МІСКА – традыцыйны
ганчарны або такарны выраб; гліняная ці драўляная глыбокая, звычайна круглая пасудзіна для
ежы.
Міскі Адна з старажытных форм керамічнага посуду, вядома на тэрыторыі Беларусі з
бронзавага веку. Паводле цэхавых статутаў 17 ст. (
Мінск, Полацк) была адным з прадметаў, які павінен быў вырабіць чаляднін у час экзамену на званне майстра
ганчарнага рамяства.
З канца 19 ст. ганчарныя міскі былі больш пашыраны, чым драўляныя. Выраблялі іх з высокапластычнай гліны паліваныя, чорназадымленыя, радзей проста абпаленыя. Аздаблялі глянцаваным
арнаментам і
ангобнай размалёўкай геаметрычнага, радзей расліннага характару. Пашыранымі былі рабрыстыя міскі розныя па форме венчыка і профілю сценак. Выраблялі і з непрафіляванымі (роўнымі ці ледзь пукатымі) бакамі або з гафрыраваным (карбаваным) верхнім краем. Памеры розныя — ад маленькіх дзіцячых да вялікіх на 10 – 12 л.
У побыце адну і тую ж міску выкарыстоўвалі для першай і другой страў. Часта ў ёй ставілі на стол ежу на ўсю сям'ю. Пасудзіны вялікіх памераў ужываліся і для іншых гаспадарчых мэт. Для большай трываласці гліняныя міскі сцягвалі ўверсе і ўнізе тонкімі драўлянымі або металічнымі (з дроту) абручамі, а на поўначы Беларусі апляталі бяростай.