НІШАГалоўная »
НІША (франц. niche ад італьян. nicchia) у архітэктуры — паглыбленне ў сцяне будынка або збудавання для пластычнага ўзбагачэння фасадаў і інтэр'ераў, аблягчэння канструкцыі, устаноўкі статуяў, вазаў і інш. Бываюць прамавугольныя, лучковыя, арачныя, круглыя, паўцыркульныя, складанай формы; бываюць без абрамленняў або ўпрыгожаныя прафіляванымі архівольтамі, сандрыкамі, франтонамі, філёнгамі і інш.
У архітэктуры старажытнай Беларусі XII ст. у выглядзе высокіх нішаў з конхамі часам рабілі бакавыя алтарныя апсіды (Дабравешчанская царква ў Віцебску). У гатычных збудаваннях XV — XVII стст. нішы разнастайнай формы, згрупаваныя ў некалькі ярусаў, пабеленыя ўнутры, стваралі разам з іншымі элементамі дэкаратыўны пластычна насычаны малюнак фасадаў ( Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць). Нішы стваралі пластыку фасадаў і інтэр'ераў у пабудовах стыляў барока і класіцызму (касцёл езуітаў у Нясвіжы, Траецкі касцёл дамініканцаў у Ружанах, касцёл у Мосары і інш.), несапраўднай готыкі, псеўдарускага, мадэрн. У савецкай архітэктуры 1950-х гг. нішы выкарыстоўвалі як мастацкі элемент (будынак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і інш.).
Крыніца: «Краязнаўчая газета», №47 (592) снежань 2015 г.
|