Субота, 27.07.2024, 03:56

ДУНІЛАВІЦКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ І КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ

Галоўная »
ДУНІЛАВІЦКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ І КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ размяшчаецца ў цэнтры вёскі Дунілавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Пабудаваны ў 1769—73 гг. з цэглы пры двухпавярховым мураваным кляштары дамініканцаў (не захаваўся), на месцы драўлянага храма, заснаванага ў 1683 г. Эльжбетай Ісайкоўскай-Белазёр і асвячонага віленскім біскупам Феліксам Тавянскім. У 1850 г. кляштар скасаваны, у 1866 г. перададзены праваслаўным. У 1890 г. касцёл згарэў. Царскія ўлады не дазволілі яго аднавіць, таму на ўскраіне вёскі быў пабудаваны драўляны храм 3.3 1919 г. касцёл зноў дзейнічае. Пасля скасавання ў савецкі час адноўлены ў 1992—95 гг. Агароджа касцёла з каванай брамай, вырашана ў стылі неарэнесансу.


Помнік архітэктуры барока. Трохнефавая двухвежавая базіліка з трансептам і прамавугольнай апсідай з бакавой сакрысціяй. Двухсхільныя дахі крылаў трансепта і цэнтральнага нефа закрыты па тарцах фігурнымі франтонамі. Над развітым антаблементам галоўнага фасада — дзве чацверыковыя са скошанымі вугламі двух’ярусныя вежы з паўсферычнымі купаламі, завершанымі васьміграннымі шатровымі барабанчыкамі. З прыстасаваннем храма пад царкву вежы, франтоны і сяродкрыжжа дахаў былі завершаны цыбулепадобнымі купаламі (выгляд царквы вядомы па фотаздымку Я.Балзункевіча пачатку 20 ст.). Паміж вежамі ўзвышаецца фігурны шчыт з валютамі ў аснове, над апсідай — шчыт са складана крапаваным франтонам. У аздабленні фасадаў выкарыстаны плоскія і ўвагнутыя пілястры, прафіляваныя цягі, раскрапоўкі, валюты, плоскія лучковыя нішы і аконныя праёмы. Будынак апяразаны шырокім карнізным поясам. Уваход вылучаны парталам 19 ст. ў стылі класіцызму.

У інтэр'еры цыліндрычныя на распалубках і крыжовыя скляпенні нефаў трымаюцца на магутнай міжнефавай аркадзе на пілонах і насценных пілястрах (быў размаляваны раслінным арнаментам і картушамі). Стукавы алтар вырашаны ўзнятай на высокі цокаль каланадай з антаблементам, вылучаны па цэнтры драпіровачнай сенню.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 34
Гасцей: 34
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.