Субота, 27.07.2024, 10:09

БЫСТРЫЦКІ КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА

Галоўная »
БЫСТРЫЦКІ КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА размяшчаецца на ўсходняй ускраіне вёскі Быстрыца Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.


Пабудаваны ў 1760—61 гг. з цэглы, магчыма, паводле праекта віленскага архітэктара І.К. Глаўбіца на месцы драўлянага храма 1523 г., узведзенага паводле загада польскага караля Жыгімонта I Старога. 3 1390 г. да 1526 г. тут быў кляштар канонікаў рэгулярных. У 1863—65 гг. перароблены на царкву (над дахам і вежамі надбудаваны цыбулепадобныя купалы). Вернуты парафіянам у 1918 г. і адноўлены ў першапачатковым стане да 1926 г,

Помнік архітэктуры позняга барока і ракако. Дойлід, які імкнуўся да камернасці і інтымнасці, адышоў ад магутнай барочнай патэтыкі і масіўнай пластычнасці. Кампактны аднанефавы асноўны аб'ём праз скругленыя вуглы плаўна пераходзіць у пяцігранную апсіду з бакавой сакрысціяй. Рытм фасадам надаюцьтонкапрафіляваны падкарнізны пояс і вытанчаныя парныя пілястры паміж арачнымі аконнымі праёмамі. Ажыўляе аб'ёмную кампазіцыю і асіметрычна далучаная да апсіды нізкая сакрысція. Асноўны эстэтычны акцэнт зроблены на галоўным фасадзе з дзвумя лёгкімі струменістымі трох'яруснымі вежамі і трохвугольным франтонам паміж імі. Ніжні ярус вежаў вылучаны вязкамі пілястраў і арачнымі нішамі, сярэдні і верхні прарэзаны арачнымі прасветамі, вуглы ярусаў скошаны і апрацаваны пілястрамі. Вертыкальнасць фасада з увагнута-пукатай хвалістай плоскасцю падкрэслівае гарызантальная рустоўка цокаля. Лучковы праём увахода вылучаны парталам з трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады вырашаны сціпла, плоскасна. Арачныя аконныя праёмы і парныя лапаткі ў прасценках ствараюць спакойны рытм і статычную ўраўнаважанасць.

Узнёсласць, лёгкасць архітэктуры храма ўспрымаецца і ў інтэр'еры пад высокім цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі над нефам і крыжовым — над сакрысціямі, сферычнай конхай над апсідай (з арнаментальнай размалёўкай 19 ст.). Архітэктура інтэр'ера, як і звонку, насычана крапоўкамі — падвойныя канелюраваныя пілястры з характэрнымі ракайльнымі капітэлямі, над якімі магутны прафіляваны антаблемент, падпружныя аркі. Пластыка-дэкаратыўным акцэнтам з'яўляецца архітэктанічны галоўны алтар, разгорнуты па гранях апсіды і падзелены крапаваным антаблементам на два ярусы. Складаная калонна-пілястравая кампазіцыя першага яруса, выкананая з карычневага стука і з пазалотай на капітэлях, фланкіравана дзвумя драўлянымі скульптурамі апосталаў. У барочна-ракайльным ключы зроблены і два меншыя, пастаўленыя вуглом кулісныя алтары. Барочную пластычнасць узмацняе хвалістая арганная галерэя над уваходам, парапет якой дэкарыраваны ракайльнымі панэлямі-віньеткамі.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.