнага запасу мінулага. Як катэгорыя гістарычная, норма літаратурная ў пэўнай меры ўстойлівая, стабільная, што з'яўляецца асновай яе функцыянавання, і адначасова зменлівая, што вынікае з самой прыроды мовы як з'явы сацыяльнай, што знаходзіцца ў пастаянным развіцці разам з тварцом і носьбітам роднай мовы — грамадствам.

Паняцце мае ўнутрымоўныя і пазамоўныя характарыстыкі. Асноўная пазамоўная характарыстыка — сацыяльная абумоўленасць, паколькі ў паняцце норма літаратурная кожная гістарычная эпоха ўносіць свой змест. У класавым грамадстве яна знаходзіцца пад уздзеяннем класавых стасункаў і мае ярка выражаную сацыяльную афарбоўку. Цягам XX ст. літаратурная мова ўпершыню стала прыналежнасцю ўсяго народа. Асноўная ўнутрымоўная характарыстыка нормы літаратурнай — яе сувязь з тэмай і структурай мовы. У адпаведнасці з рознымі ўзроўнямі мовы вылучаюцца фанетычная, лексічная, марфалагічная і сінтаксічная нормы. Для пісьмовага маўлення існуюць арфаграфічныя нормы — сістэма правілаў, што рэгламентуе адзіную перадачу гукавой мовы на пісьме, і пунктуацыйныя нормы — сістэма правілаў выкарыстання знакаў прыпынку. Для вуснага маўлення існуюць арфаэпічныя нормы — сістэма правілаў, што рэгламентуе адзінае вымаўленне. На розных узроўнях мовы ступень устойлівасці нормы літаратурнай, яё звязанасці з сістэмай і структурай розная. У фанетыцы моўная сістэма цалкам вызначае норму літаратурную (напрыклад, у беларускай мове вымаўленне «а» пасля мяккіх зычных), што стварае паняцце ўзору, ідэалу правільнага вымаўлення. У галіне лексікі пераважае змястоўны бок: правільнасць, дакладнасць і стылістычная апраўданасць слова.

Для адлюстравання і стабілізацыі сістэмы моўных сродкаў розных функцыянальных стыляў мовы існуе стылістычная норма, паколькі ў кожнай развітой мове паралельна існуюць стылістычныя варыянты моўных сродкаў [параўн.: «размяшчэнне» — «дыслакацыя» (навук. стыль); «спецыяліст» — «спец» (размоўны стыль)]. Адрозніваюцца нормы літаратурныя абавязковая (імператыўная) і не строга абавязковая (дыспазітыўная). Парушэнне імператыўных нормаў расцэньваецца як слабае, кепскае валоданне мовай (парушэнні па прыналежнасці да граматычнага роду, скланення, спражэння і інш.). Дыспазітыўныя нормы дапускаюць стылістычна адметныя або нейтральныя варыянты(«вяроўка» — «шворка», «вонкавы» — «знадворны» — «надворны» — «знешні», «правіл» — «правілаў», «ночы» — «начы»), што звычайна звязаныя з развіццём нормы літаратурнай і з'яўляюцца пераходнымі ступенямі ад састарэлай да новай, служаць сродкамі ўніфікацыі або, наадварот, стылістычнага адрознення моўных элементаў.

Фармаванне нормы літаратурнай сучаснай беларускай мовы звязанае з развіццём самой мовы. Пашырэнне грамадскіх і культурных функцый беларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім, a таксама ўзаемадзеянне беларускай мовы гэтага перыяду з царкоўнаславянскай, украінскай, рускай, літоўскай, польскай і цюркскімі мовамі садзейнічалі ўдасканаленню граматычнай структуры і слоўнікавага складу, фармаванню лексічных і граматычных нормаў. У набліжэнні літаратурнай нормы да жывой народнай мовы значны ўнёсак зрабілі Ф. Скарына, С. Будны, В. Цяпінскі, Л. Зізаній, М. Сматрыцкі, Л. Карповіч, А. Філіповіч і інш. 3 2-й паловы XVII ст. амаль поўнасцю страчваецца пераемнасць пісьмовых традыцыяў і нормы літаратурнай у развіцці беларускай мовы, якая блізу двух стагоддзяў была змушаная бытаваць пераважна ў дыялектнай форме.

Нацыянальна-вызвольны pyx I рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў прывялі да ўзнікнення новай беларускай літаратурнай мовы. Найбольш значную ролю ў станаўленні нормы новай беларускай літаратурнай мовы адыгралі пісьменнікі В. Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч, аўтары ананімных вершаў і гутарак, паэмаў «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», К. Каліноўскі, паэт Янка Лучына і інш. Характэрныя асаблівасці новай беларускай мовы — яе народна-дыялектная аснова, нязначная сувязь з пісьмова-моўнай традыцыяй і літаратурнай нормаю папярэдніх стагоддзяў, поўная свабода ад царкоўнаславянізмаў. У гэты перыяд выпрацоўка адзіных арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў стрымлівалася выкарыстаннем дзвюх графічных сістэмаў (лацінкі польскай мадыфікацыі і кірыліцы рускага варыянта). Негатыўным сацыяльным фактарам станаўлення нормы было тое, што фармаванне літаратурнай мовы праходзіла ва ўмовах нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. У літаратурнай беларускай мове XIX ст. не было сталых арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў, адсутнічалі такія прыкметы, як стылістычная дыферэнцыяцыя, агульнаабавязковасць і прыдатнасць для розных мэтаў зносінаў. Новы этап у станаўленні нормы літаратурнай звязаны з рэвалюцыяй 1905 — 1907 гг., са з'яўленнем легальных беларускіх выдавецтваў і друкаваных перыядычных органаў.

Выпрацоўцы асноўных правапісных, граматычных, лексічных і арфаэпічных нормаў садзейнічала пашырэнне функцыяў беларускай мовы, яе актыўнае выкарыстанне ў публіцыстыцы, навуковых стылях, у навукова-педагагічных выданнях і дзелавых паперах; а таксама літаратурная дзейнасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага і інш. Пасля рэвалюцыі 1917 г. і стварэння БССР пачалася навукова абгрунтаваная праца над упарадкаваннем нормаў літаратурнай мовы, распрацоўка і нармалізацыя навуковай тэрміналогіі. У 1920-я гг. значная праца была праведзеная Навукова-тэрміналагічнай і Арфаграфічна-тэрміналагічнай камісіямі Інбелкульта. Выпрацоўцы адзіных нормаў садзейнічала шырокае абмеркаванне спрэчных пытанняў у друку (у «Бюлетэні Інстытута беларускай культуры», «Запісках аддзела гуманітарных навук», у часопісе «Плуг», «Адраджэнне»), а таксама рэформы азбукі і правапісу. Значную ролю ва ўстанаўленні арфаграфічных і лексічных нормаў адыгралі перакладныя руска-беларускі і беларуска-рускі слоўнікі, «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5 тамах і яго перавыданні, «Вялікі слоўнік беларускай мовы » Фёдара Піскунова ды іншыя выданні.

Крыніца: «Краязнаўчая газета», № 3 (596) студзень 2016 г.;
«Краязнаўчая газета», № 4 (597) студзень 2016 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.