Панядзелак, 29.04.2024, 17:15

ГАСЦІНЕЦ, бальшак, тракт

Галоўная »
ГАСЦІНЕЦ, бальшак, тракт – упарадкаваны сухапутны шлях з бойкім рухам. Звычайна меў шырокую праезную частку, абмежаваную канавамі і абсаджаную абапал дрэвамі, за канавамі — сцежкі для пешаходаў.

Бойкія гандлёвыя тракты — «гасцінцы вялікія» — вядомы з часоў Кіеўскай Русі. На Беларусі гэта найперш участкі старажытных волакаў на шляхах «з вараг у грэкі». Звычайна пракладваліся праз густанаселеныя раёны. Важныя тракты злучалі Полацк з Друцкам і Мінскам, Віцебскам і Смаленскам, з гарадамі Літвы, з Ноўгарадам, Псковам. Шлях уздоўж Друці і Дняпра вёў да Чарнігава і Кіева. Мінск быў звязаны трактамі са Слуцкам, Туравам, Койданавам, Навагрудкам, Гродна.

гасцінец
На паштовым гасцінцы

У 13 — 14 ст. на важных дарогах была наладжана служба дастаўкі карэспандэнцыі — загадаў і распараджэнняў улад, пасылак; пазней яна склалася ў рэгулярную паштовую сувязь. Але прамаезных дарог, пракладзеных на вялікія адлегласці цераз лясы і балоты, у той час было мала. Яны ўзнікалі ў сувязі са значнымі ваеннымі падзеямі («Вітаўтавы», «Баторыевы» і іншыя шляхі). Нават важнейшыя гандлёвыя шляхі мелі мноства аб'ездаў, перапраў, даступных не ва ўсе поры года.

З'яўленне артылерыі (15 ст.), рост гандлёва-эканамічных сувязей рабілі будаўніцтва і ўпарадкаванне новых гасцінцаў жыццёвай патрэбай. Быў палепшаны і выпрамлены старажытны шлях Мінск — Орша — Смаленск. Старыя гасцінцы, апынуўшыся ў баку ад новых маршрутаў, прыходзілі ў заняпад, ператвараліся ў звычайныя прасёлкі, а часам зарасталі хмызняком і лесам. Некаторыя гасцінцы прадаўжалі адыгрываць важную ролю ў мясцовым гандлі, што абумовіла росквіт кірмашовага гандлю ў такіх цэнтрах, як Шклоў, Зэльва, Свіслач. Па іх у абход застаў і мытаў часам ішоў паток кантрабандных грузаў.

З далучэннем Беларусі да ўсерасійскага рынку і ўзмацненнем культурна-эканамічных сувязей Расіі з краінамі Заходняй Еўропы будаўніцтва сухапутных шляхоў на Беларусі пашырылася. У 2-й палове 18 ст. на ўсходзе Беларусі пракладзены гасцінцы шырынёй да 15 м. Абапал іх высаджваліся дрэвы (да 2 тыс. на 1 вярсту), што стварала характэрныя прыдарожныя краявіды. У канцы 18 ст. пабудаваны новыя гасцінцы з Віцебска на Смаленск, са Слоніма на Лагішын і Пінск, адкуль шлях ішоў на Валынь. Некаторыя гасцінцы (Валынскі, Чарнігаўскі і інш ) мелі абапал праезнай часткі 2 паласы шырынёй 20 — 25 м для прагону і выпасу жывёлы.

У 19 ст. пракладзены ці палепшаны гасінцы з Вільні на Гродна і Беласток і з Вільні на Мінск, Бабруйск. Пабудаваны і буйныя на той час Маскоўска-Варшаўская і Пецярбургска-Кіеўская (Беларуская) шашы з цвёрдым пакрыццём. Брукаваныя дарогі вядомы на Беларусі з 17 ст. Спачатку гэта былі невялікія ўчасткі шляхоў, што злучалі магнацкія сядзібы з бліжэйшымі гасцінцамі.

Цвёрдае пакрыццё ў век гужавога транспарту мела і адмоўныя бакі: некаваныя коні не маглі везці груз на вялікія адлегласці, драўляныя колы хутка зношваліся, сані ў зімовы час кепска слізгалі па тонкім снежным покрыве. Буйныя гасцінцы будавалі за кошт казны і земскіх улад з удзелам мясцовага насельніцтва. Сяляне да 30 — 50 вёрст ад гасцінца прыпісваліся да пэўнага ўчастка і паводле запатрабавання мясцовых улад павінны былі выдзяляць падводы і работнікаў (шарваркі, гужавая павіннасць). Работы па ўпарадкаванню і будаўніцтву гасцінцаў выконваліся звычайна ў веснавы ці летні сезон і лічыліся цяжкай феадальнай павіннасцю.

У залежнасці ад загружанасці, упарадкаванасці і прызначэння шляхі ў 17 — 19 ст. падзяляліся на паштовыя, гандлёвыя (ці ваенна-гандлёвыя) і прасёлачныя. Паштовыя гасцінцы мелі рэгулярную пасажырскую сувязь. Уздоўж іх на адлегласці 17 — 22 вёрст размяшчаліся станцыі з пастаялым дваром для гасцей, стайняй для коней, карчмой, кузняй, мытніцай і інш. На гандлёвых гасцінцах таксама ўзнікалі пастаялыя двары з корчмамі. Гасцінцы адыгралі важную ролю ў эканамічным жыцці беларускага краю, у міжраённых сувязях і этнакультурным збліжэнні і кансалідацыі народа.

З узнікненнем у 2-й палове 19 ст. чыгуначнага транспарту рух на гасцінцах скараціўся, пачалі пусцець станцыі і пастаялыя двары, занепадала паштовая служба. З'яўленне аўтамабіля павялічыла значэнне сухапутных шляхоў. У наш час назва «гасцінец» ужываецца пераважна для старых грунтавых дарог.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.