Субота, 27.07.2024, 02:37

БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ

Галоўная »
БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ – палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР у 1920-я гады.

Мела вытокі з ідэй самастойнасці эпохі Полацкай і Тураўскай зямель, ВКЛ, з пазнейшых ідэй беларускага нацыянальнага адраджэння (К.Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Я.Купала і Якуб Колас). У 1920-я гады беларусізацыя пачалася на камуністычна-савецкай платформе (дзяржаўнасць беларускай мовы, стварэнне беларускіх школ, падручнікаў, беларускамоўны друк і інш.) з ініцыятывы такіх вядомых дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху і прыхільнікаў сацыялістычнага ладу, як А.Чарвякоў, Зм.Жылуновіч (Цішка Гартны), Ус.Ігнатоўскі, А.Бурбіс, А.Баліцкі і інш., зыходзячы з пастаноў ВКП(б) пачатку 1920-х гадоў па нацыянальнай палітыцы. Паступова некаторыя наркаматы пачалі пераводзіць справаводства на беларускую мову, быў пацверджаны дэкрэт Літоўска-Беларускай ССР (1919) пра раўнапраўе на дзяржаўным узроўні беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай моў, пачалі дзейнічаць БДУ (1921) і Інстытут беларускай культуры (1922), які пазней пераўтворыцца ў АН БССР; былі наладжаны курсы беларусазнаўства для настаўнікаў, распрацавана сістэма нацыянальнай адукацыі. З 2-й паловы 1920-х беларусізацыя аформілася канцэптуальна і па-сапраўднаму стала партыйнай і дзяржаўнай палітыкай у БССР (дарэчы дадаць, што многія рускія дзеячы навукі і культуры цёпла падтрымалі яе, спецыяльна пераехалі з Расіі ў многія беларускія гарады, вывучылі беларускую мову і яе сродкамі памагалі станаўленню беларускай навукі і культуры). БССР і яе развіццю вельмі паспрыялі ўзбуйненні 1924 і 1926 гадоў, калі былі далучаны многія суседнія раёны з пераважным беларускамоўным насельніцтвам. Беларуская мова пасля доўгага перапынку (фактычна з 1696 года, калі сейм Рэчы Паспалітай забараніў яе ўжыванне на дзяржаўным узроўні, а цар Мікалай I у 1840-м не толькі паўтарыў гэтую забарону, але і ўвогуле забараніў ужываць тэрміны «Беларусь» і «Літва», увёўшы абазначэнне для іх паняццем «Северо-Западный край Российской империи») нарэшце адчула да сябе вялікую ўвагу.

Беларуская мова пачала і глыбей вывучацца, і набываць навуковую нарматыўнасць, тэрміналогію, і хуткімі тэмпамі праходзіць працэс станаўлення нацыянальнай літаратурнай мовы, ярка выяўляючы неаспрэчны ўжо факт сваёй прыгоднасці не толькі для мастацкай літаратуры, але і для навукі, разнастайнай прафесійнай дзейнасці. У 1928-м каля 80 працэнтаў школ працавала на беларускай мове навучання (ужываліся яшчэ і іншых 8 нацыянальных моў), а да канца таго дзесяцігоддзя фактычна ўсе партыйныя, ўрадавыя ўстановы, іх кіраўнікі, у тым ліку і тыя, хто займаў самыя высокія пасады, як карэнныя, так і прыезджыя, у сваёй працоўнай дзейнасці ўжывалі найперш беларускую мову. Гэтыя годныя адносіны да ўсяго карэннага не толькі далі штуршок для новага і, галоўнае, плённага развіцця па ўсіх накірунках беларускай нацыі, але падымалі аўтарытэт БССР за яе межамі, найперш у роднаснай Заходняй Беларусі, якая была пад уладай Польшчы.

Ды з канца 1920-х у СССР узяла верх аўтарытарна-бюракратычная сістэма і разгарнулася шалёная кампанія супраць развіцця нацый пад знакам, што гэтае развіццё становіцца небяспечным для партыі і СССР. Пачынаецца і імгненна набірае моц адваротны працэс, у Беларусі – контрбеларусізацыя, калі беларуская мова пачала выціскацца з партыйных і дзяржаўных апаратаў, навуковых і навучальных устаноў, з друку, калі былі сасланы з БССР, а пазней і фізічна знішчаны тысячы і тысячы лепшых сыноў і дачок беларускай нацыі, у тым ліку партыйныя і дзяржаўныя кіраўнікі, дзеячы навукі і культуры, рабочыя і сяляне.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 23
Гасцей: 23
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.