Субота, 27.07.2024, 02:52

ОРДЭР архітэктурны

Галоўная »
ОРДЭР архітэктурны (ням. Order, франц. ordre ад лац. ordo шэраг, парадак) — пэўнае спалучэнне нясучых і нясёных частак стоечна-бэлечнай канструкцыі, іх структура і мастацкая апрацоўка. Абавязковыя састаўныя часткі ордэра: нясучыя — калона (аздобленая канелюрамі) з капітэллю і базай (у дарычным ордэры без базы), часам з п'едэсталам; нясёныя — антаблемент, што складаецца з архітрава, фрыза і карніза. Дэталі ордэра ўпрыгожваюць разьбянымі ці цягавымі профілямі — абломамі архітэктурнымі. Асаблівасці кожнага ордэра — у прапорцыях, прарысоўцы абломаў і формах капітэлі. Змена суадносінаў паміж нясучымі і нясёнымі часткамі ордэра надае яму і збудаванню ў цэлым разнастайныя маштабнасць і характар (напрыклад, лаканічнасць і мужнасць — дарычны, лёгкасць і вытанчанасць — карынфскі і іанічны). Як мастацка-выразная форма выкарыстоўваўся ў манументальнай архітэктуры ў старажытнасці (Старажытны Егіпет, асірава-вілонскае дойлідства). Класічная сістэма ордэра склалася ў Старажытнай Грэцыі; асноўныя ордэры атрымалі назву ад плямёнаў і абласцей: дарычны ордэр, іанічны ордэр, карынфскі ордэр. Разнавіднасць дарычнага — тасканскі ордэр, карынфскага й іанічнага— кампазітны ордэр.

Ордэр і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў розныя гістарычныя эпохі (у архітэктуры Старажытнага Рыма, Адраджэння, барока, класіцызму). 3 XV ст. ордэр стаў адным з галоўных кампанентаў у заходне-еўрапейскай архітэктуры.

На тэрыторыі Беларусі ордэр і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў культавай, палацавай, грамадзянскай архітэктуры стыляў барока, класіцызму (касцёл бернардзінцаў у в. Будслаў Мядзельскага р-на, касцёл кармелітаў і Іосіфаўскі сабор у Магілёве, ветэрынарная школа ў Гродне, палацы ў Гомелі і в. Жылічы Кіраўскага р-на, асабняк у Слоніме, палац губернатараў у Віцебску ды інш.). У канцы XIX — пачатку XX ст. выкарыстанне яго (пераважна дэкаратыўнае) характэрнае для архітэктуры эклектыкі, «мадэрна», неакласіцыстычных кірункаў (жылы дом у Бабруйску па вул. Пушкіна, 211, капліца ў в. Моладава Іванаўскага р-на, будынак абласной канторы Дзяржбанка СССР (цяпер Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці) у Брэсце ды інш.). У архітэктуры канца 1940 — сярэдзіны 1950-х гг. выкарыстаныя ордэры і ордэрныя сістэмы (будынкі Галоўнага паштамта, Палаца культуры Белсаўпрафа, адміністрацыйныя будынкі на праспекце Незалежнасці і вул. Камуністычнай у Мінску, абласных драматычных тэатраў у Гомелі і Віцебску, Палацы культуры тэкстыльшчыкаў у Гродне, Дома культуры ў Слуцку ды інш.).

Крыніца: «Краязнаўчая газета» 22 (615) чэрвень 2016 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 62
Гасцей: 62
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.