Субота, 27.07.2024, 03:54

ПАРТЭСНЫЯ СПЕВЫ

Галоўная »
ПАРТЭСНЫЯ СПЕВЫ (ад позналац. partes галасы, мн. лік ад лац. pars частка, удзел) — від харавых шматгалосых прафесійных царкоўных і свецкіх спеваў, заснаваны на акордава-гарманічным прынцыпе, гамафоннай мелодыі і падзеле хору на партыі (дыскант, альт, тэнар, бас).

Усходнеславянскія праваслаўныя партэсныя спевы ў адрозненне ад каталіцкіх і ўніяцкіх (з удзелам аргана і іншых музычных інструментаў) не мелі інструментальнага суправаджэння. На тэрыторыі Беларусі вядомыя з другой паловы XVI стагоддзя, у канцы XVI—XVII стагоддзяў пашырыліся на ўсёй тэрыторыі. У бібліятэках Аршанскага, Віцебскага, Крычаўскага, Магілёўскага, Мінскага, Мсціслаўскага, Навагрудскага, Нясвіжскага і Слуцкага брацтваў знойдзеныя рукапісы літургічных песнапенняў першай паловы XVII стагоддя на 4, 5, 6, 8, 12 галасоў. Узоры чатырохгалосых твораў змешчаныя ў беларускім Ірмалагіёне 1638 года. Стыль першых прафесійных гарманізацыяў быў цесна звязаны з народным песенным шматгалоссем. Мелодыі часам пераймаліся са знаменнага распеву, кантаў, псалмоў. Запісвалі творы пяцілінейнай кіеўскай (квадратнай) натацыяй.

Тэксты для твораў партэсных спеваў браліся з літургіі, усяночнай і іншых царкоўных службаў; выкарыстоўваліся і свецкія тэксты. Першы помнік рускай кантавай культуры — «Псалтыр рыфматворны» Сімяона Полацкага і кампазітара В.Цітова. Мелодыі «Псалтыра...» гарманізаваныя адпаведна беларускай традыцыі, у музычных адносінах цесна звязаныя з беларускім знаменным распевам. Адным з цэнтраў распаўсюджання партэсных спеваў на землях Беларусі быў Куцеінскі Богаяўленскі манастыр пад Оршай (у сярэдзіне XVII стагоддзя пераведзены ў Іверскі манастыр на Валдаі, пазней у Нова-Іерусалімскі пад Масквой), які стаў на пэўны час цэнтрам развіцця новых плыняў у мастацтве — музыцы, паэзіі, жывапісе. Шмат беларускіх тэкставых і музычных (пеўчых) рукапісаў было вывезена ў Маскву (зберагаюцца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве і іншых архівах).

Навучаліся партэсным спевам у брацкіх школах. Кожнае беларускае брацтва мела хор, які ўдзельнічаў і ў паказах школьнага тэатра. Руская разнавіднасць партэснага спеву — радковыя спевы (на 2, 3, 4 галасы), што падрыхтавалі глебу для новага шматгалосага стылю.

У Масковію партэсныя спевы прынесеныя ў сярэдзіне XVII стагоддзя выхадцамі з Беларусі і Украіны (вядомыя імёны беларускіх музыкантаў XVII стагоддзя 3.Гламазінскага, I.Дзякоўскага, I.Календы, I.Канюхоўскага, I.Коклі, Д.Рагачэўскага, дзяка Тызенгаўза). Беларускі спявак А.Беражанскі працаваў у Маскве ў 1652 годзе. У 1655 годзе ў маскоўскім Андрэеўскім манастыры 28 беларускіх («літоўскіх») пеўчых выконвалі партэсныя творы.

Творы партэсных спеваў другой чвэрці XVIII стагоддзя зазналі ўплыў заходнееўрапейскай, асабліва італьянскай, музыкі, напісаныя пераважна ў жанры духоўнага харавога канцэрта (на 6, 8, 12, 24 галасы). Найбольшага росквіту жанр харавога канцэрта дасягнуў у творчасці Д.Бартнян-скага.

Партэсныя спевы адыгралі вялікую ролю ў развіцці прафесійнага мастацтва, у фармаванні жанраў кантаты, гімна, панегірычнага і віктарыяльнага канта.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №16 (705) красавік 2018 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 46
Гасцей: 46
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.