Нядзеля, 05.05.2024, 08:25

МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ МЕДЫЦЫНЫ БЕЛАРУСІ

Галоўная »
МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ МЕДЫЦЫНЫ БЕЛАРУСІ заснаваны 22.05.1990 г. у г.Мінск паводле загаду Міністэрства аховы здароўя БССР на базе музейнай групы Мінскага медыцынскага інстытута як Рэспубліканскі музей гісторыі медыцыны Беларусі. Адкрыты для наведвальнікаў 28.04.1993 г. З 2006 г. музей э’яўляецца структурным падраздзяленнем Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.

Музейную групу Мінскага медыцынскага інстытута сфарміраваў у 1958 г. і ўзначальваў да 1973 г. прафесар Р.Р.Кручок. Ён стварыў і выкладаў у інстытуце курс гісторыі медыцыны, быў арганізатарам і старшынёй Беларускага навуковага таварыства гісторыкаў медыцыны. Ім жа распрацавана палажэнне аб музеі. У зборы экспанатаў удзельнічалі супрацоўнікі і студэнты інстытута. У 1970 г. калекцыі налічвалі каля 20 тыс. адзінак захоўвання. Першая экспазіцыя «Медыцына ў Беларусі ў пачатку 20 ст.» адкрыта ў 1965 г., у далейшым адкрываліся і іншыя, прысвечаныя розным перыядам гісторыі беларускай медыцыны. У 1985 г. групу ўзначаліў А.К.Касач, які распачаў працу па стварэнні самастойнай музейнай установы. Дырэктарам новага музея з моманту яго заснавання ў 1990 г. была Т.Г.Святловіч.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 31028 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 5561 адзінку. Экспазіцыя размяшчаецца ў зале плошчаю 132,3 м².

Створаная ў 1993 г. экспазіцыя «Развіццё медыцыны Беларусі ад старажытнасці да пачатку 20 ст.» ўключала 3 раздзелы. Першы — «Узнікненне народнай гігіены і лекавання ў Беларусі (ад вытокаў да 15 ст.)» складаецца з матэрыялаў археалагічных, палеаантрапалагічных і палеапаталагічных даследаванняў, якія дазваляюць меркаваць пра фізічнае развіццё людзей, што жылі на тэрыторыі Беларусі ў старажытнасці, распаўсюджаныя хваробы, спосабы лекавання. Распавядае пра веды, звычаі, звязаныя з аховай здароўя, гігіенай харчавання, жылля, асабістай гігіенай, прадстаўляе сродкі народнай медыцыны.

Экспанаты 2-га раздзела «Медыцына Беларусі ў 16 — 1-й палавіне 19 ст.» даюць уяўленне пра распаўсюджанне эпідэмій на тэрыторыі Беларусі, мерапрыемствы па папярэджанні заразных хвароб, асаблівасці медыцыны сярэдневякоўя. Цэнтральнай фігурай раздзела з’яўляецца Ф.Скарына, асветнік і гуманіст, першы доктар медыцыны на беларускіх землях. Паказана роля Гродзенскай медыцынскай школы і медыцынскага факультэта Віленскага універсітэта ў падрыхтоўцы лекараў. Таксама можна азнаёміцца з іх выпускнікамі і іншымі медыкамі, якія адыгралі значную ролю ў развіцці медыцыны на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Раздзел «Медыцына Беларусі ў 2-й палавіне 19 — пачатку 20 ст.» расказвае пра санітарна-гігіенічнае становішча Беларусі, узровень здароўя насельніцтва, развіццё проціэпідэмічнай і санітарнай справы, арганізацыю аптэчнай справы і медыцынскай дапамогі насельніцтву. Раскрываюцца роля бальніц Прыказа грамадскай апекі, земскіх бальніц, роля грамадства, дабрачыннасці ў барацьбе з сухотамі і іншымі хваробамі, паказваюцца развіццё сельскай і фабрычна-заводскай медыцыны, спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, дасягненні ў галіне акушэрства і гінекалогіі, тэрапіі, хірургіі, афтальмалогіі і г.д., развіццё медыцынскай навуковай думкі — дзейнасць навуковых урачэбных таварыстваў, з’езды ўрачоў, навуковыя сувязі медыкаў Беларусі, іх уклад у развіццё айчыннай, еўрапейскай і сусветнай медыцыны.

У 1995 да 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адкрылася экспазіцыя «Медыцына Беларусі навейшага часу», якая ахоплівала перыяд пасля 1917 г. і складалася з 3 раздзелаў: «Арганізацыя і дзейнасць органаў кіравання сістэмы аховы здароўя» (1917-41), «Медыка-санітарная справа на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і «Станаўленне, развіццё, сучасны стан медыцынскай навукі».

У 2005 г. замест яе падрыхтавана і адкрыта экспазіцыя «Медыцына Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Фонды музея ўключаюць 19 калекцый: дакументы, фотадакументы, друкаваныя выданні, рукапісы, рукапісныя кнігі, пісьмы, кінадакументы, археалогія, аптэкарскі посуд і абсталяванне аптэк, медыцынскі інструментарый і абсталяванне, творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, схематычныя выявы, сфрагістыка, фалерыстыка, асабістыя рэчы, вопратка, вайсковая амуніцыя і начынне, сцягазнаўства.

У музеі дзейнічаюць выстаўкі «Стаматалагічнае абсталяванне і інструментарый канца 19 — пачатку 20 ст.», «Аптэчны посуд канца 19 — пачатку 20 ст.», сумесна з Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкай арганізуюцца часовыя тэматычныя выстаўкі. З 1994 г. музей з’яўляецца членам Еўрапейскай асацыяцыі музеяў гісторыі медыцынскіх навук.

Аўтар: В.Л. Сысоева
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа,
М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.

Адрас: г.Мінск, вул.Фабрыцыуса, 28
Тэлефон: +375-17226-39-50
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1394]
Здарэнні [466]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.