Панядзелак, 06.05.2024, 06:40

ВЯСЕЛЬНЫЯ ТАНЦЫ

Галоўная »
ВЯСЕЛЬНЫЯ ТАНЦЫабрадавыя скокі, якія выконвалі ўдзельнікі вяселля на пэўных яго этапах. Часцей за ўсё вяселле адкрывала (у суборную суботу, як саўюць вянок, або ў нядзелю раніцай) пачынальным вясельным танцам (да гэтага ніхто не танцаваў) маці маладога або маладой з маленькай булачкай пад пахай, у наш час — маці разам з бацькам. Прытопваючы, яны тры разы павольна ўкругавую абходзілі хату, пры гэтым тройчы перакручваліся. Пасля пачыналіся агульныя танцы, якія ў доме маладой часам адкрывала сама нявеста, у доме маладога — жаніх. Пасля перапівання маладой у суборную суботу маці маладога павінна была выканаць вясельны танец з маці маладой. Пасля шлюбу, як толькі малады ад'язджаў у свой дом, маладая са сваімі роднымі, закусіўшы за сталом, выходзіла ў сенцы, клікала хроснага бацьку, а калі ён адсутнічаў, каго-небудзь са сваякоў. Узяўшыся за рукі, яны павольна кружыліся ў пары некалькі разоў, за што нявеста падносіла хроснаму бацьку падарунак — палатно хатняга вырабу (да трох аршынаў) і пояс. Пасля гэтага пачыналіся агульныя скокі моладзі ў сенцах пад дуду, пазней — гармонік. Вясельнікі старэйшага і сярэдняга ўзросту ў танцах не ўдзельнічалі.

Распаўсюджаным быў вясельным танцам маладых пасля іх звядзення. Танцавалі яны ў хаце або ў двары (незалежна ад надвор'я). Пасля вясельнага танца з маладой малады павінен быў танцаваць з усімі яе роднымі, толькі пасля гэтага пачыналіся агульныя танцы. Пасля першай шлюбнай ночы маладая выконвала вясельны танец разам з дружкам (які прыводзіў маладых з клеці), паддружым, а ў некаторых мясцовасцях (Гродзеншчына) — спачатку з бацькам маладога (на растрэсенай яго малодшым сынам саломе, на якой спалі маладыя), а затым і з яго маці (пратанцаваўшы з ёю некалькі хвілін, маладая скідала з сябе спадніцу і аддавала свекрыві). Пазней, пасля першай шлюбнай ночы маладая танцавала з маршалкам. Усім ім яна давала падарункі, часам і сама атрымлівала ад іх плату. У некаторых мясцовасцях маладыя, увайшоўшы ў хату, кланяліся ўсім; музыка іграў маладой «на добры дзень», а яна прасіла кожнага з прысутных выканаць з ёю вясельны танец.

У іншых мясцовасцях пасля абраду каморы ўсе, закусіўшы, выходзілі на двор, дзе вясельныя танцы пачыналі бацькі маладога, за імі тройчы кружыліся маладыя, потым малады танцаваў з мужчынамі, a маладая — з жанчынамі. Толькі пасля гэтага пачыналіся агульныя танцы. Першапачаткова вясельны танец сімвалізаваў авалоданне маладой, з цягам часу гэта значэнне знікла, і вясельны танец пачаў тлумачыцца, як своеасаблівае агляданне маладой («ці не крывыя ў маладой ногі») або як навучанне яе танцам. У больш позні час, калі маладыя пад канец вяселля заходзілі ў хату маладога, дзе адбываліся танцы, сват, спыніўшы музыкантаў, прасіў іх сыграць вальс для маладых. Бывала і так, што перад вясельным танцам маладога з маладой малады выконваў некалькі вясельных танцаў з дзяўчатамі, маладая — з хлопцамі як апошні іх танец разам з моладдзю. Агульны рытуальны вясельны танец выконвалі суправаджальнікі маладых па дарозе ў клець і ў час знаходжання там маладых: пляскалі ў далоні, спявалі жартаўліва-фрывольныя (падскочныя) песні, скакалі, імітуючы ў танцы тое, што адбывалася ў каморы. Пасля таго, як з маладой здымалі вянок (дружкі па чарзе прымяралі яго і скакалі, паказваючы сваё жаданне хутчэй выйсці замуж) і завівалі галаву наміткай, усе прысутныя, у першую чаргу прыданкі і завівальніцы, узяўшыся рукамі за доўгі ручнік, скакалі па лаўках (глядзіце таксама «Скакуха»). Гэты вясельны танец часам узначальвалі малады з маладой. Пасля цешчынага пачастунку, калі малады прывозіў ёй салодкія пірагі і гарэлку (глядзіце Салодкая гарэлка), ён павінен быў выканаць з ёю пад музыку дудара танец, які называлі «пляс» або «казак» (Гарадоцкі павет).

Часта на вяселлі выконвалі вясельныя карагоды. Напрыклад, у Гарадоцкім павеце ў суборную суботу пасля віцця вянка маладая ўтварала са сваіх сябровак карагод і вяла яго на ручніку ў хату, дзе іграў дудар. Карагод таксама вадзілі пасля шлюбнага застолля ў доме маладой, на двары пасля абраду каморы (яго ўзначальваў галоўны сват). Карагод на двары вадзілі і каравайніцы, пасадзіўшы каравай у печ, а таксама на працягу ўсіх іншых дзеянняў, якімі суправаджалася выпяканне каравая. У гэты час усе скокі суправаджаліся даволі выразнымі рухамі цела, якія насілі сімвалічны характар.

У канцы вяселля карагодам ішлі ў карчму, каб працягваць вяселле. Пазней многія рытуальныя вясельныя танцы значна спрасціліся і выступалі ў выглядзе трохразавага кружэння.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1395]
Здарэнні [466]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.