Субота, 27.07.2024, 03:53

ПАРТРЭТ

Галоўная »
ПАРТРЭТ (франц. portrait ад састарэлага portraire — ствараць вобраз) у літаратуры: 1) апісанне знешняга выгляду чалавека (рысаў твару, мімікі, жэстаў, паходкі, адзення), адзін са сродкаў характарыстыкі героя. Дае магчымасць перадаваць сацыяльны і псіхалагічны тыпаж персанажа, выявіць aўтаpскае стаўленне да яго.

У старажытнай літаратуры партрэту не надавалася вялікага значэння: герой не меў выразных індывідуальных рысаў, а знешні яго выгляд быў стэрэатыпным і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Важнае месца партрэт заняў у рамантычнай літаратуры, дапамагаючы паэтычна ўзвышаць героя ці, наадварот, эстэтычна зніжаць, дыскрэдытаваць яго (Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Янкі Купалы «Бандароўна»). Рамантычны партрэт ствараўся эмацыйна-экспрэсіўнымі штрыхамі, што перадавалі агульны лад, кірунак унутранага жыцця героя (часам рамантыкі карысталіся кантрастным партрэтам для адлюстравання супярэчнасцяў чалавечага характару). Эмацыйна-ацэначны партрэт сустракаецца і ў рэалістычнай літаратуры, у прыватнасці ў пісьменнікаў паэтычнага светаадчування (Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Янкі Брыля, Iвана Навуменкі ды іншых). У трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», напрыклад, партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў (Лабановіч, Ядвіся), або іранічна-здзеклівае стаўленне да іх (інтэлігенты-абывацелі). У рэалістычнай літаратуры партрэт — найперш сродак псіхалагічнай абмалёўкі характару; знешні выгляд героя красамоўны сваёй эстэтычнай выразнасцю і асацыятыўна звязваецца з пэўным персанажам.

Партрэтная характарыстыка псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму партрэт звычайна даецца ў творы не ў закончанай і статычнай форме, а асобнымі фрагментамі, што адлюстроўваюць гэтую эвалюцыю. Партрэтная характарыстыка можа быць прамой, гэта значыць аўтарскай, і ўскоснай, што даецца адным персанажам другому. Іх чаргаванне і супастаўленне дае магчымасць стварыць яркі, шматгранны характар;

2) біяграфічны нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якія аўтар, абапіраючыся на суб'ектыўныя ўражанні і захоўваючы пры гэтым дакументальную дакладнасць у перадачы фактаў, узнаўляе цэласнае аблічча чалавека. Літаратурныя партрэты паэтаў Заходняй Беларусі (Міхася Васілька, Міколы Засіма, А. Салагуба), пісьменнікаў канца XX ст. (Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча) стварыў Уладзімір Калеснік.

У выяўленчым мастацтве — адзін з асноўных жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры. Аснова жанру партрэта — мемарыяльны пачатак, увекавечванне аблічча канкрэтнага чалавека. Найважнейшы крытэрый партрэтнасці — падабенства выявы і мадэлі, якое вынікае з дакладнай перадачы вонкавага выгляду партрэтаванага і праўдзівага раскрыцця яго духоўнай сутнасці ў адзінстве індывідуальных і тыповых рысаў, уласцівых яму як прадстаўніку пэўнай гістарычнай эпохі, нацыянальнасці, сацыяльнага асяроддзя.

Часта партрэтам называюдь усялякую індывідуалізаваную выяву чалавека, калі яна з'яўляецца адзінай або галоўнай тэмай твора. Звычайна партрэты ствараюць з натуры, але могуць быць выкананыя з маскі, знятай з партрэтаванага, або з прыжыццёвага партрэта. Часам ствараюць паводле ўспамінаў або ўяўлення мacтака ва аснове літаратурна-мастацкіх, дакументальных ды іншых матэрыялаў. У кожным партрэце, як правіла, выяўленае аўтарскае стаўленне да партрэтаванага. Паводле прызначэння, спецыфікі формы, характару выканання вылучаюць партрэты: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя) і манументальныя (манументальная скульптура і жывапіс); парадныя, камерныя, сатырычныя і гумарыстычныя (карыкатура, шарж); у рост, па калені, па пояс, пагрудны, галава; анфас і профіль і іншыя.

Паводле колькасці персанажаў падзяляюцца на індывідуальныя, парныя, групавыя; спецыфічны від партрэта — аўтапартрэт. 3 старажытнасці вядомыя партрэтная мініяцюра, партрэт на медалях і манетах, а таксама гемы. У мастацкай практыцы партрэт часта спалучаецца з іншымі жанрамі. Вылучаюць партрэт-карціну, дзе партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай і сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або архітэктурным асяроддзем і іншымі людзьмі (групавы партрэт-карціна); партрэт-тып, збіральны вобраз, структурна блізкі да партрэта. У многіх партрэтах разам з адлюстраваннем характэрных, індывідуальных рысаў асобаў перадаюцца важныя грамадскія з'явы ў складаным перапляценні супярэчнасцяў.

Партрэт вядомы з глыбокай старажытнасці. Першыя найбольш значныя ўзоры трапляюцца ў скульптуры Старажытнага Егіпта, краінаў Старажытнага Усходу. Значныя помнікі сусветнага мастацтва — скульптурныя партрэты філосафаў, паэтаў, грамадскіх дзеячаў, створаныя ў Старажытных Грэцыі і Рыме. У мастацтве сярэднявечча партрэт нярэдка быў часткай царкоўнага архітэктурна-мастацкага ансамбля, вылучаўся імперсанальнасцю; часам рысы канкрэтных асобаў надавалі выявам святых. Індывідуалізацыяй вылучаліся надмагільныя партрэты. Значны этап у развіцці партрэта — мастацтва Адраджэння ў Італіі, Францыі, Нідэрландах, Германіі. Узнікненне і зацвярджэнне новага рэалістычнага партрэта ў XVIII стагоддзі звязанае з гуманістычнымі ідэаламі эпохі Асветніцтва. Істотна паўплывалі на развідцё партрэта канца XIX — пачатку XX стагоддзяў адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў Э.Манэ, А.Рэнуара, Э.Дэга, А.Радэна. Прыкметны ўплыў на развіццё сусветнага партрэтнага мастацтва зрабіла творчасць П.Сезана, В.ван Гога. Своеасабліва адбіўся на мастацкай мове партрэта таго часу стыль мадэрн. Складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі развіцця мастацтва XX стагоддзя выявіліся і ў партрэце. Разам з развіццём рэалістычнага партрэта на глебе мадэрнізму ўзнікаюць творы, пазбаўленыя партрэтнай спецыфікі, што наўмысна дэфармуюць чалавечае аблічча, часам зводзяць адлюстраванне мадэлі да ўмоўнай, адцягненай схемы (напрыклад, абстрактнае мастацтва).

На тэрыторыі Беларусі адна з найбольш старажытных партрэтных выяваў — багушэвіцкая статуэтка (другаяя палова першага тысячагоддзя да нашай эры). Спроба партрэтнай характарыстыкі ёсць у размалёўках Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку (XII стагоддзе), а таксама размалёўках беларускіх мастакоў у храмах Польшчы (XIII — ХІV стагоддзі). 3 літаратурных крыніцаў вядомы станковы партрэт XIV стагоддзя (партрэты караля Ягайлы працы Якуба Венжыка, канец XIV стагоддзя; вялікага князя Аляксандра, прыкладна 1493 год). Графічны партрэт узнік у пачатку XVI стагоддзя (гравюрны партрэт Францыска Скарыны, змешчаны ў выдадзенай ім Бібліі, 1517 — 1519 гады), скульптурны — у сярэдзіне XVI стагоддзя (надмагіллі А.Гаштольда, 1540 год, і П.Гальшанскага, сярэдзіна XVI стагоддзя; абодва ў Віленскім кафедральным саборы). 3 1545 года вядомыя партрэтныя медалі Віленскага манетнага двара. 3 сярэдзіны XVI і цягам XVII стагоддзяў складваўся жывапісны партрэт — адзіночны, парны і групавы (Б.Радзівіл, 1550 год; Кацярыны Слуцкай, 1580 год; Кацярыны Астрожскай, прыкладна 1597 год; К.Хадкевіча, 1620 год; і іншыя). Пад уплывам заходнееўрапейскіх мастакоў, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі, тут з'явіліся парадны партрэт, партрэт рыцарскага тыпу (партрэт невядомага ў латах, другая чвэрць XVII стагоддзя), партрэт тыпу вучонага (партрэт прафесара старажытных усходніх моваў М.Квіена, другая палова XVIII стагоддзя).

Адначасова з еўрапейскімі формамі партрэта развіваліся характэрныя для Беларусі партрэт сармацкі, партрэт пахавальны, партрэт данатарскі. У традыцыях Адраджэння выкананы партрэт Ю. Радзівіла (другая палова XVI стагоддзя), К. і М.Радзівіл (I.Шрэтар, 1646 год), мітрапаліта I.Солтана (апошняя чвэрць XVI стагоддзя), А.Алелькі (канец XVI стагоддзя), Л.C.Радзівіл (першая палова XVII стагоддзя), А.К.Завішы (1676 год). Уплыў мастацтва маньерызму адметны ў партрэце Е.Радзівіла (1590 год). У складаных умовах развіваўся партрэтны жывапіс XVII — XVIII стагоддзяў. У ім адметны ўплыў мастацтва Фландрыі, Нідэрландаў, Францыі, рускай парсуны, твораў беларускай іканапіснай школы. Рысы стылю барока адчуваюцца ў партрэтах Я.Радзівіла (1650-я гады), А.Астрожскага (1660 — 1670-я гады), М.К. Агінскага (пасля 1754-га года), Софіі Даратэі (другая чвэрць XVIII стагоддзя). У графіцы сярод найбольш значных — партрэт В.Цяпінскага (1576 год), творы Л.Тарасевіча (партрэты Б.Корвіна-Гансеўскага і ашмянскага прыстольніка Г.Зямлі, 1690-я гады), Г.Ляйбовіча (партрэт Вайшунда I Хрысціяна, XVII стагоддзе). Партрэты стваралі таксама А.Тарасевіч, I.Шчырскі, Л.Кршчановіч і іншыя. У XVII — XVIII стагоддзі пашырыўся скульптурны партрэт — манументальна-мемарыяльны (надмагілле) і станковы; партрэт на медалях — рэльефы Р.Слізеня, партрэты А.Міцкевіча, Г.Ржавускага, усе канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў.

Партрэтны жывапіс канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў развіваўся ў рэчышчы класіцызму, ра-мантызму і сентыменталізму. У творах найболььш вядомых партрэтыстаў першай паловы XIX стагоддзя сцвярджалася пазасаслоўная каштоўнасць асобы, эстэтычная значнасць інтэлектуальнага і эмацыйнага складу чалавека. У жанры партрэта прадавалі Ф.Смуглевіч (партрэт сям’і Тышкевічаў, аўтапартрэт), I.Аляшкевіч (партрэты А.Чартарыйскага, А.Міцкевіча, дзяўчынкі, Л.Сапегі, групавы партрэт), Я.Рустэм (партрэты Т.Касцюшкі, Г.Ваньковіч, А.Ваньковіча, аўтапартрэт), Я.Дамель (партрэты Ш.Малеўскага, А.Гюнтэра), Ю.Пешка (партрэты Ф.Смуглевіча, I.Закржэўскага), В.Ваньковіч («Міцкевіч на скале Аю-Даг», 1828 год; партрэты А.Ромера, А. Тавянскага, 1837 год; Г.Гарноўскага, аўтапартрэт). Прастатой і яснасцю светаадчування вылучаюцца партрэтныя вобразы I.Хруцкага (партрэт сына, жонкі, М.Ромера), С.Заранкі (партрэт Ф.П.Талстога, 1850 год). Шэраг партрэтаў стварылі мастакі К.Рыпінскі (партрэты Я.Баршчэўскага і У.Сыракомлі), А.Шэмеш (партрэты I.Янушкевіча, Сыракомлі), Ф.Тулаў («Сямейны партрэт кн.Шахаўскіх»), Жывапісны партрэт сярэдзіны — другой паловы XIX стагоддзя адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сацыяльна-псіхалагічных характарыстыкаў, некаторыя творы адзначаныя рысамі крытычнага рэалізму: «Стары пастух», «Літвінка з Езна» Н.Сілівановіча, «Жняя» К.Русецкага, «Партрэт Антона Макаведкага» В.Сляндзінскага, «Аўтапартрэт» і «Жаночы партрэт» Б.Русецкага, «Партрэт паўстанца 1863 года» А.Ромера, «Старая моліцца» А.Гараўскага і іншыя. Жанравы характар маюць партрэты канца XIX — пачатку XX стагоддзяў: «Стары кравец», «Стары салдат», «Жабрак» Ю.Пэна, «Дзяўчына ў чырвоным» і «Партрэт скрыпача Жухавіцкага» Я.Кругера, «Жаночы партрэт» Л.Альпяровіча, «Настасся» А.Каменскага, «Партрэт дзяўчынкі» Р.Баброўскага, «Беларуска» Б.Тамашэвіча, «Партрэт дзяўчыны» А.Ромера, жаночыя партрэты Б.Адамовіча. Вялікі ўплыў на творчасць беларускіх партрэтыстаў таго часу мела дзейнасць I.Рэпіна. Разам з тым у некаторых творах канца XIX — пачатку XX стагоддзяў бачны ўплыў дэкадэнцтва.

Беларускі савецкі партрэт развіваўся ў рэчышчы метаду сацыялістычнага рэалізму, а таксама абапіраўся на нацыянальныя мастацкія традыцыі, вопыт сусветнага выяўленчага мастацтва. Мастакі стварылі вобразы найлепшых людзей мінулага і сучаснасці — гістарычных асобаў, дзяржаўных і ваеных дзеячаў, навукоўцаў, працаўнікоў горадаі вёскі, моладзі, дзеячаў літаратуры і мастацтва. У жывапісе ў 1920 — 1930-я гады зробленыя першыя спробы стварыць абагульнены вобраз сучасніка: серыя партрэтаў сялянаў М.Філіповіча, партрэт дачкі (М.Станюта), партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа (Я.Кругер), Янкі Купалы (Д.Полазаў), акадэміка М.Нікольскага (М.Тарасікаў). Строгай дакументальнасцю, стрыманасцю ў перадачы пачуццяў, грамадзянскім і патрыятычным гучаннем адметныя партрэты перыяду Вялікай Айчыннай вайны: «Юны партызан» і партрэты народных артыстаў БССР А.Нікалаевай (Я.Зайцаў), Г.Глебава і 3.Васільевай (I.Ахрэмчык), партызанкі Н.Хахалінай і мастака А.Мазалёва (3.Паўлоўскі), партызана П.Кашэ (Я.Красоўскі), серыя партрэтаў партызанаў (Ф.Мадораў). Дэталізацыя выявы, дакументальная дакладнасдь, традыцыйнасдь выяўленчых сродкаў характэрныя партрэту 1940 — 1950-х гадоў: партрэты кампазітара М.Чуркіна (X.Ліўшыц), народнага артыста БССР Е.Міровіча (I.Ахрэмчык), групавы партрэт народных артыстаў СССР Г.Глебава, У.Уладамірскага і народнага мастака БССР А.Марыкса (Волкаў) і інш. У 1960-я гады пашырыўся жанр партрэта-карціны: партрэты П.Пестрака (Ахрэмчык), Якуба Коласа і Р.Шырмы (У.Стальмашонак), артыста В.Чарнабаева (М.Чэпік),«Настаўніца» М.Лісоўскага і інш. У партрэце 1970 — 1980-х гадоў адметнае імкненне разам з перадачай вонкавага падабенства раскрыць ідэалы і асаблівасць светаўспрымаяня чалавека, паказаць прыкметы часу: працы В.Пратасені (Герой Савецкага Саюза М.Шмыроў), Л.Шчамялёва (мастак М.Чэпік, «ГІрацаўнікі музаў (кампазітар I.Лучанок, пісьменнік В.Быкаў, мастак М.Савіцкі)»), В.Сахненкі (народны мастак СССР М.Савіцкі, заатэхнік Р.Басацкая), У.Мінейкі («Фізікі»), Зайцава (ткачыха з в.Неглюбка М.Каўтунова), Г.Вашчанкі (аўтапартрэт), Дударанкі («Дзядзька Кастусь і цётка Анэта», серыя «Калгаснікі "Чырвонай змены”»), I.Стасевіча («Сын палка. В.Дончык»).

Серыю партрэтаў выдатных людзей Віцебшчыны стварыў У.Кухараў, дзеячаў айчыннага мастацтва — М.Моўчан, Н.Шчасная. Значныя творы ў жанры партрэта Я.Харытоненкі (народная артыстка СССР А.Клімава, салісты Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР Н.Галеева, Т.Шаметавец, «Ганначка» і іншыя). Ярка індывідуальная манера вылучае працы А.Малішэўскага, А.Кішчанкі, А.Марачкіна, М.Кірэева, Б.Казакова, I.Рэя, Чэпіка, М.Селешчука, У.Тоўсціка.

Цікавасць жывапісцаў да гісторыі роднай культуры, творчасці яе выдатных дзеячаў адлюстравалася ў гістарычным партрэце. Творам уласцівыя шырокае выкарыстанне сродкаў выяўленчай сімволікі, багатая асацыятыўнасць, метафарычнасць вобразнага ладу, эмацыйная напоўненасць, выкарыстанне традыцыяў нацыянальнага і сусветнага мастацтва: «Пачатак. Францыск Скарына», «Мікола Гусоўскі», «Рагнеда» А.Марачкіна, «Свіцязянская балада (А.Міцкевіч)» і «У краіне светлай... Максім Багдановіч)» У.Пасюкевіча, «3 цэлым народам гутарку весці... (партрэт Цёткі — А.Пашкевіч)» I.Рэя, «Людвік Кандратовіч (Уладзіслаў Сыракомля) у Нясвіжы» В.Маркаўца, «Скарына ў Рызе», «У лекарскіх навуках доктар Ф.Скарына», «Першаму беларускаму драматургу прысвячаецца (В.Дунін-Марцінкевіч)», «Мой мацярык Віцебшчына (паэт С.Панізьнік)», (1990 год), «Заміж персідскага ўзору... (М.Багдановіч у Вільні)», «Дзвіна-Даўгава — маці наша (Янка Купала і Ян Райніс)» В.Целеша, партрэты В.Дуніна-Марцінкевіча, напісаныя Дударанкам, Ціханавым, Тоўсцікам, Марачкіным, Рэем, Маркаўцом.
Партрэты выдатных дзеячаў Беларусі створаныя і ў манументальным жывапісе (размалёўкі «Асветнікі» Вашчанкі, «Заснавальнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта» У.Самсонава). У станковай і манументальнай скулыітуры ў 1920 — 1940-я гады быў створаны шэраг партрэтаў дзеячаў культуры, палітыкаў: Скарыны і М.Галадзеда (Бразер), К.Каліноўскага і Багдановіча (Грубэ), народнай артысткі СССР Л.Александроўскай і Цёткі (Азгур), народнага артыста БССР Г.Грыгоніса і народнага артыста СССР Г.Глебава (Керзін), Скарыны, народнага артыста СССР У.Уладамірскага, Янкі Купалы (Глебаў) і іншых. Патрыятычны пафас часу, народны гераізм паказаны ў створанай у гады Вялікай Айчыннай вайны серыі партрэтаў партызанаў і ж воінаў Савецкай Арміі: Герояў Савецкага Саюза Л.Даватара (Грубэ), М.Сільніцкага, Ф.Смалячкова, М.Шмырова («Партызан Бацька Мінай»; Азгур), М.Гастэлы (Бембель). Гераізм народа ў гады вайны — адна з галоўных тэмаў скульптурнага партрэта канца 1940 — 1980-х гады.

Багаты і складаны свет сучасніка знайшоў увасабленне ва ўзбагачэнні кампазіцыйных вырашэнняў, ускладненасці пластычных прыёмаў партрэта 1960 — 1980-х гадоў. У пабудове мастацкай формы шэрагу станковых твораў 1960 — 1970-х гадоў адчуваецца ўплыў манументальнага мастацтва.

Важнае месца займаюць вобразы дзеячаў літаратуры, мастацтва, навукі мінулага і сучаснасці, дзяржаўных, грамадскіх і ваенных дзеячаў краіны: партрэты Шырмы, А.Адамовіча (Азгур), Р.Барадуліна, У.Караткевіча, П.Панчанкі і Багдановіча (Вакар), М.Чуркіна, I.Лучанка (Мурамцаў), Гусоўскага і Багдановіча (Гумілеўскі), скульптара А.Глебава (Заспіцкі), скулыітара А.Дзям'янава і народнага артыста У.Мулявіна (У.Лятун), Дуніна-Марцінкевіча (А.Шатэрнік) і іншыя. Увага да перадачы нацыянальных асаблівасцяў, праяваў нацыянальнага ў характары персанажаў вылучаюць партрэты дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі і замежжа, касманаўтаў, створаныя 3.Азгурам, А.Анікейчыкам, Л.Гумілеўскім, А.Заспіцкім, I.Міско, С.Селіханавым. Важную ролю ў стварэнні мастацкага вобраза адыгрывае партрэтная характарыстыка ў манументальнай скульптуры: «Няскораны чалавек» у мемарыяльным ансамблі «Хатынь» (Селіханаў), помнікі Скарыну ў Полацку (Глебаў), Янку Купалу (Анікейчык, Гумілеўскі, Заспіцкі), Якубу Коласу (Азгур), Багдановічу (Вакар) у Мінску, Сымону Буднаму ў Нясвіжы (Гарбунова), у Мануменце ў гонар савецкай маці-патрыёткі (Заспіцкі, Рыжанкоў, Міско), бюстах касманаўтаў П.Клімука ў Брэсце і У.Кавалёнка ў Крупках (Міско).

У графіцы мастакі ствараюць партрэты ў тэхніках малюнка вугалем, алоўкам і тушшу, акварэлі, ксілаграфіі, лінагравюры, літаграфіі, пастэлі ды іншыя. У 1920-я гады створаныя партрэты Янкі Купалы (К.Елісееў, П.Гуткоўскі, Н.Сасноўская), У.Талубка (Я.Ціхановіч) і іншыя. Да партрэта звярталіся 3.Гарбавец, Я.Мінін, С.Юдовін, М.Філіповіч («Стары беларус з люлькай»), партрэтныя характарыстыкі ёсць у серыі этнаграфічных замалёвак Філіповіча «Старая Беларусь». Змены ў сацыяльным жыцці народа адлюстравалі партрэты 1930-х гадоў: «Чырвонаармеец» (А.Астаповіч), «Стаханаўка Шпакоўская» і «Партрэт работніцы Францэвіч» (Л.Лейтман) і іншыя. Партрэт Каліноўскага і серыю «Беларускія народныя тыпы» выканаў П.Сергіевіч, у графічным партрэце працавалі таксама М.Тарасікаў («Партрэт старога», «Жаночы партрэт»), А.Бразер (партрэт Янкі Купалы), К.Чурыла. Гістарычную каштоўнасць маюць партрэтныя замалёўкі партызанаў і савецкіх воінаў, зробленыя ў час вайны С.Катковым, М.Гуціевым, С.Раманавым (апошні на іх аснове пазней стварыў серыю «Партызаны Беларусі»). Вялікае месца займае партрэт у станковай графіцы 1950 — 1980-х гады. Глыбокім псіхалагізмам, дасканалай пластыкай формы, тонкім густам вылучаюцца партрэты, што выканаў Волкаў у тэхніцы малюнка алоўкам: «Трактарыстка», партрэт народнага артыста СССР У. Уладамірскага і іншыя. Вобразы мужных абаронцаў Брэсцкай крэпасці стварыў П.Дурчын у серыі «Жыццё за Радзіму». Дакладная перадача знешняга падабенства, багацце ўнутранага свету, індывідуальнасць асобы вызначаюць партрэты Янкі Купалы, Я.Цікоцкага, А.Міцкевіча (Герус), Г.Грыгоніса і В.Галіны (Л.Ран), Цёткі (Паслядовіч, I.Немагай), паэта Васіля Віткі (А.Кашкурэвіч), Янкі Купалы і Якуба Коласа (Ю.Герасіменка), Францішака Багушэвіча, Каруся Каганца, В.Дуніна-Марцінкевіча (М.Купава), серыю партрэтаў Купалы (I.Раманоўскі), «Сучасныя беларускія пісьменнікі» (М.Будавей) і інш.

Беларускі партрэт сёння адлюстроўвае разнастайнасць творчых індывідуальнасцяў мастакоў, багацце вырашэнняў тэмы, смелыя пошукі новых выразных формаў.

У фатаграфіі — жанр фотапартрэта, што ўзнік адразу пасля з'яўлення фатаграфіі. Паколькі першапачаткова тэхналогія патрабавала доўгай вытрымкі, то імкнуліся здымаць статычныя прадметы, людзей, якія стаялі нерухома. Звычайна фатаграфаваліся ў адмысловым фотасалоне, са спецыяльнай абстаноўкаю ці маляванымі заднікамі. Быў распаўсюджаны таксама пасмяротны партрэт (нядаўна памерлая асоба фіксавалася ў сядзячым становішчы, так муж ці жонка пакідалі сабе памяць аб сужэнцах, маці аб памерлых дзецях). 3 часам фотакамеры сталі больш мабільныя, з'явілася магчымасць іх пераносіць, браць у дарогу, памяншалася вытрымка фатаграфавання. 3 фатографаў канца XIX — пачатку XX стагоддзя, якія пакінулі ў тым ліку партрэты, варта назваць Яна Булгака, іерэя Паўла Валынцэвіча. Шырокавядомыя фотапартрэты беларускіх дзеячаў канца XIX стагоддзя — Віцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішака Багушэвіча, Кастуся Каліноўскага ды іншых.

3 пашырэннем і спрашчэннем фотатэхнікі, а таксама дзякуючы кнігавыданню і друкаванню газет і часопісаў жанр партрэту ў фатаграфіі набывае ў XX стагоддзі распаўсюджанасць. Вядомыя фотапартрэты дзеячаў беларускай культуры, створаныя У.Круком, В.Ждановічам, А.Калядой, Я.Казюлем, Я.Пясецкім, Ю.Івановым, С.Шапранам, Дж.Кунстадтэрам ды іншыя.

На пачатку XXI стагоддзя з'явілася лічбавая фотатэхніка, і працэс атрымання фотаздымка спрасціўся. Існуюць спецыяльныя камп'ютарныя праграмы, што дапамагаюць апрацаваць фота і стварыць выразны, мастацкі партрэт чалавека.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №2 (671) студзень 2018 год; «Краязнаўчая газета» №3 (672) студзень 2018 год;
«Краязнаўчая газета» №4 (673) студзень 2018 год; «Краязнаўчая газета» №5 (674) люты 2018 год;
«Краязнаўчая газета» №6 (675) люты 2018 год; «Краязнаўчая газета» №7 (676) люты 2018 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 47
Гасцей: 47
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.