Пятніца, 03.05.2024, 07:55

МЯДЗЕЛ

Галоўная »
МЯДЗЕЛгорад, цэнтр Мядзельскага раёна, паміж азёрамі Мястра і Баторын. За 154 км на паўночны захад ад Мінска, 31 км ад чыгуначнай станцыі Княгінін на лініі Маладзечна — Полацк, на аўтамабільнай дарозе Вілейка — Нарач.

Мядзел
Мядзел

Назва паселішча паходзіць, магчыма, ад літоўскага medinis — лясны, драўляны. Паводле падання, знаходзіўся на беразе возера Мядзел і пасля мору перанесены на бераг возера Мястра. На адным з астравоў возера Мядзел засталіся рэшткі гарадскіх умацаванняў XI ст. — парубежнай крэпасці Полацкага княства. Да XX ст. падзяляўся на Стары і Новы Мядзел. Стары Мядзел вядомы з 1454 г. у складзе Віленскага ваяводства. Належаў Радзівілам, Францкевічам, Райскім, Грабкоўскім, Кошчыцам.

Мядзельскі замак існаваў у XV — пачатку XVIII ст. Пабудаваны на месцы гарадзішча XI — XIV стст. у паўднёва-ўсходняй частцы вострава на возеры Мястра. Комплекс уключаў абарончыя, жылыя і гаспадарчыя пабудовы розных тыпаў і канструкцыяў. Займаў роўную прамавугольную пляцоўку (вышыня 3,5 — 4 м), на паўночны ўсход якой знаходзілася круглая ў плане мураваная вежа-данжон (дыяметр каля 17,5 м, таўшчыня сценаў да 3,75 м), пастаўленая на 4-метровым каменным падмурку. У XVI ст. да вежы з захаду прыбудаваны прамавугольны ў плане мураваны палац (таўшчыня сценаў 2 м). Замак быў абнесены каменнай сцяной (таўшчыня 1,5 — 2 м), якая ўключала 2 цыліндрычныя вежы і паўкруглыя мураваныя бастэі. З поўдня, захаду і поўначы меў дадатковы пояс абароны — земляны вал з невялікімі бастыёнамі і вадзяным ровам. З берагам злучаўся драўляным мостам на палях. Не збярогся.

З 1736 г. мястэчка, з 1762 г. мела магдэбургскае права. У канцы XIX ст. каля 310 жыхароў, 46 двароў, царква, бровар, 2 кірмашы на год. Новы Мядзел вядомы з 1463 г., быў абнесены валам. У XV ст. на паўвостраве возера Мястра, на месцы гарадзішча XI — XIV стст., пабудаваны мураваны Мядзельскі замак. У руска-літоўскую вайну 1512 — 1522 гг. у 1519 г. разбураны. У XVI ст. каралеўскае ўладанне, горад; выраблялася мядзельская кафля. З 1793 г. Стары і Новы Мядзел у складзе Расіі, у Вілейскім павеце. У канцы XIX ст. Новы Мядзел — мястэчка, больш за 780 жыхароў, каля 100 двароў, царква, касцёл, народнае вучылішча, 4 крамы, базар, 8 кірмашоў на год. З 1921 г. у складзе Польшчы.

З 1939 г. у БССР, з 15 студзеня 1940 г. цэнтр раёна. У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 г. да 4 ліпеня 1944 г. акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З 17 лістапада 1959 г. гарадскі пасёлак.

Развіваецца як цэнтр курортнай зоны вакол возера Нарач. Інтэнсіўна забудоўваецца з 1967 г.

Мядзел здаўна быў цэнтрам ткацкага рамяства. Збярогся помнік архітэктуры XIII ст. — Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў (цяпер — Маці Божай Шкаплернай). Ёсць помнік на брацкай магіле 168 савецкіх воінаў і партызанаў Вялікай Айчыннай вайны.

Мядзел
Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў (цяпер — Маці Божай Шкаплернай)

Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў пабудаваны ў стылі позняга барока ў 1754 г. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. У аздобе фасадаў выкарыстаныя прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Дэкаратыўнае афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Нішы для скульптураў завершаныя конхамі, упрыгожанымі ракавінамі. Сцены размаляваныя фрэскамі (зберагліся фрагменты). Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца. Ахоўваецца дзяржавай.

Мядзел
Троіцкая царква

Мядзельскі музей народнай славы заснаваны ў пачатку 1968 г., адкрыты для наведвальнікаў 18 сакавіка 1969 г. Вялікую дапамогу ў зборы фондаў аказвалі беларускія навукоўцы Я.Звяруга, Г.Каханоўскі, М.Ткачоў, М.Чарняўскі. Асноўны фонд (2008 г.) налічвае 18948 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 14078 адзінак. Музейныя экспанаты абодвух фондаў утвараюць 17 калекцыяў. У музеі 10 экспазіцыйных залаў. У 1990 г. у СШ №1 г.Мядзел створаны філіял музея — музей гісторыі школы імя Уладзіміра Дубоўкі.

Крыніца: "Краязнаўчая газета" №5 (205), люты 2014 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [470]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.