Пятніца, 26.04.2024, 09:37

ВЯСЕЛЬНЫЯ АБРАДАВЫЯ СТРАВЫ

Галоўная »
ВЯСЕЛЬНЫЯ АБРАДАВЫЯ СТРАВЫ — рытуальныя стравы, якія ўжывалі ў час вяселля, перад выкананнем пэўных абрадаў або пасля іх. Акрамя каравая абавязковымі былі смажаная або вараная курыца, яешня, мёд, сыр і пірог. Курыца, якая сімвалізавала пладавітасць, а раней выступала, відаць, у якасці ахвярапрынашэння, была адным з галоўных кампанентаў вясельных абрадавых страў Пры выпраўленні маладой да маладога ёй давалі смажаную курыцу, якой яна частавалася з маладым пасля першай шлюбнай ночы (маладыя елі яе, раздзіраючы рукамі на кавалкі). Часам бацькі давалі маладой жывую чорную курыцу, якую па прыездзе ў хату маладога яна пускала ў падпечак, а частавалася разам з маладым яго смажанай курыцай.

У паўночна-ўсходніх рэгіёнах абавязкова ўжывалі пірог з начынкай з курынага мяса або пірог, пасярэдзіне якога была курыная галава, зробленая з цеста (такі пірог называўся курнікам). Абавязковымі стравамі былі таксама яешня і сыр — на заручынах імі «заядалі» шлюбны дагавор («Дзеўку заручылі, заелі яешняй і сырам»). На Гродзеншчыне пасля дасягнутага паразумення маладая ўручала маладому сыр-«злюбленік», якім малады частаваў сваю сям'ю. Яешню, мёд і сыр давалі маладым перад першай шлюбнай ноччу або пасля яе (яны павінны былі есці адной лыжкай). На Навагрудчыне маладыя ў клеці з'ядалі толькі хлеб, сыр і мёд, а яешню прысутныя расхоплівалі з патэльні рукамі. Калі маладая была цнатлівай, свякроў частавала яе і ўсё застолле яешняй, упрыгожанай кветкамі з цеста, калі не, на стол падавалі пакалупаную яешню і мёд. Абавязкова кожная са сваёй яешняй на жартоўнае вяселле прыходзілі суседкі (глядзіце Вясельныя гульні).

Сімвалічнае значэнне меў і мёд. Калі апошні раз маладой часалі касу перад шлюбам, а таксама перад завіваннем, грэбень макалі ў мёд. Мацеры маладой і маладога, сустракаючы сваіх дзяцей пасля шлюбу і ў час прыезду маладых у дом да маладой, давалі ім пакаштаваць на лыжцы або на пальцы па крышачцы мёду ці мазалі мёдам вусны. Калі маладая не захавала цнатлівасць да шлюбу, яе бацька павінен быў выдраць свае пчолы і пачаставаць гэтым мёдам сваякоў. Калі ж маладая была цнатлівай, малады ад імя сваёй маці вёз пірог з мёдам і сырам да маці маладой; гарэлку і кашу запраўлялі мёдам і частавалі імі ўсіх гасцей (глядзіце Салодкая гарэлка, Салодкая каша). Маці маладой, сустрэўшы зяця, частавала яго яешняй. Сыр служыў выкупам за маладую, які маці маладога прысылала са сватам дружкам маладой напярэдадні вяселля. Сыр для маладой пасылала і маці з прыданкамі, каб маладая з'ела яго разам з маладым або пасля першай шлюбнай ночы аддала свекрыві. Часам малады вёз цешчы не пірагі з мёдам, а сыр, загорнуты ў ручнік, а ў час падзелу каравая вясельнікам разам з кавалкам каравая давалі таксама па кавалку сыру. Акрамя пералічаных страў абавязковымі на вяселлі былі пірагі, якія раней пяклі з каравайнага цеста, а пазней — са звычайнага і якія суправаджалі выкананне амаль усіх абрадаў. Пасля першага пачастунку ў маладога яго дружкі выводзілі маладых з-за стала і здымалі пакрывала з галавы маладой двума пірагамі. Піражок (шышку) пад пахай насілі малады і маладая, пачынаючы з пасада, з піражкамі яны ехалі ў царкву, да маладога, ішлі ў клець або выходзілі з яе, маладая першы раз з піражком ішла па ваду і г.д.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.