Пятніца, 26.04.2024, 12:26

КРЫЧАЎ

Галоўная »
КРЫЧАЎгорад, цэнтр раёна, за 104 км на ўсход ад Магілёва, на р.Сож. Вузел чыгунак на Оршу, Магілёў, Унечу і Рослаўль, на аўтадарозе Бабруйск — Масква. 27 тысяч жыхароў (2008). Упершыню згадваецца ў 1136 г. ва ўстаўной грамаце смаленскага князя Расціслава Мсціславіча пад назвай Крэчут. Старажытным цэнтрам Крычава быў Крычаўскі замак. У 14—18 ст. існавалі Крычаўскія гарадскія ўмацаванні. У 12—13 ст. горад у Смаленскім княстве, у 1-й палове 14 ст. ў Мсціслаўскім княстве. З 2-й паловы 14 ст. ў ВКЛ. Жыхары Крычава ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве 1410 г. З канца 15 ст. цэнтр Крычаўскай воласці, уладанне вялікага князя ВКЛ, кіраваўся яго намеснікамі. З сярэдзіны 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяводстве. Пад 1592 г. ўпамінаецца ў Баркулабаўскім летапісе. 23.08.1653 г. атрымаў магдэбургскае права і герб: у чырвоным полі выява залатога крыжа і срэбнага мяча (захавалася на сучасным гербе).

Крычаў
Герб Крычава

Крычаў
Сцяг Крычава

З 17 ст. цэнтр Крычаўскага староства, уладанне Радзівілаў. Моцна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 гг., таму двойчы (у 1652 і 1661) вызваляўся ад пастоеў салдат і дзяржаўных павіннасцей. У Паўночную вайну 1700-21 гг. летам 1708 г. пад Крычавам быў лагер расійскіх войск на чале з Пятром I. У час Крычаўскага паўстання 1743-44 гг. у студзені 1744 г. каля Крычава адбыўся бой паміж сялянамі і шляхецкім войскам. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Крычаў у складзе Расійскай імперыі, мястэчка ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні. У студзені 1776 г. Кацярына II падаравала Крычаўскае староства (1247 чалавек) графу Р.А. Пацёмкіну. У 1779 г. ў Крычаве 1594 жыхары, 470 двароў. У канцы 18 ст. дзейнічалі Крычаўская суднаверф, Крычаўскія мануфактуры, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны, медналіцейны заводы, млыны. У 1847 г. ў Крычаве 630 двароў, 6 цэркваў, касцёл, малітоўная школа, праводзіліся 3 кірмашы на год.

Крычаў
Крычаў на акварэлі М.Іванова. Пачатак ХІХ ст.

У 1897 г. мястэчка, цэнтр воласці, 6221 жыхар, 972 двары, 7 цэркваў, касцёл, 5 сінагог, 3 гарбарныя і мылаварны завод, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, 2 народныя вучылішчы, паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазін, 125 крам, 5 заезных дамоў, 4 кірмашы на год. 3 мая 1919 г. ў складзе Гомельскай губерні РСФСР. З 20.08.1924 г. ў БССР, цэнтр Крычаўскага раёна Калінінскай, з чэрвені 1927 г. Магілёўскай акруг, з лютага 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1926 г. 5592 жыхары, 2395 двароў. З 17.12.1931 г. горад. У 1930-я г. пабудаваны ТЭЦ, цэментны, фасфарытны, мелавы заводы, ільнозавод.

Крычаў
Касцёл Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Крычаў
Плябанія на пачатку ХХ ст.

Крычаў
Плябанія. Сучасны стан

У Вялікую Айчынную вайну з 17.07.1941 г. да 30.09.1943 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне каля 24 тысяч чалавек. Дзейнічала Крычаўскае антыфашысцкае падполле. Вызвалены часцямі 50-й арміі Бранскага фронту ва ўзаемадзеянні з часцямі 10-й арміі Заходняга фронту ў ходзе Бранскай аперацыі 1943 г. З 30.09.1943 г. да пачатку 1944 г. ў Крычаве знаходзіўся адміністрацыйны цэнтр Магілёўскай вобласці. У 1962-65 гг. у Мсціслаўскім раёне. У 1959 г. ў Крычаве 19 тысяч жыхароў, у 1972 г. — 26,5 тысяч жыхароў.

Крычаў
Царква Параскевы Пятніцы. Пачатак ХХ ст.

Крычаў
Васкрасенскі-Параскеўскі сабор

Крычаў
Свята-Пакроўская царква

Крычаў
Свята-Мікалаеўская царква

Крычаў
Замчышча

Крычаў
Яўрэйскія могілкі

Крычаў
Вінакурня

Крычаў
Палац Галынскіх на архіўным фотаздымку

Крычаў
Крычаў
Палац Галынскіх. Сучасны стан

Старажытны цэнтр Крычава да 1778 г. складаўся з умацаванага замка і плошчаў: Гандлёвай (з ратушай), злучанай з гасціным дваром, і Саборнай, на якой знаходзіліся 3 царквы (15 і 17 ст.) і касцёл. Вакол плошчаў стаялі аднапавярховыя драўляныя жылыя дамы. У 18 ст. пабудаваны Крычаўскі палац, вакол якога закладзены парк. Сучасны горад мае лінейную планіровачную структуру, раздзелены аўтадарогай на 2 часткі. У паўночнай частцы знаходзяцца галоўныя вуліцы — Ленінская і Савецкая (забудаваны 3—5-павярховымі дамамі), у месцы іх скрыжавання ўтварылася плошча — грамадскі цэнтр горада. Паўднёвая частка забудавана пераважна аднапавярховымі дамамі сядзібнага тыпу. Зона адпачынку — парк Перамогі, размешчаны ўздоўж ракі. Па праекце дэталёвай планіроўкі 1981 г. (карэкціроўка ў 1993 г.) горад развіваецца ў паўночна-заходнім і паўднёвым напрамках. 5-павярховымі жылымі дамамі забудоўваюцца вуліцы Вакзальная, Шчорса, Паркавая, тэрыторыя мікрараёна Камсамольскі. У 1990 — 2000-е г. пабудаваны адміністрацыйныя будынкі Пенсіённага фонду, Цэнтра занятасці, хуткай дапамогі, rapадскіх і індывідуальных прадпрымальнікаў рынкі, гандлёвы комплекс, стадыён «Сож-2002» у парку Перамогі. Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (сярэдзіна 19 ст.), царква Параскевы Пятніцы (18 ст., адноўлена ў 2006 г., цяпер Васкрасенска-Параскеўскі сабор), Мікалаеўская царква (канец 19 — пачатку 20 ст.).

Крычаў
Былое валасное ўпраўленне

Крычаў
Будынак былога народнага вучылішча

Крычаў
Паштовая станцыя

Крычаў
Цэментны завод

Дзейнічаюць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў («Крычаўцэментнашыфер», завод жалезабетонных вырабаў), харчовай (мясакамбінат, масла- і хлебазаводы), хімічнай (Крычаўскі завод гумавых вырабаў), дрэваапрацоўчай галін прамысловасці. Працуюць філіял РУП «Магілёўаблнафтапрадукт», цэх РУП «Магілёўдругмет», райаграсэрвіс, райплемстанцыя, будаўнічыя, транспартныя, гандлёвыя, рамонтныя і дарожныя арганізацыі і інш. У Крычаве дзейнічаюць прафесійны агратэхнічны каледж, тэхнікум права, эканомікі і ўпраўлення, абласны ліцэй, гімназія, 4 сярэднія школы з гімназічнымі класамі, дзіцяча-юнацкая спартыўная, мастацкая і музычная школы, 3 дзіцячыя сады, дзіцячы сацыяльны прытулак, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Ёсць 4 бібліятэкі, цэнтр і Дом культуры, клуб, фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Сож», стадыён, спартыўны клуб і пляцоўкі; тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Працуюць 2 бальніцы, 3 паліклінікі, аптэкі і аптэчныя кіёскі, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У горадзе гасцініца «Крычаў», рэстаран, кафэ, бюро падарожжаў і экскурсій, камбінат бытавога абслугоўвання, 2 пункты калектыўнага карыстання, гандлёвы дом «Віцязь», 5 аддзяленняў сувязі і інш. Крычаўскі раённы краязнаўчы музей.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.