ПОРАЗАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛАГалоўная »
ПОРАЗАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АРХАНГЕЛА МІХАІЛА размяшчаецца ў цэнтры гарадскога пасёлка Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці, у акружэнні бутавай агароджы з брамай- званіцай. Пабудаваны ў 1825—28 гадах з цэглы і бутавага каменю.
У 1877 годзе гродзенскі губернатар генерал-маёр Зурыеў выдаў дазвол на правядзенне хросных хадоў у межах агароджы касцёла. Пры храме мелася багадзельня. На 1997 год налічвалася каля 2500 парафіян.
Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай і трохвугольным франтонам на фасадзе, завершанымі сігнатуркамі. На фоне паліхромнай бутавай муроўкі сцен вылучаны атынкаваныя і пабеленыя плоскія ліштвы прамавугольных аконных праёмаў, прасценачныя пілястры, трыгліфны фрыз з карнізам на дэнтыкулах, шырокі антаблемент.
Унутры зала перакрыта плоскай драўлянай столлю. Уздоўж заходняй сцяны — балкон хораў. Спрошчаная архітэктура інтэр'ера ўпрыгожана разнымі алтарамі, амбонам, паліхромнай драўлянай скульптурай 18 стагоддзя. У надбрамнай званіцы — звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749 годзе.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|