ПАДВОДНАЯ АРХЕАЛОГІЯ, гідраархеалогіяГалоўная »
ПАДВОДНАЯ АРХЕАЛОГІЯ, гідраархеалогія — галіна археалогіі, што займаецца вывучэннем старажытных аб'ектаў, затопленых вадой. Узнікла ў сярэднявеччы з мэтай пошукаў затанулых караблёў.
Развіццё падводнай археалогіі ў XX ст. звязанае з вынаходствам у 1943 г. французскім даследчыкам Жакам Івам Кусто i Э. Ганьякам акваланга, што дало магчымасць свабодна i без асаблівых выдаткаў працаваць на глыбінях да 50 м.
На тэрыторыі Беларусі налічваецца больш за 100 гідраархеалагічных помнікаў (капішчы, старажытныя масты, месцы былых бітваў, культавыя камяні, затопленыя паселішчы, чаўны i г.д.). У Беларусі ў 1907 г. у р. Ясельда каля в. Жабер ( Драгічынскі раён) вёўся пошук гарматаў, затопленых у XVII ст. (знойдзеныя 8 гарматаў). У 1920-я гг. падводныя раскопкі праводзіліся на месцы пераправы войскаў Напалеона цераз Бярэзіну каля в. Студзёнка ( Барысаўскі раён). Планавыя падводныя пошукі археалагічных помнікаў пачаліся ў 1979 г. У 1982 г. пры Дзяржаўным музеі БССР (цяпер Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) створаны клуб падводных гісторыка-археалагічных даследаванняў, a ў 1987 г. група «Акванаўты» пры Мінскім педінстытуце імя М. Горкага, якія разам са спецыялістамі музеяў i Інстытута гісторыі Акадэміі навук праводзілі сістэматычныя падводныя археалагічныя даследаванні. На ўчастку воз. Дзерба каля гарадзішча Маскавічы ў выніку падводных раскопак у 1979 — 1988 гг. выяўлены культурны пласт 0,2 — 0,3 м на плошчы 1 га, знойдзены гліняны посуд, косці свойскіх i дзікіх жывёлаў, рэчы XII — XIII стст. У рэчышчы Дзвіны на месцы знаходжання Барысавых камянёў зробленая шурфоўка дна. Знойдзеныя абломкі камянёў, фрагменты керамікі XІІ — XV стст., косці жывёлаў i асобныя рэчы.
У 1987 — 1991 гг. праводзіліся археалагічныя раскопкі ў р. Свіслач у Мінску i ў р. Лукомка каля г.п. Лукомль, у воз. Іказнь каля сценаў замка i в. Старыя Лаўкі. Пры даследаваннях у азёрах Нарач i Мядзел знойдзеныя побытавыя рэчы, фрагменты керамічных пасудзінаў i кафлі. 3 1986 г. праводзяцца археалагічныя даследаванні на воз. Сенніца (Гарадоцкі раён), у 1989 г. тут выяўленыя 4 паселішчы 3 — 2-га тысячагоддзяў да н.э., знойдзеныя рэшткі керамічнага посуду, каменныя i гліняныя грузілы, вырабы з каменю, косці ды інш. У 1991 г. з воз. Іказнь паднятыя старажытныя чаўны.
Крыніца: «Краязнаўчая газета» 38 (631) кастрычнік 2016 г. |