КАРЧМА – комплекс будынкаў і збудаванняў, дзе спыняліся, харчаваліся, начавалі падарожнікі. Пераважна будавалі з дрэва, радзей з цэглы на гандлёвых плошчах гарадоў і мястэчак, на галоўных вуліцах, у прадмесцях, на гандлёвых шляхах каля вёсак, фальваркаў, перавозаў праз рэкі, пры млынах і г.д. Вялікія корчмы ў гарадах і мястэчках называліся
аўстэрыямі. Паводле функцыянальнага прызначэння падзяляліся на заезныя (тыпу гасцініцы) і шынковыя (тыпу харчэўні). У Беларусі з XVI ст. размяшчэнне і парадак дзейнасці корчмаў рэгламентаваліся Статутамі
Вялікага Княства Літоўскага, вялікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі, з канца XVIII ст. – законамі Расійскай імперыі.
Карчма. Нясвіж Шынковыя корчмы мелі простую архітэктурна-планіровачную структуру, якая склалася на аснове планіроўкі традыцыйнага 2- або 3-камернага жылля (хата + сенцы і хата + сенцы + хата). У шынку былі
кафляная грубка або камін для абагрэву памяшкання, мураваная печ для прыгатавання
ежы, пасярод памяшкання стаяў доўгі стол, вакол яго –
лавы; лавы і ўслоны размяшчаліся і ўздоўж сценаў. Каля ўвахода звычайна была паліца ці шафка з посудам. У шынках і сенцах адасабляліся каморы для карчэмнай маёмасці, прадуктаў харчавання і святліцы для заможных наведнікаў. Такія корчмы існавалі ў Барані пад Оршай, Дзярэчыне і Манькавічах пад Столінам, у Паставах і інш.
Заезныя корчмы складаліся з «заезда», размешчанага ў цэнтры або збоку карчмы, вялікай хаты-шынкоўні з каморкамі і гасціных пакояў. «Заезд» быў адначасова сенцамі і стайняй, дзе ўздоўж сценаў размяшчаліся жалабы, канавязі,
драбіны. У некаторых корчмах пры белай гасцінай вылучаўся самастойны блок кухонных памяшканняў. У больш развітых тыпах былі спецыяльныя стайні і
вазоўні, якія размяшчаліся за «заездам» у тыле карчмы або перад ёю. Жылыя памяшканні гасцінічнага тыпу ў буйных корчмах перамяшчаліся ў мезанін (вылучаліся падчэнямі – адкрытымі
галерэямі, падсенямі, утворанымі вялікім вынасам страхі), у ніжнім ярусе заставаліся толькі кухня, сталовая, гасціная,
каморы. Такія збудаванні існавалі ў Койданаве, Гродне (корчмы «Раскоша» і «Нёнза», т.зв. Занёманская) і ў іншых месцах. Падвор'е забудоўвалася гаспадарчымі і вытворчымі збудаваннямі. На ім размяшчаліся
бровар, саладзільня, скляпы, свірны, жыллё карчмара. Пры некаторых буйных корчмах развіваліся комплексы гандлёвых памяшканняў (Слуцк).
У 2-й палове XVIII – XIX стст. на аснове корчмаў сфармаваліся новыя тыпы збудаванняў: гасцініцы, паштовыя станцыі, пастаялыя двары і інш.