ВАРОНЕНСКАЯ КАПЛІЦА СВЯТОГА МУЧАНІКА ЮРЫЯГалоўная »
ВАРОНЕНСКАЯ КАПЛІЦА СВЯТОГА МУЧАНІКА ЮРЫЯ размяшчаецца на могілках на паўночнай ускраіне вёскі Варона Астравецкага раёна.
Пабудавана ў другой палавіне 18 ст. з цэглы. З'яўлялася філіяльнай капліцай пры касцёле ў в. Гервяты. Узнікненне папярэдняга невялікага мураванага храма-пахавальні ў старажытным сядзібным парку адносіцца да 17 ст. Паўзруйнавана ў 1943 г., адбудавана ў 2002 г.
Помнік архітэктуры барока. Цэласнасць прамавугольнага ў плане будынка пад высокім двухсхільным дахам парушыла нетрадыцыйная дабудова да тыльнага фасада нізкай квадратнай сакрысціі (канец 19 — пачатак 20 ст.). Плоскасны галоўны фасад завершаны двух'ярусным атыкам, крапаваным лапаткамі і прафіляванымі карнізамі, і фігурным франтонам з вежачкай, сцяна (таўшчыня 1 м) прарэзана нізкім лучковым праёмам увахода. Бакавыя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі і слаёнымі пілястрамі ў прасценках.
У інтэр'еры фрэскавая размалёўка: на бакавых сценах выявы апосталаў, на алтарнай з нішай — выява перспектыўнага алтара з каланадай іанічнага ордэра, антаблементам і конхай, на столі — імітацыя купала. Драўляная агароджа хораў размалявана кесонамі з разеткамі.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|