Субота, 27.07.2024, 02:57

ПАРТРЭТ САРМАЦКІ

Галоўная »
ПАРТРЭТ САРМАЦКІ — від партрэта, пашыраны на землях Беларусі ў канцы XVI — пачатку XVIII стагоддзяў. Назва паходзіць ад назвы старажытных плямёнаў сарматаў, якіх польская і ліцвінская (беларуская) шляхта лічыла сваімі продкамі і на гэтай падставе імкнулася апраўдаць сваё прывілеяванае становішча ў грамадстве. Сарматызм стаў светапоглядам, культурай і ладам жыцця шляхты. Гэтая ідэалогія яднала вышэйшы стан Кароны Польскай і BKЛ, адначасова супрацьпастаўляла яго іншым станам краіны і навакольным народам, асабліва некаталіцкага веравызнання. Галоўным абавязкам шляхты лічылася ваенная справа і абарона Бацькаўшчыны.

Сарматызм у беларускай культуры знайшоў адлюстраванне таксама ў мемарыяльнай пластыцы і літаратуры. Жывапісны партрэт сармацкі спалучаў рысы параднага, рыцарскага і труннага партрэтаў. Важную ролю ў яго станаўленні адыгралі гравюры «штамбухаў», альбомы для запісаў, замалёвак у падарожжах, дзе побач з малюнкам змяшчалі суправаджальны тэкст, а таксама кнігі-эмблемы, пашыраныя ў Польшчы і Беларусі.

Адметныя рысы партрэту сармацкага — адлюстраванне персанажа ў парадным адзенні, пышныя драпіроўкі, спалучэнне характэрнай для арыстакратычнага параднага партрэта ўрачыстай рэтраспектыўнасці з немаляўнічымі элементамі (выявы гербаў, атрыбутаў, надпісаў інфарматыўнага характару пра партрэтаванага і іншае). Канкрэтная характарыстыка асобы давалася, як правіла, без ідэалізацыі, у сувязі з чым партрэт сармацкі выконваў функцыю больш сацыяльную, чым эстэтычную. Адлюстраванне ў партрэце сармацкім характарызуецца плоскаснасцю ў трактоўцы аб'ёму, геаметрызацыяй формы, адсутнасцю святлоценявых эфектаў.

У гэты час на беларускіх землях працавала шмат іншаземных майстроў, сюды прывозіліся творы з розных краінаў Еўропы. Разам гэта стварала спрыяльную глебу для росквіту партрэтнага жанру, для фармавання яго нацыянальных рысаў. Буйнымі цэнтрамі партрэтнага жывапісу ў BKЛ былі Вільня, Нясвіж, Супрасль, Слуцк. Да ліку найбольш выдатных помнікаў адносіцца партрэт Юрыя Радзівіла. Мадэль у ім паказаная ў поўны рост у атачэнні шматлікіх дэталяў. Дзякуючы ім, а таксама надпісу, можна даведацца пра партрэтуемага, пра месца паказанае асобы ў тагачасным грамадстве. Тыпова «сармацкім» з'яўляецца і партрэт Яна Сабескага, што выканаў вядомы беларускі гравёр А.Тарасевіч з Глуска. Сярод найбольш значных твораў партрэты Грызельды Сапегі (1632—1633 гады), Канстанціна Астрожскага (першая палова XVII стагоддзя), Ігнація Завішы (1732 год), трунны партрэт Аляксандра Пацея (другая палова XVIII стагоддзя).

Партрэт сармацкі зрабіў уплыў на еўрапейскія формы партрэта, што развіваліся на тэрыторыі Беларусі ў XVI — XVIII стагоддзях, яго рысы прыкметныя таксама ў некаторых творах пачатку XIX стагоддзя. У XX стагоддзі адбылося адраджэнне жанру ў выніку сумеснага праекта рыцарскага клуба «Жалезны воўк» і мастакоў А.Елізарава, А.Міхайлава, А.Піскуна і іншыя. Сармацкі партрэт не толькі адрадзіўся на глебе старых традыцыяў, але і атрымаў новае развіццё ў розных стылях сучаснага жывапісу.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №9 (698) сакавік 2018 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 50
Гасцей: 50
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.