Панядзелак, 29.04.2024, 23:12

МОТАЛЬСКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ

Галоўная »
МОТАЛЬСКІ МУЗЕЙ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ, Мотальскі музей фальклору, этнаграфіі і народнай творчасці заснаваны ў в.Моталь Іванаўскага раёна ў 1983 годзе па ініцыятыве Міністэрства культуры БССР і мясцовага калгаса «40 гадоў Кастрычніка» паводле «Плана правядзення мерапрыемстваў па арганізацыі музея-заказніка народнай і самадзейнай творчасці Мотальскага рэгіёна». Будынак пад музей будаваўся ў 1984-90 гады. Першымі ў музейным зборы былі прадметы з ужо існуючых школьных музеяў в.Моталь, калгаснага музея баявой і працоўнай славы, створанага П.Пташыцам. Музей адкрыты для наведвальнікаў 13.08.1995 года.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 17688 адзінак захоўвання, дапаможны — 8571 адзінку. Агульная плошча 1010 м², экспазіцыйна-выставачная — 820 м².

У музеі багатыя калекцыі: археалогіі (наканечнікі стрэл, нажы, скрабкі, сякеры, сярпы, зерняцёрка і інш.); чорназадымленай і паліванай керамікі; пераборнага шматнітовага ткацтва; вышыўкі; строяў адзення мотальскага рэгіёна; іканапісу і старадрукаў; жывапісу мастакоў-прымітывістаў (на шкле, фанеры і даматканым палатне); меднага, шклянога і фарфоравага посуду.

Пастаянная экспазіцыя накіравана на раскрыццё рэгіянальных адметнасцей матэрыяльнай і духоўнай культуры Заходняга Палесся. Размешчана ў 7 залах. У зале гісторыі і сялянскага побыту дыярама рыначнай плошчы Моталя 16 ст., панарама Моталя і р.Ясельда канца 17 ст., інтэр’ер сялянскай хаты 19 ст., транспартныя сродкі палешукоў і інш. Зала рамёстваў прадстаўляе вырабы майстроў па дрэве, кавалёў, рымараў і інш. У экспазіцыі залы земляробства адлюстравана традыцыйная земляробчая абраднасць каляндарнага цыкла, сабраны прылады працы селяніна. Залы ільноапрацоўкі, ткацтва, адзення расказваюць, як з ільняных нітак атрымліваюцца славутыя мотальскія ручнікі, абрусы, сурвэткі і строі мотальскага адзення. Комплекс матэрыялаў залы абрадаў (зімовыя, веснавыя, летнія, восеньскія, сямейныя і інш.) знаёміць з традыцыямі іх правядзення. Багатая фотатэка 1927-77 гады (звыш 4000 негатываў даваеннага і пасляваеннага часу) першага мотальскага фатографа А.Мінюка дапаўняе ілюстрацыйным матэрыялам кожную залу экспазіцыі і з’яўляецца дакументам паўвекавога перыяду жыцця палескай вёскі. У залах размешчаны работы беларускіх мастакоў У.Бабкіна, У.Кашпая, А.Марачкіна, У.Тоўсціка.

У выставачнай зале музея рэгулярна праходзяць выстаўкі: фондавыя (вышыўкі, ткацтва, малюнка на шкле, посуду, драўлянай жанравай скульптуры і інш.); тэматычныя, якія дэманструюць дасягненні славутых народных майстроў Брэстчыны, — «Саламяная казка» (вырабы саломапляцення Ю.Піваваравай з в.Дзівін Кобрынскага раёна), «Этнаграфія Палесся» (творы мастака Я.Рамановіча з в.Моталь), «Драўляная этнаграфія і побыт» (кампазіцыі з дрэва М.Тарасюка з в.Стойлы Пружанскага раёна), «Драўляная скульптура» (творы І.Супрунчыка з в.Цераблічы Столінскага раёна); прымеркаваныя да абласных і раённых святаў, фальклорных фэстаў і інш. У 2008 годзе адкрылася новая экспазіцыя ў будынку ветранога млына, якая знаёміць з унікальнымі драўлянымі механізмамі, тэхналогіяй размолу зерня. За шматгранную працу па прапагандзе і папулярызацыі народнага мастацтва і традыцыйных промыслаў музей узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001). Дыпламант конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Лепшы турыстычны аб’ект» (2007).

Адрас: Іванаўскі раён, вёска Моталь, плошча Леніна
Тэл.: +375-1652-58-753
Аўтар: В.Р.Мацукевіч
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.