Панядзелак, 29.04.2024, 10:11

КРАСНАПОЛЛЕ

Галоўная »
КРАСНАПОЛЛЕ – гарадскі пасёлак, цэнтр раёна, за 109 км ад Магілёва, 43 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў – Унеча (Расія), у вярхоўі р.Тур’я (прыток р.Сянна) і на правабярэжжы яе прытока – р.Маластоўка, вузел аўтадарог на Чэрыкаў, Касцюковічы, Чачэрск, Слаўгарад. 6,1 тысяч чалавек (2008).

Краснаполле
Герб Краснаполля

Узнікненне Краснаполля адносіцца да пачатку 18 ст. У час руска-шведскай вайны (1700-21) войскі Пятра I вялі на тэрыторыі сучаснага Краснапольскага раёна цяжкія баі супраць шведаў. Як сведчыць легенда, гэта месца назвалі Чырвоным полем. Стаўку рускіх войск на левым беразе р.Тур'я назвалі Маластоўкай. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1762 г. як сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве, меліся млын і шынок, з'яўлялася шляхецкай уласнасцю. У 1765 г. мястэчка ў Прапойскім старостве, дзяржаўная ўласнасць, 128 жыхароў. У 1769 г. 127 двароў, дзейнічалі млын, карчма, 4 разы ў год праводзіліся кірмашы. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1774 г. Кацярына II падаравала гэтыя землі фельдмаршалу князю А.М. Галіцыну. У афіцыйным рэестры мястэчак Магілёўскай губерні лічыцца з 1784 г. У 1785 г. 40 двароў, 199 жыхароў. Дзейнічалі царква, вінакурны завод. У 1848 г. 207 двароў, драўляныя царква і сінагога, 5 разоў у год праводзіліся кірмашы. У 2-й палове 19 ст. — цэнтр стана, у які ўваходзіла 6 валасцей Чэрыкаўскага павета; адно з важных гандлёвых месц, куды з'язджаліся сяляне з бліжэйшых вёсак і купцы з Масквы, Варшавы, Магілёва, Гомеля, Рыгі, Лібавы з мануфактурай, жалезнымі вырабамі, бакалейнымі і іншымі таварамі. Мелася каля 70 крам. Дзейнічалі маслабойня, цагельнае прадпрыемства (з 1856), 3 гарбарні (адкрыты ў 1856, 1866, 1877), крупадзёрка (з 1870). У 1871 г. 2847 жыхароў. У 1864 г. адкрыта школа (народнае вучылішча), меліся прыватнае аднакласнае вучылішча, царкоўна-прыходская школа, 2 бібліятэкі-чытальні, аптэка, лячэбніца, паштова-тэлеграфнае аддзяленне. У 1878 г. дзейнічалі 3 вадзяныя млыны, сукнавальня, 3 карчмы. У 1880 г. 412 дамоў, 2310 жыхароў, 60 лавак, мураваная царква, школа (народнае вучылішча), аптэка, 3 скураныя і 9 маслабойных прадпрыемстваў, вадзяны млын. Дзейнічала паштовая станцыя на тракце Магілёў — Чэрыкаў — Краснаполле. У 1887 г. 3248 жыхароў.

У 1897 г. 3 гарбарныя і 1 канатнае прадпрыемствы, 7 крупадзёрак, 12 маслабоень, 4 хлебапякарні, 90 лавак, мураваная царква, 5 малітоўных дамоў, лячэбніца, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 хлебазапасныя магазіны, 2 карчмы. У красавіку 1890 г. адбыліся хваляванні ў сувязі з перасяленчым рухам, у 1905 г. — першамайская забастоўка і масоўка рабочых. У студзені 1918 г. быў сфарміраваны чырвонагвардзейскі атрад, створаны рэўком, які размеркаваў паміж сялянамі памешчыцкую зямлю; 24.12.1918 г. — партыйная ячэйка.

З 17.07.1924 г. Краснаполле — цэнтр раёна ў Калінінскай акрузе, з 09.06.1927 г. да 26.07.1930 г. ў Магілёўскай акрузе, з 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1924 г. 2548 жыхароў. У 1924 г. пачала дзейнічаць хата-чытальня, створана крэдытнае таварыства, у 1925 г. — пчалаводчы кааператыў. У 1926 г. адкрыта бальніца, 395 двароў, працавалі 299 саматужнікаў, кааператыўная масларобчая арцель, 14 ручных маслабоень, 2 цагельныя заводы, 2 млыны, 3 гарбарныя майстэрні. 4 разы ў год праводзіліся кірмашы, на якіх гандлявалі жывёлай, лыкам, вырабамі з дрэва, керамікай, пянькой і інш. У 1937 г. ўведзена ў строй невялікая электрастанцыя, працавалі ільнозавод (60 рабочых), крухмальны завод, абутковая, швейная, кавальская і інвалідная арцелі. У 1928 г. ў мястэчку арганізаваны калгас, які ў 1932 г. аб'ядноўваў 38 гаспадарак, а крыху пазней — другі калгас («Шлях Леніна»), які ў 1932 г. аб'ядноўваў 32 гаспадаркі. У эканамічным і арганізацыйным умацаванні калгасаў значную ролю адыграла створаная ў Краснаполлі МТС. Трактарысты Д.А. Аўсянікаў і І.К. Гарэлікаў былі ўдзельнікамі першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве (1939).

Краснаполле
Свята-Мікалаеўская царква

У першыя гады савецкай улады быў створаны гурток аматараў сцэны, арганізатарамі якога сталі ўраджэнцы Краснаполля пісьменнікі браты Васіль і Андрэй Шашалевічы. У памяшканні былой сінагогі быў размешчаны народны дом. З 12.03.1932 г. пачала выходзіць раённая газета «Чырвоны сцяг». Дзейнічалі сярэдняя школа, бальніца і радзільнае аддзяленне пры ёй, амбулаторыя, аптэка, дзіцячы дом, Дом культуры са стацыянарнай кінаўстаноўкай (дзейнічала з 1926 г.), бібліятэка; тэлефонная сетка (65 апаратаў). З 27.09.1938 г. Краснаполле — гарадскі пасёлак, у 1939 г. — 3572 жыхары.


Свято-Успенская царква

У Вялікую Айчынную вайну ў жніўні 1941 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Партызаны ў верасні 1941 г. разграмілі тут раённую ўправу акупантаў і паліцэйскую казарму. Краснапольскі падпольны райком КП(б)Б (сакратар С.М. Карзюкоў), які кіраваў партызанскай барацьбой, базіраваўся ў 41-м асобным партызанскім атрадзе. Друкаваны орган — газета «Красное знамя» (20.06.1943 г., рэдактар Х.Калімулін). У 47-й партызанскай брыгадзе «Перамога» была аснаўная база падпольнага райкома ЛКСМБ (сакратар П.П. Кушнярэнка). Фашысты загубілі 264 жыхары гарадскога пасёлка. Вызвалены 01.10.1943 г. часцямі 269-й і 283-й стралковых дывізій. У брацкіх магілах, што ў скверы па вул.Савецкай і на могілках, пахаваны 38 савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях супраць акупантаў у 1943 г. Адна з вуліц носіць імя Героя Савецкага Саюза І.К. Варапаева, ураджэнца в.Трубільня.

Адразу пасля вызвалення была адноўлена і пашырана тэлеграфна-тэлефонная сувязь. Аднаўляліся старыя, будаваліся новыя прадпрыемствы. У пасляваенны час тут быў размешчаны дзіцячы дом. У 1978 г. ў склад г.п. Краснаполле ўвайшлі вёскі Маластоўка і Бардзіч. У 1990 г. 6,4 тысяч жыхароў, цэнтр калгаса імя У.І. Леніна (спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі). Працавалі заводы масла і сухога малака, ільноапрацоўчы і гароднінасушыльны, камбінаты бытавога абслугоўвання і будаўнічых матэрыялаў і інш. Дзейнічалі сярэдняя і 8-гадовая, рабочай моладзі і музычная школы, школьны вучэбнавытворчы камбінат (з 1977 г.). Народны тэатр (з 1962 г., дзейнічаў з 1932 г. як драматычны гурток) — лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Магілёўшчыны (1981).

У 2007 г. дзейнічалі прадпрыемствы харчовай (Краснапольскае аддзяленне Магілёўскага малочнага камбіната «Бабушкина крынка»), дрэваапрацоўчай галін прамысловасці. Працавалі 2 камбінаты кааператыўнай прамысловасці, лясгас, дарожныя, рамонтныя, гандлёвыя і будаўнічыя арганізацыі; унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Краснапольскі», філіял рэспубліканскага унітарнага сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства па племянной справе «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства»; раённая ветэрынарная станцыя. Дзейнічалі 3 дзіцячыя сады, сярэдняя школа, раённая гімназія, дзіцячая школа мастацтваў, цэнтр дзіцячай творчасці, цэнтральная і дзіцячая бібліятэкі, народны тэатр, цэнтры: культуры і вольнага часу, сацыяльна-педагагічнага, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; аўта-, фізкультурна-спартыўны і камп'ютэрны клубы; бальніца, паліклініка, аптэка, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі; тэрытарыяльны цэнтр сацыльнага абслугоўвання насельніцтва; гасцініца, 3 кафе, парк культуры і адпачынку, камбінат бытавога абслугоўвання, пункт калектыўнага карыстання, аддзяленне сувязі і інш. Брацкія магілы савецкіх воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам, які загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Краснаполле знаходзіцца ў зоне, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (1986). У 1996 г. ўстаноўлены помнік «Чорная быль Краснапольшчыны». Дзейнічае раённы гісторыка-этнаграфічны музей. Выдаецца раённая газета «Чырвоны сцяг. Краснаполле».

Краснаполле
Краснаполле
Вуліцы пасёлка

Генеральны план забудовы распрацаваны Магілёўскім філіялам Белдзяржпраекта ў 1973 г. Пры ўпадзенні р.Маластоўка ў р.Тур'я сфарміраваўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр, які абмежаваны вуліцамі Ленінскай, Савецкай і Калініна. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай — прамавугольная плошча. Гарадскі пасёлак складаецца з прамавугольнай сеткі вуліц з дробнаквартальнай забудовай. Жылыя дамы ў асноўным індывідуальныя, драўляныя, з прысядзібнымі ўчасткамі. Частку забудовы складаюць 2—3-павярховыя мураваныя дамы. У паўночна-заходняй частцы гарадскога пасёлка — жылы пасёлак унітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Краснапольскі» (былая в.Маластоўка), забудаваны 2—5-павярховымі дамамі. Зона адпачынку ўключае сквер у цэнтры з помнікам на рагу вуліц Савецкай і Калініна і парк у паўднёвай частцы, а таксама невялікае вадасховішча на паўночным захадзе пры ўпадзенні р.Маластоўка ў р.Тур'я.

Краснаполле — радзіма Я.Д. Зевіна (1884-1918), удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Расіі, бакінскага камісара, яго імем названы вуліцы ў Баку і Краснаполлі; Герояў Савецкага Саюза І.Ф. Ваксмана, 1922-43), М.М. Антонава (1923-43); беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук І.А. Марзалюка (н. ў 1968).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.