Пятніца, 29.03.2024, 15:53

МСЦІСЛАЎ

Галоўная »
МСЦІСЛАЎгорад, цэнтр раёна на р.Віхра. За 95 км на ўсход ад Магілёва, 19 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы на лініі Орша – Крычаў. Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы (Расійская Федэрацыя).

Мсціслаў
Мсціслаў
Сцяг і герб Мсціслава

На тэрыторыі горада, на так званай Дзявочай Гары, выяўленае гарадзішча (сярэдзіна І тыс. да н.э. – І ст. н.э.). Горад узнік на Замкавай Гары ("Замак"). Пры даследванні выяўлены культурны пласт з рэчамі XII – XVII стст., драўлянымі жылымі і гаспадарчымі пабудовамі, маставымі. У цэнтры дзядзінца знойдзены рэшткі драўлянай вежы-данджона XVII ст. Старажытны Мсціслаў складаўся з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада. У летапісах Мсціслаў упамінаецца пад 1156 г. як горад Смаленскага княства.

Мсіцслаў, гарадзішча
Гарадзішча "Дзявочая гара"

Мсціслаў, гарадзішча
Гарадзішча "Замкавая гара"

З 1180 г. цэнтр Мсціслаўскага княства. У XII — XIX стст. вядомы вытворчасцю мсціслаўскай керамікі, мсціслаўскай кафлі (XV — XVIII стст.), мсціслаўскага шкла (XVI — XIX стст.). З 2-й паловы XIV ст. у складзе Вялікага Княства Літоўскага, належаў князям мсціслаўскім. З 1528 г. ва ўладанні Жыгімонта II Аўгуста, каралеўская воласць, цэнтр староства. З 2-й паловы XVI ст. цэнтр ваяводства.

Архітэктурнае аблічча горада вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Мікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брамаў — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы.

У Мсціславе нарадзіўся адзін з беларускіх і рускіх першадрукароў, гравёр XVI ст. Пётр Мсціславец, з горада паходзіць майстар паліхромных маёлікавых рэльефаў 2-й паловы ХVII ст. Сцяпан Іванаў (вядомы як Палубес). У XVI — XVII стст. вёў гандаль з гарадамі Маскоўскага княства і краінаў Заходняй Еўропы. У 1634 г. атрымаў Магдэбургскае права і герб з выявай рыцарскай рукі, узброенай мячом.

У XVII — пачатку XX стст. на ўскраіне горада існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. Заснаваны як мужчынскі (з 1886 г. жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гаспадарчых пабудоваў. Быў абнесены спачатку драўлянай, з канца ХІХ ст. мураванай агароджай.

У руска-польскую вайну 1654 —1667 гг. заняты маскоўскімі войскамі (да 1661 г.). У XVII — XVIII стст. узведзеныя мураваныя кляштары: кармелітаў, езуітаў, бернардзінцаў.

Мсціслаў
Касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі
(былы кляштар кармелітаў)

Мсціслаў
Касцёл Святога Міхаіла
(былы кляштар езуітаў)


З 1772 г. у складзе Расійскай Імперыі, цэнтр правінцыі; з 1777 г. павятовы горад. У 1781 г. Мсціслаў атрымаў герб: на срэбным полі шчыта выява чырвонай лісіцы. У 1787 г. пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858 г,), на цэнтральнай плошчы створаны бульвар. У 1789 г. адкрылася народнае вучылішча. У Айчынную вайну 1812 г. горад разбураны і разрабаваны французамі.

У 1880 г.у Мсціславе было больш за 7,7 тыс. жыхароў, 12 цагляных і 1036 драўляных дамоў. Горад шмат разоў цярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 г. (згарэла каля 500 будынкаў), 1863, 1897 гг. У 1897 г. 8514 жыхароў, (38 % пісьменных), 17 дробных прадпрыемстваў, у т.л. гарбарны, піваварны, цагельныя заводы, 3 вучылішчы, 3 бальніцы, 2 кніжныя крамы.

У пачатку XX ст. працавалі мужчынская і жаночая гімназіі, 4-класнае духоўнае, мужчынскае і жаночае прыходскія вучылішчы.

Мсціслаў
Будынак былой мужчынскай гімназіі

У 1914 г. было 28 прадпрыемстваў, дзе на кожным працавала каля 100 чалавек, 1048 жылых дамоў (з іх 25 мураваных). У 1914 г. у настаўніцкай семінарыі выкладаў беларускі кампазітар і фалькларыст М.М. Чуркін.

Мсціслаў
Дваранскі збор ("Парыж")

Мсціслаў
Заезны дом селяніна

Мсціслаў
Земская ўправа

Мсціслаў
Казначэйства

З 1924 г. цэнтр раёна. 10,5 тыс. жыхароў у 1939 г. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 28 верасня 1943 г. акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1959 г. меў 8,1 тыс. жыхароў.

Захавалася гістарычная планіроўка горада. У архітэктурна-планіровачную кампазіцыю цэнтра Мсціслава ўключаныя помнікі архітэктуры XVII — XIX стст. — цэрквы Аляксандра Неўскага і Спаса-Праабражэнская, а таксама гістарычныя зоны — Траецкая, Замкавая і Дзявочая Горы.

Мсціслаў
Царква Аляксандра Неўскага

Мсціслаў
Спаса-Праабражэнская царква

Усталяваныя помнікі на магілах удзельнікаў барацьбы за Савецкую ўладу на Магілёўшчыне А.Л. Юрчанкі і чырвонаармейца П.К. Цырыкава, на магіле ахвяраў фашызму, на брацкіх магілах савецкіх воінаў, насыпаны Курган Славы на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1980 г. у Мсціславе знойдзены фрагмент берасцяной граматы пачатку XIII ст.

З 1915 па 1941 г. пры духоўным вучылішчы існаваў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1923 г. у ягоных фондах было 1157адзінак захоўвання. Сярод іх былі косці маманта з кар'ера мясцовай цагельні, макет Замкавай Гары старажытнага горада, каменныя сякеры і кераміка з гарадзішча, манеты ВКЛ. Пры музеі дзейнічалі гурткі краязнаўцаў і аховы гістарычных помнікаў. Музейныя каштоўнасці зніклі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

6 чэрвеня 1988 г. створаны Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей, адкрыты для наведнікаў у маі 1995 г. у будынку былой пошты (канец XIX ст.). Налічвае (2008 г.) больш за 12 тыс. музейных прадметаў асноўнага фонду і 8 тыс. навукова-дапаможнага. Вялікую навуковую цікавасць уяўляюць рыцарскія шаломы (рускі «Шышак» канца XIV — пачатку XV стст., унікальны заходнееўрапейскі «Салад» канца XV ст.); захоўваюцца рэлігійныя рарытэты (крыжы-распяцці, каталіцкія медальёны XVI — XVII стст., драўляная скульптура Ісуса Хрыста XVII ст.), беларускую іканапісную школу прадстаўляе выстаўка з 57 абразоў XIX ст.

Крыніца: Краязнаўчая газета № 43 (492) лістапад 2013 г.;
Краязнаўчая газета № 44 (493) лістапад 2013 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.